Лісце каштанаў — Частка 4

Мы прабіраліся «ў разведку». Ішлі па дахах, спускаліся пажарнымі лесвіцамі ў вузкія цясніны між глухіх муроў, караскаліся на змарнелыя без сонца каштаны і скакалі з іхніх галін на нейкія дрывотні і пунькі. Краліся вельмі асцярожна, бо гэта ўжо была дзяржава хлопцаў з Падвальнай.

Перад апошняй перабежкай селі крыху адпачыць між кастрамі нейкіх дроў.

— То нашто ўсё ж іх біць? — спытаў я. — Можа, лепей бы з сабою ўзяць?

Хлопцы пераглянуліся. Багдан нават гыгыкнуў.

— Фашысты, — неахвотна сказаў Ролік.

— Ды вы што, хлопцы, падурнелі?

— А вось хадзем, паглядзіш.

Некалькі разоў у жыцці мне даводзілася бачыць расстрэлы. Калі быў сувязным. Розныя, яны былі ў нечым страшэнна падобныя. Я нават ведаў, чым: пачуццём страшнай безнадзейнасці, адчуваннем уласнага бяссілля, калі нянавісць, здаецца, вось-вось задушыць цябе. Крывёю, якой захлынаюцца тыя, моташнасцю і нудотай, якія горка і ядуча падступаюць да тваёй глоткі.

…Вось пад Дубішчам людзі стаяць на самым краі каркаломнага ўрвішча над Дняпром. Зараз грымнуць стрэлы, і нават толькі параненыя будуць шмат разоў грукацца аб выступы стромы і ўпадуць на жвір унізе ўжо мёртвыя.

А вось барак дарожных рабочых-яўрэяў. Нехта зрабіў дыверсію ў пяці кіламетрах адсюль. I, зрываючы злосць, урываюцца на пляцоўку перад баракам матацыклы, і б’е, б’е кулямёт, і людзі падаюць, падаюць…

А вось шэры двор. Тры глухія муры ў выглядзе літары «П», У іх адны дзверы і пара забраных кратамі акон у сутарэнне. Ля дзвярэй пажарная лесвіца. 3 чацвёртага боку двара — узгорак, зарослы акацыяй, глогам і бур’яном.

Такі сабе змрочны, моцна затравелы двор. Толькі каля аднаго мура невялікі кавалак асфальту з канаўкай (відаць, зрабілі калісьці, каб вада з даўно неіснуючай рыны не плыла ў падвальныя вокны). I на гэтым лапіку стаіць чалавек, дзяўчынка-падлетак. А ў некалькіх кроках ад яе — чацвёра невысокіх чалавекаў са стрэльбамі ў руках.

— Імем закона, — далятаюць да мяне словы, — прысуджаецца… за злачынныя…

У мяне пачынаюць гарэць шчокі. У вочы нібы пяску нехта насыпаў. Я столькі разоў бачыў такое, стоячы ў натоўпе, які сагналі на месца страты, або, калі спазніўся, седзячы ў кустах, без сілы, а галоўнае без права дапамагчы.

Тая, каго расстрэльваюць, дастае нешта з кішэнькі дарослай кофты і пачынае есці.

— Хопіць табе жэрці, швайн, — крычыць бялявы — галава канвою.

— Я хлеб з маргарынам, — адказвае з-пад мура галасок.

— А, ферфлюхунг! Ферфлюхтэ ўкраінішэ швайнэ! Да мура!

Дзяўчо пакорліва паварочваецца абліччам да мура. Канвой бярэ карабіны на руку і падраўноўвае штыхі. Усё як трэба. Усё, як належыць рабіць такое ў жыцці.

— Аддзяленне-е!..

Кулакі мае сціскаюцца… Я ўжо не магу, не магу яшчэ раз бачыць гэта…

…I тут на маё плячо кладзецца рука.

— Бачыў? — пытае Ролік. — Вось гэта ў іх заўсёды падобныя гульні. На свае вочы, відаць, такога не бачылі. Каб у жыцці. Смажаны певень іх яшчэ ў азадак не дзюбнуў… М-мамчы-ны сынкі.

«Начальнік канвою» не паспеў апусціць руку. Праз зарасці, праз бур’ян з крыкам «ур-ра-а!» пасыпалі на месца пакарання падлеткі. Чалавек восем. Наперадзе бег гнуткі невысокі хлопец. з шалёнымі вачамі і рудаватым чубам.

— Гнат, — з нянавісцю сказаў Жэнька, — дрэнь паскудная! Гніляк!

— Каб жа яшчэ толькі дрэнь, — сказаў Ролік. — Шкодная дрэнь. Дрэнь, якую хлебам не кармі, а дай іншага ў паняверцы патрымаць.

На пляцоўцы двара кіпела бойка. Мы ляжалі на даху дрывотні і назіралі. Біліся і тыя, і іншыя някепска, але неяк занадта ўжо… ну, па правілах, ці што. Занадта па-гарадскому. Хай сабе б’юцца.

Не біўся толькі адзін дужа высокі хлапчына. Белы бландзін з правільнымі, крыху, можа, занадта суровымі рысамі аблічча. Як убачыў, што робіцца ў двары — так і адышоў, сеў на нейкую скрынку, глядзеў.

Урэшце супраціўленне «карнікаў» было зломлена, і яны кінуліся ўцякаць. Два «інсургенты» кінуліся за імі ў пагоню. На пляцоўцы засталіся Гнат, чацвёра яго ваякаў, бялявы хлопец і дзяўчынка.

Расхрыстаны Гнат, відаць, ашалеў ад бойкі. Вочы блішчалі, твар быў узнёсла-радасны, трохі шалёны:

— Мы цябе адбілі, Лізка. Але не думай, што дзеля тваіх гожых вачэй. Па дадзеных нашай разведкі ты пайшла на чорную здраду, выдала нашы планы і намеры ворагу. Мы адбілі цябе, каб судзіць нашым судом, нашым трыбуналам. Смерць здраднікам.

Ён, відаць, яшчэ не астыў пасля бойкі; шал усё яшчэ жыў у яго вачах. Дзе там было нешта меркаваць, узважваць, стрымлівацца.

— Смерць!

I ён рэзка штурхнуў дзяўчынку прыкладам «карабіна» між худзенькіх лапатак. Тая ўсё яшчэ трымала ў руцэ хлеб, і ад штуршка хлеб гэты выпаў. Упаў на зямлю. Па закону паскудстваў прыроды, ясна ж, маргарынам уніз.

I тут дзяўчо заплакала. Бязгучна. Толькі трэсліся худзенькія лапаткі. А я глядзеў на гэта і не разумеў, што я ўжо стаю на поўны рост.

— Не чапай, — шапянуў Жэнька.- Пасля. Іх замнога.

— Нічога не замнога,- кінуў Ролік.- Ты што ж, кожны раз вось так будзеш?

Мы скочылі з даху дрывотні. Затрашчаў пад нашымі нагамі бур’ян. Мы бачылі, што ў іх «карабіны», якія хаця і не страляюць, але б’юць някепска… па галаве, але мы не зважалі на гэта.

Вярталася пагоня — нам і на гэта было напляваць. Уся нянавісць, якую мы гадамі запасілі і таілі ў сэрцы — уся яна нібы адразу выплюхнулася ў прыпадку шалёнага гневу супраць гэтых… што гуляюць у гульні, якіх не павінен дазваляць сабе нават дзесяцігадовы мужчына, калі ён прадчувае ў сабе чалавека. Ужо не кажучы пра пятнаццацігадовых.

Мы былі здатныя на ўсё, і яны, відаць, зразумелі гэта. Калі вораг здатны на ўсё — аж да зубоў, — мужнасць можа падупасці нават у самага загартаванага. Што ўжо казаць пра гэтых?!

Толькі непакой і няўпэўненасць у іхніх вачах крыху ўраўнавалі нашы сілы: чатырох супраць сямёх (бялявы хлопец па-ранейшаму стаяў убаку).

Мы ўдзерліся ў іхні «строй» зусім бяспамятныя, ашалелыя ад ярасці. Амаль адразу я атрымаў касы ўдар карабінам па галаве. Усё паплыло ў маіх вачах, але я паспеў выдраць гэтую «зброю» з рук праціўніка і аперазаць яго па спіне. Пасля — другога, пасля — зноў першага, які на гэты раз зваліўся. Праз чырвоны туман, што засцілаў вочы, я ўбачыў, як Ролік б’ецца з трыма, кінуўся яму на дапамогу, зваліў цераз калена аднаго з ворагаў, навесіў другому. Не ведаю, як іншыя, але я не адчуваў удараў, якія падалі на мяне. Я ператварыўся ў машыыу, якая малоціць.

I ўсё ж нам давялося б дрэнна. Я ўбачыў, што Жэнька ўжо ляжыць, трымаючыся за нос, што Ролік, на якога зноў населі тры ворагі, знемагае, што Гнат ірвецца да яго, махаючы доўбняй карабіна.

Нам давялося б дрэнна, каб не раптоўная дапамога. Бялявы раптам устаў, крэкнуў і, плюнуўшы ў далонь, кінуўся ў самую гушчу бойкі.

Прарваўся да Гната, захапіў ззаду ў лакцявы сугіб ягоную шыю, ірвануў назад, выдзер з рук карабін. У наступны момант — мы ахнуць не паспелі — бялявы ўпаў на спіну, а Гнат узляцеў, перакуліўся ў паветры і цяжка, як мех, гэкнуўся аб зямлю. Але яшчэ раней чым ён упаў, нечаканы саюзнік быў на нагах і рассыпаў удары так, што за ім цяжка было сачыць. Не ведаю як хто, але я ажыў душой. Думаю, што і астатнія таксама. Таму што праз пару хвілін мы ўжо, цюгакаючы, гналі ворага праз бур’ян і хмызы, душачы ў зародышы ўсе спробы супраціўлення.

Бялявы бег за Гнатам і часам паддаваў яму хуткасці спрытным, усёй падэшвай, выспяткам у мяккае месца.

— Цю-га! Цю-га!

— Расстрэл, бачыце? Дзяўчат, бачыце? На табе!

Поле бою засталося за намі. Вораг спыніўся здалёк, на ўзгорку, і адтуль сыпаў бяссілымі пагрозамі, нібы дзяўкаў. Мы вярнуліся на пляцоўку двара. Стаялі і разглядалі бялявага. Вельмі насцярожана. Дый ён, па ўсім відаць, нічога добрага не чакаў. Законы вулічнай варожасці былі несумесныя са здаровым сэнсам.

Агрэсіўны Багдан нават узняў руку, намерваючыся «прыварыць», але бялявы перахапіў яе і сціснуў запясце:

— Н-ну.

— Кінь яго, — сказаў Ролік. — Ты з Падвальнай?

— Угу.

Зноў нядобрая дуэль вачэй. Неасцярожнае слова і…

Лізка падышла да незнаёмага і стала побач з ім. Яна ўжо не плакала, а толькі перарывіста ўздыхала. Як дзеці пасля слёз. I, дзіўна, гэты яе ўчынак і ўспамін пра бутэрброд з маргарынам нібы прыглушылі варожасць.

— То чаго тады за іх біцца не стаў? — спытаў я.

— Абрыдла. Гуляць мне з імі не выпадае. Як з маленькімі. Ну і гульні іхнія. Крыві не бачылі… I Лізку пакрыўдзілі… Не плач, ну, не плач, дурнічка.

— А яшчэ?

— А яшчэ па-нямецку брыду розную гавораць. Каб жа хаця ўмелі.

— Цябе зваць як? — спытаў Ролік.

— Карл Канецкі.

— Карло? — на ўкраінскі манер спытаў Раланд.

— Кaраль? — спытаў я.

— Не, Карл. Маці звала Карлхен.

— Ты што?

— Ну, — сцвярджальна сказаў Карл. — А чаму ж я супраць брыды па-нямецку? Я — немец.

Мяне — і, думаю, не толькі мяне — аж скаланула. Першы знайшоўся Ролік:

— Ф’ю-у. Брэшаш. Адкуль прозвішча такое, Канецкі? Немец мне, таксама яшчэ. Фарсіш? Непадобным быць хочаш?

— Гэтая непадобнасць можа задорага абысціся, каб ёю фарсіць. А прозвішча… ёсць і ў немцаў такія прозвішчы: Канецкі, Ранцоў, Бюлоў. Немец. Так.

Навісла цяжкае маўчанне. I тут Ролік зрабіў тое, на што, прынамсі на вачах у старонніх, наўрад ці наважыўся б нехта з нас. Ён зрабіў крок наперад і працягнуў руку.

— Ну што ж, за гэта цябе только паважаць можна. Лапу.

I гэтым звычайным жэстам ён не толькі замацаваў сваё права быць галоўным, але і канчаткова прымусіў нас усіх паважаць сябе.

Яндекс.Метрика