Лісце каштанаў — Частка 9

3 часу той размовы на даху мы не звярталі ніякай увагі на Нонку. Помсцілі пагардай. Ведаю, што гэта было непрыгожа пасля агульнага абажання, было нават проста жорстка, але што нам заставалася рабіць? Сама вінаватая. Не вадзі людзей за нос.

Затое высунулася на першы план наша «бедная Ліза». Наша ранейшая папялушка. Невялікага расточку — відаць, ад сістэматычнага трохгадовага недаядання, — страшэнна худзенькая. Няма на што глядзець, верабей, дый толькі. Але кожнаму, хто глядзеў на яе мяккія, крыху павольныя рухі, на зусім неўласцівую падлеткам грацыю хады, на залацістыя валасы і глыбокія, дабрэнныя сінія вочы — кожнаму рабілася неяк лягчэй на сэрцы, што вось ёсць жа на свеце гэткія рахманасць і добрасардэчнасць.

Спагадлівая яна была да святасці, наіўная і легкаверная да таго, што не карысталіся гэтым дурні ды сумленныя. I яна нібы зусім не звяртала ўвагі, калі даводзілася кепска ёй, але не магла без глыбокай крыўды, агіды, часам нават гневу глядзець на тое, як мучаць несправядлівасцю ці жорсткасцю іншых. Усё адно, хто б гэты іншы ні быў: чалавек або верабей…

— Падзвіжніца расце, — сказала аднойчы пра яе мая цётка, — на ўсё жыццё выйгрыш для нейкага шчаслівага чалавека. Ды толькі няшчасны лёс у яе будзе. Ужо зараз яго рыхтуе. Вам жа зусім іншыя патрэбны. Каб пасадзіць на прыпечак і ў спіну цалаваць.

Аднойчы мы ўбачылі, як вялікі падлетак трымае на вяровачцы звязанага за заднія лапы крата. Ён нібы «адпускаў» звярка — і той за лічаныя імгненні зарываўся ў зямлю, — а пасля выцягваў яго за вяровачку.

— Куд-ды, эсэсаўская твая морда! Хоць у зямлю зарыйся — і адтуль дастанем.

I зноў адпускаў і выцягваў. I зноў.

Я глянуў на Лізку і ўбачыў, што ў яе гаротна дрыжаць бровы. Дагэтуль я, хаця мне й было брыдка, не збіраўся ўмешвацца. Падумаеш, крот?! Тут людзей колькі пабілі-паразвешвалі. Але ў такія хвіліны нельга было глядзець на малое дзяўчо без пачуцця самага вострага жалю.

— Кінь крата.

— А табе якая сабачая справа? — Хлопец быў вялікі і дужы, але ён нічога не ведаў пра мой вопыт, здабыты ў партызанстве і беспрытульніцтве. — Ты валі адсюль, рыжы, пакуль порткі…

Я быў бялявы з залацінкай, а зусім не рыжы і таму развярнуўся і ўрэзаў яму так, што ён знік, толькі пяты стырчалі з-за бервяна.

Лізка паспела перахапіць шпагат і ўзяла звярка ў руку, пачала вызваляць яму заднія лапкі. А я ж ведаў, як яна панічна баіцца ўсіх цёмных, незразумелых істот: тараканаў, кажаноў, мядзведак, тых жа кратоў.

Яна дрыжала ад агіды і ўсё ж разблытвала:

— Бо ён жа не здолее развязаць і здохне там. Пад зямлёй.

Урэшце, яна пусціла чорны камячок, і той, паляжаўшы хвіліну і, урэшце, паверыўшы, бліскавічна закапаўся ў зямлю.

— Ну што, — сказаў я хлопцу, — досыць ці яшчэ хочаш?

— Кінь яго, — раптам сказала Лізка, — дурань ён проста. Ну вось бачыш, не пусціў ты яго, калі па-чалавечы прасілі, — ну і спаймаў па пысе. Няхораша ты рабіў таму што. Сам як фашыст. Яны ў Палессі ўсю сям’ю маёй цёткі дротам тоўстым прывязалі да прызбы, а хату падпалілі. За партызанаў. А дроту дзесяць метраў. I хата ўсё мацней гарыць… Гэх ты, свіння…

Хлопец нічога не сказаў, нават не варухнуўся, калі мы пайшлі прэч. Глядзеў у зямлю.

…I вось цяпер мы ўсе хадзілі з Лізкай, нібы наперабой выкупляючы нашу ранейшую няўважлівасць. I весялілі яе, і жартавалі, і здатныя былі каму хочаш выбіць за яе зубы. Аб іншых метадах заляцання да дзяўчат мы мелі паняцце самае павярхоўнае.

Я, шчыра кажучы, здзіўляўся, чаму ніхто не закахаецца ў яе. Я асабіста абавязкова закахаўся б, калі б не Нонка.

I малая наша цвіла. Нібы з шэрай кукалкі вылез і пачаў пакрысе распраўляць змятыя яшчэ крылы вясёлкавы матыль. Яна пачала нават смяяцца, неяк яшчэ няўпэўнена, і шчокі яе пры гэтым злёгку ружавелі, і мы ўбачылі, якія ў яе прыгожыя белыя зубкі. Толькі ўсмешка яе, збольшага, усё яшчэ была вінаватая. Ёй было дужа мала трэба. У адказ на такую звычайную штодзённую рэч, як добрыя адносіны, яна плаціла такой сабачай адданасцю ўсім, што нам было няёмка. I асабліва не сыходзіла з яе языка імя Раланда:

— Ролік сказаў… Ролік зрабіў… А Ролік думае пра гэта так.

Нам добра было хадзіць з ёю, сядзець на камянях і боўтаць нагамі ў Дняпровай вадзе, лавіць рыбу і, загарнуўшы яе ў некалькі слаёў газеты, пячы, закапаўшы ў жар. Верхнія слаі газеты згаралі, а да ніжніх не даходзіла ні паветра, ні агонь. I мы раскручвалі празрыстую ад тлушчу паперу і елі рыбу гарачай, густа яе пасаліўшы. Падпечаную, чырвоную, храбусткую. I, вядома, лепшыя кавалкі аддавалі Лізцы. Мы ўсе былі худыя і жылаватыя, як харты, хоць ты хрыбет праз жывот абмацвай, але яна была худзейшая за ўсіх, ды яшчэ і слабенькая. Ёй трэба было куды болей есці.

Малады голад вечна пакусваў нас вострымі зубамі, часам грыз. Ежы патрабавалі нашы мускулы, нервы, мозг, тое, што мы — будучыя мужчыны. I таму мы почасту елі ўсялякую дрэнь: лопух, гарчычкі, сцябліны травы — маркоўніка. I нічога з намі па гэтай прычыне не здаралася.

Божа мой, каб мне зараз такі воўчы голад! Гэта было б шчасце.

…У адзін з дужа празрыстых, крыштальных дзён позняга лета — ці можа ранняй восені? — мы і займаліся тым, што смажылі прынесеную рыбу ў заглухлым садзе ля закінутага велатрэка. Збуцвелыя лавы і сухія галіны былі добрым палівам; галіны дрэў заглядалі ў доўгае блюда з асфальтавымі краямі і дном, што парасло пустазеллем і хмызамі, заглядалі і зрэдку ранялі ў яго першыя жоўтыя лісты. Асфальт увесь пайшоў расколінамі, праз якія выбіваліся таполевыя віцы, і шышкамі, пад якімі да часу хаваліся шампіньёны; там-сям шышка ішла трэшчынамі, развальвалася, і грыб вылазіў на святло. Паўсюль было ўвяданне і запусценне, і паўсюль, аднак, буяла і лезла на свабоду прыгнечанае, але бязмерна-моцнае, упартае жыццё.

— Калі ўцякаць, то зараз, — раптам сказаў Ролік. — Пасля будзе позна. Восень не сёння-заўтра, халады.

— Рацыя, — падхапіў Навум. — А то мы гэтых гадаў не дагонім.

— Чаго чакаць? — сказаў разважліва Багдан. — Бульбу выкапалі, бацькам на гародах падмогі не трэба. I, аднак, не паўсюль жа выкапалі. Будзе прыкормак нейкі. Сёння на адным полі, заўтра на іншым. Ні калгас, ні гаспадар ад якіхсьці там пары карчоў не збяднеюць.

— Паслязаўтра давайце, чаго ката за хвост цягнуць? — гэта нецярплівы Жэнька ўставіў свае тры грошы. — Заўтра Ролік вось у «слупы» па зброю завядзе, пашукаем. А паслязаўтра — ф’юць…

— Мы яе за адзін дзень, можа, і не знойдзем многа. Ну, ясна, мой патаемнік. Але там мала. Давядзецца шукаць яшчэ. — Ролік задумаўся на хвіліну і рашуча ляснуў сябе па каленях. — А чорты б з імы! Вырашана. Паслязаўтра ці, крайні тэрмін, праз два дні.

I тут мы здзівіліся. Таму што на купе бітай цэглы з’явілася, як чорт з табакеркі, Нонка, якая цягнула за руку Карла.

— Прывітаннечка, змоўнічкі. Бач, сядзяць, нібы кашы аб’еліся. Пышныя гэткія! А сяброў, значыцца, забылі? Кінуць вырашылі?

Я ўбачыў, як у Роліка на імгненне з’явіўся ў вачах бляск. Пасля ён адвярнуў галаву.

— Вы чаго тут?

— Кінь, — умольна сказала Ліза, — яны ж таксама шмат зрабілі. Не крыўдзі іх.

— «Рыбка золотая над подводным гаем», — пацягнула паветра носам Нонка. — Сядзяць, як нейкія ідалы турэцкія. Нума, Карло, лізь та даставай.

I сама выхапіла ў яго з-за пазухі бутэльку.

— Гэта чаго? — варожа і непаразумела спытаў Раланд.

— Наліўка вішнёвая. Сама яшчэ тады зрабіла, летам. Думала, перад дарогай, на шчасце. Вы ўсё ж хаця і шкодныя, і злосныя, і высакародства ў вас, прабачце, ніякага, хаця і кепскаватыя, а ўсё ж мужыкамі лічыцеся… будучымі. Што ж, давайце, піндзюры, так зробім: распіваем адвальную, а тады гаршчок аб гаршчок і… вы сваёй дарогай, Карл сваёй, а я — сваёй. Нічога, дарог шмат, кудысьці ды прыйдзем, а рукі паўсюль спатрэбяцца.

Карл зірнуў на яе. Нонка стаяла, прыхіліўшыся спінаю да ствала дзікай вішні, незалежна скрыжаваўшы падрапаныя ногі. Карл уздыхнуў, пайшоў да Раланда і працягнуў яму руку.

— Гэта яшчэ чаго? — Ролік глядзеў на яго сурова, спадылба.

— Мір, — проста сказаў Карл. — Мір, бо яна сказала, што дурні тыя, хто сварыцца. Мы з табой дурні… Бо яна…

— Гаваркія вы, мужыкі. Красамоўны вы народ, арлы вы нашы. Проста… як варэнікі. Глядзець люба, асабліва на Карла з Раландам. Усё дабіваліся: скажы ды скажы. I прыгожа так гаварылі: «3 кім дружыць хочаш?..» А я, калі хочаце ведаць, ні з кім з вас дружыць не хачу. Я з іншым дружыць хачу.

Усе сядзелі прыгаломшаныя.

— Ну, то што? Цяпер мір? Няма чаго вам адно на аднаго гыркаць. Мір? Падайце рукі адзін другому.

У Лізкі вочы былі на мокрым месцы. Цяпер — ад радасці.

— Раландзік, даражэнькі, ты ж добры. Кінь злавацца. Карлуша, ты ж такі — ну, самы найлепшы. Ну, няма ж прычыны. Ну, даруйце кожны другому. Ну, рукі… рукі. — Вочы яе малілі.

— Па-мойму, дык нават… дзеля карысці справы, — буркнуў Багдан.

Лізка кінулася Роліку на шыю. I тут я ўбачыў, што Фінеес часта-часта заміргаў.

— Мірыцеся, басякі, — сказаў ён дзіўным, такога я не чуў ад яго, глухім голасам. — Мірыцеся. Ну, падумаеш, ну, усім кепска. Каму, пытаюся я, на гэтай круглай зямлі добра? — I выбухнуў: — Падайце рукі, сволачы! Хаця б дзеля мужычай дружбы, залатаротцы вы.

Яму было нявесела: краёчак рота ўздрыгваў. Мне таксама было пагана.

— Ну, рукі. Усе — рукі, — сказаў я.

Рукі нашы сустрэліся.

— Ну вось, — сказала Нонка. — I каб ніколі не сварыцца.

Раланд разгроб жар і выкаціў адтуль абвугленыя скруткі. Зняў, здзьмухнуў спачатку голы чорны попел, потым чорную ломкую паперу. Потым карычневую. Потым разгарнуў белую.

Рыбы ляжалі там, нібы ў гняздзе, усе залітыя ўласным тлушчам, бронзава-чырвоныя, ільсняна-белыя на зломе. Парылі. Курэлі.

— Ешце, — сказаў Дзмітрэнка. — Карл. Нонка.

— Не лавіў, то чаго я есці буду? Не заслужыў.

— А ты горды, Карл. Гэта добра, што ты горды. — I вызверыўся: — Еш, тварына басурманская ты, а то так адпрасую, што…

Пасля гэтага выбуху яму палегчала. Расплюхаў гнеў. Карл усміхнуўся і ўзяў рыбіну. Бутэльку пусцілі па крузе. Кожны рабіў глыток з рыльца, і хутка ўсім стала весела, захацелася смяяцца і быць добрым да ўсіх. Мы ўпершыню пілі нешта мацнейшае за ваду. I ўсе вакол былі дужа смешныя і родныя.

— Што ж вы, хлопцы, мяне не пытаеце… а з кім я дружыць хачу? — сціснутьм нейкім голасам спытала Нонка. I раптам развесялілася. — Ну, хто ён, той… які…

— Хто? — з поўным ротам спытаў Багдан.

— Ды вы яго добра ведаеце. Ён мяне кахае.

— Дык хто? — з холадам у душы спытаў я.

— Хто? — Мне здалося, што яе вочы зусім не такія вясёлыя, што яны не смяюцца, што яны хутчэй… I калі гэта называецца смехам, то што тады такое плач? — Ды ты. Ты, дурань мой гаротны, небарака мой. Ты.

Здаецца, я страціў прытомнасць. Ад слова — першы і апошні раз у жыцці. Пасля я адчуў, што мяне трымаюць за плечы, што нехта торкае мне ў зубы рыльца… Калі я ўзняў веі, вочы мае сустрэліся з яе вачамі. Позірк гэтых вачэй быў насцярожаны, уважлівы і, нечакана, вельмі сур’ёзны. Глыбокі, дапытлівы, нібы яна ўпершыню бачыла мяне.

— Гэх ты, баба, — сказаў Багдан.

За глыбінёю, за шкадаваннем і дапытлівасцю я падсвядома адчуваў у гэтых вачах боль. Але нават каб гэтыя вочы адкрыта хлусілі — я б паверыў. Мне так хацелася верыць! А яна скаланула галавой, кінулася да агню і засакатала, як заўсёды:

— Ён мне сказаў пра гэта, — рука яе лягла на маю. — I, дурнік такі, не зразумеў, што я ж яму адказала, што я радуюся. Не магла ж я так проста адказаць: «Давай…» Ну, я і маўчала, думала і вось… Таму і вам не хацела нічога казаць. Усё думала, ён абдумаецца, яшчэ раз скажа. А ён, дурны, маўчыць, паверыў. Такі дурашны. Сам разумны, а галава дурна-ая.

Карл і Раланд пераглянуліся. Пасля Карл зарагатаў. Ролік глядзеў на яго непаразумела, нібы не верачы, і раптам прыяднаўся да сябра:

— Ну, гер Канецкі, — ён рагатаў да слёз. — Ну й доўбні.

— Ну, давай лапу, ці што… Ухажор… Аўтух з Чокалаўкі.

— Дый ты…

Але я не думаю, каб у гэтым нястрымным смеху не было ноткі горычы, і прыкрасці, і лёгкай пагарды да сябе.

А яе рука бязвольна ляжала ў маёй, як нежывая, і вочы былі па-ранейшаму не тое што халаднаватыя, а адлучаныя, і толькі калі яна пераводзіла іх на Карла ці на Раланда — ледзь бачна ўздрыгвалі веі. Але гэтага ніхто не мог бачыць, акрамя мяне. Яны не мелі майго зроку, абвостранага несамавітай любоўю і нясцерпньм болем.

Я нібы адразу пасталеў, нібы ў адну хвіліну стаў дарослым. I я зразумеў усё да самага дна ў гэтай дзяўчыне. Я зразумеў: адным ударам яна памірыла ворагаў, аднавіла кампанію і сваё месца ў ёй, месца нашай атаманшы і каралевы, уваскрасіла план, якім мы жылі, ды яшчэ адначасна, за адньм разам, ашчаслівіла мяне, здаровага боўдзілу, даўгалыгага дурнога дылду. Яно ўмела разлічваць, гэтае дзяўчо, і яно выбрала аптымальны варыянт, пакінуўшы дрэннае толькі адной сабе.

I хаця я ўсё гэта зразумеў і пагарджаў сабою і ёй — я ў глыбіні душы сапраўды быў шчаслівы і нават заспакоены. Гэткая жывёла!

…Абмеркавалі план заўтрашняга паходу. I таму, што ўрэшце рашыліся — неяк пуставата і трывожна было на душы. Нібы смактала нешта. Збіраліся было ўжо і разыходзіцца, але тут здарылася прыкрая, брыдкая гісторыя, якая канчаткова сапсула гэтую нашу апошнюю «мірную» бяседу.

Вогнішча дагарала ў сутонні. Цягнуўся над закінутым, нікому не патрэбным велатрэкам шызы дым. Вечарніца загарэлася, пачала пералівацца над спаленым кутнім домам.

— Старажытныя лічылі, што гэта не адна зорка, а дзве, — сказаў, як заўсёды не да месца, інтэлігентны Жэнька. — Тая, што раніцай, — гэта Венера, ранішняя зорка, а гэта вось там, — гэта Веспер.

— Ой, — сказаў Раланд, — адкасніся ты, Яўген, са сваім Весперам. Тут іншае мучыць.

Цёмныя вочы ягоныя ад пашыраных зрэнак яшчэ больш пацямнелі. Хмурыя, нейкія пакутліва-нядобрыя і… вінаватыя.

— Вельмі я вам непрыемную рэч сказаць хачу. Прабачце, хлопцы, але сказаць лепей зараз. I ты прабач, Ліза, даражэнькая…

— Што такое? — з яе твару збегла фарба.

Ролік, хаваючы вочы, сказаў. Не ёй, а нам.

— Лізу не трэба браць, хлопцы. Нельга.

— Гэ-та ча-му? — спытала яна, яшчэ не верачы.

— Думаеш, мне прыемна? Дорага б я даў, каб не казаць гэтага.

Ён падсеў да яе і абняў за плечы.

— Ты сама падумай, сама зразумей, і тады ты сама скажаш, што я маю рацыю. Ты слабенькая, ты не вытрымаеш. Згаладнела за ўсе гэтыя гады. Унь да Пячэрска з намі дайсці — і то табе цяжка даецца. А там жа горы, пераходы часам і не па сцежцы, са зброяй. Ну, добра, мы тваю панясём. А раптам нехта пакоціцца і табе трэба будзе руку падаць? Ты ж не ўтрымаеш? Пасля замучыш сябе да смерці.

— У-утрымаю, — раптам зноў ціха заплакала яна.

— Ну-ну, не плач, — грубавата сказаў Багдан.

— Не, не, скажыце, што вы гэта пажартавалі.

Яна нібыта яшчэ не да канца разумела ўсю глыбіню свайго чорнага няшчасця, сваёй адрынутасці. Сядзела ля Раланда і заглядала ў вочы.

— Я з вамі хачу. 3 табой. Чаму? Ролік, чаму-у?!

— Дурнічка, — сказаў ён, — мы ж цябе шкадуем.

— Я не хачу, каб шкада… — хліпала яна. — Я з табой. Цябе там забіць могуць, а я… Хлопцы, чым жа я вінаватая?

— Раланд, — сказаў раптам Жэнька, і я ўпершыню ўбачыў, што ягоны прыгожы, проста хоць у кіно, твар можа быць цвёрдым і злым, — гэта жорстка. Што ты робіш? Ды мы, у выпадку чаго, можам яе і пакінуць у лагеры, які там сабе зробім. Хай гаспадыняй будзе, га?.. Раланд, га, Раланд?

— Яна пасля сама зразумее, — сказаў Дзмітрэнка.

I тут Лізка мяне здзівіла. Я глянуў на яе і ўбачыў, што яна не плача, што вочы адчужаныя і суровыя, а ля краёчка гожага маленькага рота — цвёрдая горкая складка, як у дарослай. I загаварыла яна пасля як дарослая:

— Ясна. Жыццё пад германамі не шкадавала. Вайна — не шкадавала. Можа, горш за ўсіх вас мне давялося. I я ж яшчэ ў гэтым вінаватая, што вы мяне адпіхаеце, — пальцы яе камячылі ражкі хусткі. — Справядлівасць ваша. Не лепшыя вы за тых. Толькі што словам б’еце. А мне лепей бы прыкладам, не так балюча. Бо я вам адным верыла, адных вас любіла. Няхай. Вайна дабівала — не дабіла, а вы сваёй справядлівасцю дабілі, дапамаглі… А я з вамі, з табой, Ролік, ішла б… Ты не думай, я слабая, а двухжыльная. Ну што ж, дзякуй і на тым, што жартавалі, гулялі, як з малым сабачкам. Тады ўжо, відаць, рыхтаваліся кінуць. Іначай чаго б так добра… да мяне.

Устала. I тут нечакана ўзняўся і Навум. Падышоў да яе. Вусны яго неяк дзіўна ўздрыгвалі.

— Ну, бывай, Ліз… Я… я асабіста цябе ўзяў бы. I не чхнуў бы, і аб тым, што можа быць, не думаў бы. Ды тут пачынаецца тое, што ён… камандзір.

— Ненавіджу яго, — з сухімі вачамі сказала малая.

— Не трэба. Але я цябе ўзяў бы, Ліз. Дальбог бы ўзяў. Бывай.

Узяў у далоні яе галаву.

— Навуме, чаму я заўсёды такая няшчасная? Чаму ўсё заўсёды на мяне? Чаму варта мне кагосьці добрым палічыць, і ён мне адразу — вораг? — яна пытала гэта шэптам, так, што чуў, бадай што, ці не адзін я.

— Я — не вораг. Бывай.

I ён… пацалаваў яе. Гэта было так непадобна на яго, што я не паверыў вачам. А яна нечакана зноў заплакала. Можа, ад пяшчоты — дзяўчат і жанчын увогуле ніколі нельга гладзіць па галаве ў падобных абставінах, заплачуць горш, — а можа, таму, што зразумела нешта?

I так, плачучы, яна пайшла. I такога гаротнага плачу мне, дзякуй богу, не давялося пачуць яшчэ раз у маім жыцці.

…Мы маўчалі. Толькі Фінеес падышоў да вогнішча і кінуў у яго некалькі галін. Ускінулася польмя. Барва і чорныя цені заскакалі па твары, зрабілі Навумаў твар яшчэ больш суровым.

— Ты з заўтрашняга дня наш камандзір? — спытаў Навум.

— Ну, — Раланд высакамерна (і гэта была хлусня) глядзеў убок.

— Тады — свіння, свіння і яшчэ раз свіння. Ты што ж, не бачыш?

— Ну, — суха сказаў Дзмітрэнка.

— А я занадта добра бачу. I подаўна. Таму што ў мяне вочы такія: бачаць, калі другому кепска, калі ў іншага душа мучыцца. I яшчэ таму бачу…

— Ну, і яшчэ чаму?

— I яшчэ таму, што… Таму што… А-а, — Навум махнуў рукою, вусны ягоныя скрывіліся. — Ні вам, ні ёй гэта няважна. Важліва іншае. Свінні вы, шкадавання ў вас да гэтай маленькай няма. Да маленькіх, да страшэнна пакрыўджаных. А яна большая за вас. Так пакрыўдзіць яе, свінні. Яе! А я…

— Мае рацыю, — сказаў Карл. — Каб мы з гэтага дня не камрады — я б вам морду набіў. — I дадаў пасля паўзы: — Ты прабач мне, Навуме. За ўсё і ўсіх.

— Ты прабач.

Мне здалося, што ў абодвух неяк нязвыкла блішчаць вочы, і я адвярнуўся. Я тады не любіў сцэн, падобных на гэтую. А можа, рабіў выгляд, што не люблю.

Нончыны пальцы ляглі на маё перадплечча. Я здзіўлена зірнуў на яе і ўбачыў, што яна глядзіць на Раланда амаль з нянавісцю. Дорага б я даў, каб даведацца аб сапраўднай прычыне гэтай нянавісці.

— Быдла ты, — сказала Нонка. — Ну і хай з раніцы камандаваць пачынае. А сёння мы самі сабе атаманы. Хадзем адсюль, Васілько. Хадзем адсюль, мілы.

«Як пашалелі яны ўсе, — падумаў я, — хто з-за сукенак, хто з-за портак. Проста масавае вар’яцтва нейкае».

Мы пайшлі ад агню ў ноч.

Яндекс.Метрика