Маці ўрагану — Карціна трэцяя

Тое самае падвор’е, што і ў першай карціне. Толькі агні ў хаце згаслі. На ганку стаіць Агна Вецер. Здалёк далятае і сціхае ля брамы конскі тупат. Пасля з’яўляецца з цемры, асабліва густой перад світаннем, Васіль Вецер.

Агна. Было?

Вецер. Было.

Агна. Ненавідзіш мяне?

Вецер. (спакойна) Ужо не.

Агна. Чаму?

Вецер. Разумею цябе. Гэта сапраўды жахліва, калі маці Ветру, а сын у яе не Вецер, а такі вось баязлівы вусень. I кожны мае права плюнуць…

Агна. Не, не зразумеў ты мяне. Не баязлівы — ты знайшоў бы ўрэшце сілы. Але нас давялі да краю, нас загналі ў норы. I калі ўжо лепшыя паўстаюць за свой аб’яўлены пракажоным народ…

Вецер. Ну.

Агна. То нельга, каб чалавек, які носіць прозвішча Вецер, не быў лепшы з лепшых. Мы для гэтага зашмат пакутавалі. Мы пакутамі купілі права на гэта. I калі іншыя ў бунце могуць быць проста ветрам, то шэлег табе цана, Вецер, калі ты не будзеш ураганам.

Вецер. Я і гэта разумею. Цяпер муру паміж мною і ворагам няма. Але ёсць мур паміж мною і табой. Учора я абдымаў цябе ў апошні раз. I не ведаў… Але пра гэта хопіць. Ты толькі помні, што яны паплоцяцца і за цябе, а ты заўсёды будзеш са мной. I вось што… скажы пра ўсё жонцы. Мне цяжка будзе растлумачыць Надзеі ўсё. Я лягу тут.

Агна. Дурны ты. Добра. Падумай яшчэ.

Павярнулася і пайшла ў хату. Вецер сцеле пад дубам плашч. Пайшоў у хату і ўзяў з падвокання пляшку. Вяртаючыся, запнуўся аб Лаўрэна, які спіць пад прызбай. Той узвыў праз сон:

Як якому смаркачу —
Я й за грошы не хачу.
Як якому блазну —
Па зубах я бразну.

Замармытаў і сціхнуў. Вецер сядае на плашч. П’е.

Вецер. Зоры… Як бы гэта сказаць: «Коціцца зорамі ноч. Вечны абег сусвету. Даўно насяляць я пакінуў анёламі неба гэта». Кепска.

Падае знічка.

Вецер.Упала нечае шчасце. Маё. (П’е.) Бог хоча прыкуць шчасце толькі да неба. А мятлушкі хапаюць яго і нясуць да людзей. Толькі са шчасцем маёй зямлі яны нешта замарудзілі. А, выдумка… Небу няма канца. (П’е) I я такі малы перад гэтай безданню. Толькі каханне рабіла так, што цёпла. А зараз і яго няма. Памру і развеюся… ільдзістым пылам. I сусветы памруць. Якая ж я пясчынка, выключаны з сусвету… Будзе бітва. Яны палягуць або мы… і кожны будзе нас ганьбіць. Што да гэтага зорам? Пройдуць тысячы год. Што тут будзе тады? Напэўна, ніхто не будзе адбіраць у іншага хлеб і гонар. Не будзе большага і меншага, эліна або іудзея. I кожная мова будзе панскай, а таго, хто яе саромеецца, будуць закідваць багном. (П’е). Не можа быць, каб яны не зразумелі нас, зняслаўленых і абылганых. Яны ж будуць… як багі, як лебедзі, як людзі. (П’е.) I я буду сярод іх, хворы, замучаны, адрынуты. А пажадаю — буду дзе хачу. (Ён плача, а вусны ўсміхаюцца.) Хто сказаў, што я малы? Сусвет у вачах, зоры ў мозгу, галасы ўсіх людзей у сэрцы. Я пажадаю — і хутчэй настане час людзей, што магутныя, як багі.

Засынае. Аднекуль здалёк, з-за саду, голас вядзе дрымотную песню, і пад яе гукі Надзея Вецер сыходзіць з ганка, схіляецца над Васілём і цалуе яго.

— Ай, ходзь мая Надзеечка, да мяне,
Ай, ходзь, ходзь, мая мілая, да мяне:
А ў мяне караватачка нова,
А ў мяне ды пасцелька пухова,
А ў мяне абдыманнейка цесна,
А ў мяне цалаваннейка ўцешна.

Надзея. (цалуе ягоныя рукі) Спіш. Не чуеш.

Надзея. (праз сон). Сітнягі шапочуць. Зоркі спяваюць… Ты? (Абдымае яе.) П’яны я. Ой, п’яны я! (I раптам ўзвіўся на ногі, як уджалены.) Ой… Божа… Надзея! Ты чаго тут?

Надзея. А дзе мне быць?

Вецер. Ды ты ведаеш?.. Ды ты ведаеш? Пень дурны!!!

У бяспамяцці ён ударам збівае яе на зямлю.

Вецер. Ой, што ты нарабіла? Ой, што ты на-ра-бі-ла?!

Яна дацягнулася да яго на каленях і моцна абхапіла ягоныя ногі. Захлынаецца слабы, сіплаваты, безнадзейны голас.

Надзея. Ну бі, бі мяне. Забі мяне. Сваёй рукой. Я ўсё адно не пайду ад цябе. Усё адно, цяпер ужо позна. Цяпер ужо позна і ўсё адно.

Ён стаіць, як саляны слуп.

Вецер. Я ж так не хацеў. Я ж так не хацеў. Пры чым тут ты?

Надзея. Пры тым, што поп казаў мае словы: «На шчасце і на гора». Не ўсё ж мёд — трэба часам і мякіну разам есці.

Вецер. У цябе адразу пачалося з мякіны. I мёду не будзе. Нашто? Нашто ты так?!

Надзея. Я выпадкова пачула. Я чакала, пакуль ты заснеш. Бо ты ж бы прагнаў мяне. Цяпер я ўжо з табой. Усё адно, якія зробяцца твае рукі — яны песцілі мяне ў добрую гадзіну. А сэрца тваё гэткае ж велікадушнае. Чаго б гэта я была вартая, кінуўшы цябе аднаго ў такой бядзе?.. Ну набі ж ты мяне. Можа, я цябе, змея, тады менш кахаць буду. Зараз жа ўсё адно.

Вецер паваліўся перад ёю, цалуе ёй рукі.

Вецер. Даруй мне… Даруй мне… Даруй мне…

Яна закінулася.

Вецер. Я вечны… вечны… вечны з табою… Я так абразіў цябе.

Цалуе. I ў цемры голас.

Вецер.Няма зараз. I потым не будзе. Я вечны… Вечны з табою…

Ціхая песня здалёк:

Пакінь мілы, чарнабровы,
На сівым кані лятаць:
Ідзі ка мне маладой,
Вячэраньку вячэраць.
Я думала, маладзенька,
Што адна спаці лягла,
Аж я свайго міленькага
Правай ручкай абняла.

Зашумеў ад перадранішняга ветру дуб. Святлее стужка заранкі. Пачалі азываццаі вакол птушкі. Вецер устае з-пад плашча і слухае іх. Птушкі аж разрываюцца. I Вецер адказвае ім.

Вецер. Жыць! Жыць! Жыць! (Гэта — птушынаму хору ў шатах дуба.) Жыў! Жыў. (Гэта — вераб’ям за плотам.) Жывы вы? Жывы вы! (Гэта — кнігаўцы, што закрычала недзе на лузе за садам.) Ну так! Ну так! (Гэта — салаўю, які спрабаваў сцвердзіць у хмызах, што ён жывы.) Жыў! Жыў! Чуеце вы? Жыў.

Маці з’явілася на ганку, убачыла Ветра і Надзею, што абхапіла ягоныя калені.. У гэты момант здалёк даляцеў тупат ног і песня:

У агародзе ячмень,
А ў полі жыта.
Прыйшлі звесці да мілае,
Што мілы забіты.
Забіты, забіты,
Пахаваны ў жыце.
Чырвонаю кітаечкай
Лічыка накрыта.
Прыляцела пава,
У галоўцы пала,
Як адкрыла кітаечку
I зашчабятала:
— Ці ты, мілы, упіўся,
Ці з каня зваліўся?
Ці ты па мне, маладзенькай,
Сільна затужыўся.

На падвор’е ўвальваецца мужыцкі атрад, узброены косамі, сякерамі, стрэльбамі. На чале — Іван Карпач. Мужыкі цягнуць з сабою войта вёскі Ківаверцы.

Карпач. Іван Карпач. I людзі твайго наваколля, Васіль. Ты ідзеш начале, Васіль Вецер?

Вецер. Цяпер — іду. Пачакайце трохі. (На Надзею.) Яна ідзе са мной. Зараджаць стрэльбы ўмее добра.

Карпач. Збірайцеся хутчэй (да Лаўрэна, які сеў на бервяно і ачмурэла круціць галавою). А ты што, Каўбаса?

Лаўрэн. Вы на папойку, а галава баліць у мяне.

Карпач. Што, хваробы сабе купіў на жаніховы грошы? Гэ, ды ў цябе і сіняк пад вокам. Набілі. Нічога, свята без мучаніка не бывае.

Лаўрэн. Чарку — і на край свету.

Магда. Ты, лабідуда гэткі, пойдзеш і на край свету, абы чарку.

Лаўрэн. Ба-а-ба! Тут справы мужчынскія, думаць трэба. А ты пакуль з лаўкі ляціш, дык семдзесят дум перадумаеш.

Магда. Чапяла па табе мала хадзіла, ёмашнік стары.

Лаўрэн. (выпіў). Во цяпер і пайду. I ты збірайся. А то ў Крычаве твая карчма згарыць. Хаця…

Уся вёска згарэла —
Карчма ацалела,
Яе пагасілі,
Што чарачку пілі.
Ўся Орша згарэла…

Магда. Сціхні ўжо, дзярыглотка, мачыморда гэткі. Добра, пайду і я, а то вайна будзе на першым сметніку.

Лаўрэн. А дзе ж тая вайна? —Пасярод лайна.

Магда. Ідзі-і ўжо, ідзі-і.

Вецер. Людзі! Слухайце ўсе! Ідучы на цяжкую гэтую справу, даў я перад богам, і святымі, і людзьмі, і зямлёю страшнае абяцанне. Да самай нашай перамогі або да самай маёй загібелі ніхто не павінен дакранацца да мяне, акрамя маёй жонкі. I я ні да каго не павінен дакранацца, акрамя як да яе.

Агна. I да мяне.

Уладна абхапіла ягоную галаву, прыцягнула яе да сябе і пацалавала сына ў лоб.

Карпач. Што ты яго, як на крыж?

Агна. Так. I да мяне. Толькі вось яна і я маем права дакранацца да яго, падводзіць яму каня, падаваць яму ваду. Толькі мы маем права нават выцягнуць яго параненага з бітвы. Астатнія — не.

Вецер. Што ты яшчэ нарабіла?

Агна. А ты што думаеш, я кіну цябе аднаго?

Вецер. Астатнія — не. Я даў страшнае абяцанне, страшную і апошнюю клятву. Я да каго дакрануся ці нехта да мяне дакранецца, акрамя вось іх, — той чалавек памрэ. Або тут жа, на месцы, уражаны небам. Або павольна, за гады, жыўцом згніе! Чуеце?! Або на месцы, або жыўцом?! I клятву гэтую ўмацавала перад вялікім богам зямлі нашай мая маці. I хто здрадзіць нам, хто прадасць нас — на таго я накладу руку і той згіне! I клятву тую ўмацавала мая маці.

Цалуе зямлю ля яе ног.

Вецер.Мы попел размяцем ад іхніх дамоў і палацаў. Клянуся, гэта праўда. Як праўда, што далонь мая нясе ворагу смерць!

Карпач. Чары? А хлуслівыя ці праўдзівыя?

Вецер. На жаль, праўдзівыя.

Лаўрэн. (з-за спін, дурасліва). Быць ет-тага не можа.

Надзея. Праўда. I мая таксама. Рука. Нясе.

Лаўрэн. Ет-тага быць не мож-жа.

Агна. Праўда, як тое, што смертаносная цяпер і мая рука.

Лаўрэн. Ды н-не, мож-жа ет-тага быць.

Агна. Мы трох далі гэтае абяцанне.

Лаўрэн. Ды ет-тага быць…

Магда. (нечакана сур’ёзна) Сціхні, звяга. Тут нешта сур’ёзнае.

Карпач. Чым вы давядзеце гэта?

Вецер. Ну, па-першае, чалавек можа згнісці і праз год. А па-другое, хто гэта насмеліцца, толькі каб давесці, забіць чалавека?

Карпач. А гэта гледзячы якога чалавека. Людзі! Гэтага сюды!

Мужыкі падвялі да іх войта з Ківаверцаў.

Карпач. Вось войт з Ківаверцаў. Апошні кавалак шкуры, што не здзёрлі Іцкавічы, — здзёр ён. Правер на ім сваю клятву, Вецер.

Войт.. (дужа спалоханы). Якое права?! Хто тут падбухторвае? На плаху захацелі?!

Карпач. Гэтай ноччу ён данёс Іцкавічам, што нехта хаваецца ў пракажонага.

Вецер. Ну а каб і хаваўся… Каб, скажам, ён… або я… (набліжаецца да войта). Каб, скажам, я? Якая яму справа?

Войт. (цьмяна прадчуваючы нешта). Не смееш! Не сме…

Вецер. Да каго дакрануся — той чалавек памрэ.

Карпач. А за некалькі год гэта ё н данёс на друга, і тыя спалілі хату няшчаснага з жонкай і дзецьмі.

Вецер. Або згніе, або — на месцы, уражаны небам.

Войт.. Не! Не! Не хачу! Пусціце! Не магу-у!

Карпач. А тады — мог. А за многа год да таго вёў служак на хату твайго бацькі. I дом таксама гарэў, з чалавекам.

Агна. То гэта ён. Дакраніся, Вецер. А пасля я.

Войт.. Імем бога! Не-а! Не-а! Брудныя свінні! Не трэба чапаць мяне.

Вецер. I далонь мая нясе ворагу смерць.

Войт.. Не-е-е-е!!! (У панічным жаху.) Ён не клятву! Ён!..

Вецер нібы прыпячатаў далонь яму да лба. Крык абарваўся. Усе глядзяць, як войт пакінуў звівацца, стаў як скамянелы, а пасля рухнуў на зямлю, як падсечанае дрэва. Мёртвая цішыня.

Карпач. (падышоў і варухнуў яго наском чобата) Гатовы… То ты што, на самай справе?

Агна. Ён на самай справе. Хто дакранецца нас… хто дакранецца яго, — я змацавала, а ён даў слова, — той памрэ.

Вецер. О божа! З аднаго страху… (Уголас.) Куды гэтага?

Агна. Кінуць яго ў тварыла з нягашанай вапнай… Не будзе яго — не будзе і праклёну.

Народ стаіць, як уражаны Перуном.

Агна. Добра. Бывайце, дзеці. Не заклінаю вас ад стрэлу чужынскага, ад сухоты агнявой, ад корда, і шаблі, і пісталета, і доўбні, і ад стралы. Калі вам і мне суджана памерці — мы памрэм іначай. Але на ворага вашага перад бітвай нападзе трасенне ступіц і жылы падкаленнай, і нядужасць рукі, і цемра ў вачах, і жах смяротны, як у гэтага… і ён памрэ таксама верна, як вось гэты, што ляжыць перад вамі.

Карпач. Не цалую тваёй рукі. Мне яшчэ трэба жыць. Але людзі! Людзі! Гэта маці Ветра… Хіба яна маці Ветра?.. Яна маці нашага ўрагану!

Мужыкі моўчкі падымаюць зброю ўгору.

Карпач. Маці ўрагану.

Цемра, тупат ног і пошчак капытоў.

Захрабошчуць пад доўбнямі латы.
Звон на могілках поўнач прабіў.
Скача ў цемры помста на катаў.
Вый, магнат. Замахніся! Бі!

Яндекс.Метрика