Маці ўрагану — Карціна шостая

Зноў тупат капытоў у змроку. I іскра. Коннік вязе паходню, «агнявую віцу» — знак паўстання. У цемры крык: «Данаван ідзе!» Пошчак капытоў множыцца. Ад першай іскры аддзяляецца другая… трэцяя… пятая. «Данаван!.. Данаван!.. Данаван ідзе!» — лятуць у ноч крыкі. А пасля ўзнікае харал:

Над борам, над полем, над вірам
Крумкачы прарочаць бяду, брат.
Жалезнай ступой кірасіры
На Беларусь ідуць, брат.
Зіхацяць гарматы і латы.
Але грозна рыкае зямля, брат.
Скача грозны коннік адплаты.
Вый, акаянны магнат, кат!
Прыкіпелі да шабляў далоні.
Устаў на пачвару Давід, брат, —
Ураганны бог жаху — коннік.
Скуголь, захрыбетнік магнат, кат!.
Коннік зломіць прыблудаў калоны,
Ён праломіць чужынцаў сталь, брат,
Бог адплаты, бог помсты, коннік.
Вый, пракляты магнат, кат!
Над ляснымі цёмнымі шатамі,
Над абшарамі роднай зямлі, брат,
Грукоча коннік адплаты!
Выйце, каты, паны, каралі, брат!
Коннік вечнасці, коннік бяссмерця,
Сонца светлага добры сын…
Хай яны паспрабуюць нас зжэрці, —
Падавяцца ўсе, як адзін.

У слабым водсвеце зарыва відаць сілуэты ўзброеных мужыкоў, а злева ад іх група: поп з Бесавічаў і поп Антох. Між імі точыцца ледзь не сварка.

Поп. Не маеш права мужыкам…

Антох. Данаван ідзе. Шмат хто з іх вып’е смяротную чашу, і трэба ім асвячэнне, каб спадзяваліся яны на зброю сваю.

Поп. Гэта каралеўскім, магнацкім воінам зброю свянціць можна. А гэтым, якія без пана-магната і пана-караля — не можна.

Антох. Няма ў іх гэтых паноў, то няхай не будзе і пана-бога? Так?

Поп. Ты на свяшчэнства, на нас навальніцу наводзіш!

Антох. А што ж, бог з імі ў той час, калі ў хама поўна каўбас? А як сала хам не дасць, то і бог яго прадасць?

Поп. Не блюзнер! Агнём гэта пахне, асвячэнне зброі!

Антох. Я не ведаю, ці дапаможа. Але яны пойдуць у бойку з надзеяй на бога і зброю. Дык што, адабраць у іх надзею? Не. Гэтага я не магу. Кінуць іх адных — не на таго ты напаў. Не магу. Не на тое мяне высвяцілі, каб я іх у бядзе — адных…

Поп. Што табе ў іх? Яны з нас смяюцца, што поп і певень, не з’еўшы, не пяюць.

Антох. Гэта пра цябе. А я, як і певень, спяваю нашча.

Вашчыла. Пачнем і без папа.

Антох. Ідзі. I ў чужой царкве не папраўляй свечак.

Лаўрэн. Ідзі ў сваю. У сваёй нары і тхор не смярдзіць.

Ударылі званы. Людзі ўзнялі ў чырвань іконы, харугвы і зброю. Пачынаецца асвячэнне зброі ратнай1. Антох з малітваю акрапляе зброю святой вадой.

ПСАЛОМ

Бог нам прыстанішча і сіла, скоры памочнік у бедах.
Таму не ўбаімся, хаця б пахіснулася зямля і горы рушылі ў сэрца мораў.
Хай шумяць, уздымаюцца воды іх, трасуцца горы ад хвалявання іх.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Усшумелі народы; дзвігнуліся царствы: Усявышні даў голас Свой, і растаяла зямля.
Гасподзь сілаў з намі, Бог Іякава заступнік наш.
…Прыйдзіце і ўбачыце справы Госпада — якія зрабіў ён спусташэнні на зямлі.
Спыніўшы брані да краю зямлі, скрышыў лук і пераламіў кап’ё, калясніцы спаліў агнём.

ЭКЦЕННЯ

О як студа і бясчэсця абліччы праціўнікаў нашых сполніці, сэрца ж іх страху і жаху; і анёл гасподні хай будзе гнаць і паражаці іх. Госпадзі памілуй.

Вашчыла (з хорам). Госпадзі памілуй.

ЭКЦЕННЯ

О як пачуці ў царкве сваёй воп і ўздыханне адзінаверных нашых і ад ворагаў і супастат прыгнечаных рабоў сваіх, у тузе і журбоце сваёй да яго вапіюшчых…

Карпач. (з хорам) Госпадзі памілуй.

ДЫЯКАН (глас I)

Камень, якім пагарджаюць дойліды, ён будзе асновай асноў: ад госпада бысць сей і ёсць дзіўны ў ачасех нашых.

ТРАПАР

…не пагрэбуй, добрая, малітваў нашых, усяпетая маці божая… падай ім з нябёс перамогу, бо нарадзіла есі бога, адзіна блаславёная.

Вецер. (з хорам) Амінь.

Цемра. I ў цемры марш соцень ног, якія аж скаланаюць і рвуць зямлю: ідуць у бой легіёны кірасіраў Данавана. I яшчэ тупат многіх ног, насустрач.

Вецер. Ідуць, як па шкілетах.

Данаван. Гешворэнэр файнд. Смерць ім! Меч!

Тупат ног. Узвіўся крык Вашчылы: «Юры святы! Край! Край!» I ўсё запаланіў шалёны ломат сталі аб сталь, маўклівая, лютая, нясцерпная сеча. Хробат, ляск, гром нарастаюць, як шаленства перуноў у навальніцу.

Данаван. Куды вы?! Саксонцы! Сак-сон-цы! Стой! Стой!

Ламаецца сталь, шэрагі, хрыбты. Зямля шалёна б’ецца ад конскага тупату. Стогне зямная цвердзь…

I цішыня. Пажар за вокнамі паступова наліваецца, асвятляючы ўсё чырваней і чырваней залу Магдзінай карчмы. У ёй, за сталом на покуці, адзін чалавек: Поп з Бесавічаў.

Поп. Разбілі. Адолелі, халера на іх. Цяпер князь усур’ёз за Крычаў возьмецца. Цяпер толькі беражы скуру.

Абарваўся ля вокан конскі тупат. Увальваюцца ў карчму добра патрапаныя палкоўнік Данаван з сынам.

Данаван. Усё, Раймунд. Усё, сынок. Канец. I на нашых конях не ўцячы.

Раймунд. Бедныя коні. Змучаныя. Дзіва што, пасля такога. Я-ак яны нас! Як яны нас! Як молатам арэхі! Толькі кірасы трашчалі. Як яны біліся!

Данаван. (заўважыў) Хто гэта? А-а, гэта ты, поп. Выпоўзіна гэткая! Куды цяпер?!

Поп. (падыходзіць да сцяны). Унь тут лаз у падпол.

Поп.Данаван, Каб узялі, як пацука?

Поп. Чаму? Там ход да яра. Тут, ля яра, недзе Цялецкі з коньмі акалачваецца.

Раймунд. Сам губернатар?

Поп. Які ён губернатар. У князя з ім адна манера: «Як не прыгоніш у тэрмін транспарт гарэлкі ў Слуцк, то будзеш цешыцца падарункам няхібных ста кіёў у задніцу. Падаю гэта да вернага ведання Яснавяльможнага Пана як добра выхаваны і пачцівы Яснавяльможнага Пана слуга…» Што гэта вы, пане, як не тут?

Данаван. За нейкія пару гадзін — і ўвесь полк. Мае саксонцы, найлепшыя ў свеце ваякі!

Раймунд. Целамі віснулі на нашай зброі. Змялі. Вагой задавілі. I ані кроплі страху.

Данаван. Гэта не людзі! Гэта дэманы!

Поп. Уцякай, Данаван (адчыняў лаз, але там раптам з’яўляецца постаць Яўхіма Хмыза)…

Яўхім. Я й лічыў, што яны недзе тут.

Данаван і Раймунд памкнуліся былі да дзвярэй, але тыя ў гэты час упалі пад ударам нагі. Уваходзяць Вашчыла, закрываўлены Васка Вецер, Іван і Ілья Карпачы, Лаўрэн, Магда і Антох.

Поп. (пасля замяшання, паказвае на Данавана) Вось яны.

Данаван. Дзякуй свайму богу, што ў мяне ёсць гонар, сука.

Яўхім. Ох, і падступная ж ты тварына.

Поп. Я табе дам, тварына. Я табе пакажу… Вось яны.

Вашчыла. Вось яны. Апошнія з саксонцаў.

Iлья. Замак дзякуючы ім не ўзялі.

Карпач. I зараз той замак нам, як скабка.

Уваходзіць пісар Бачко.

Бачко. Кончыць іх, а я напішу, за што.

Магда. Дзіця пашкадуйце.

Карпач. Гэтае лізь-мызь канчаць трэба. Чуткі ёсць, Гдаль са Шмуйлам даюць грошы ахвочым на нас ісці.

Бачко. Войска Радзівіла збіраецца. Большае, чым у караля.

Карпач. Шляхта, Пястжэцкі, мушкецёры. А мы тут валаводзіцца будзем. Дабіць.

Васка. (ціха, аж нязвыкла для яго) Паслухай, Вашчыла. Ты ведаеш мяне. Я прапойца і гуляка. Не было тына, аб які я не абціраўся б, бочкі, якую я не абцалаваў бы. Лужыны, у якой бы не ляжаў. Мы, беларусы, усе без мяжы. Але каюся не ў тым. Што мне рабіць, калі той пажар і пагром стаяць у вачах? I я ўжо мноства дзён як з пахмелля. I ці злітуецца з мяне, п’янага, бруднага, грэшнага, бог. Я нібы ў гнаі і няма мне даравання… Ніхто ж не скажа, што я сёння дрэнна біў вось ягоных людзей.

Вашчыла. Так. У самую сярэдзіну іхняга строю ўдзёрся, падхарунжага зваліў. Прайшоў праз іх, як нож, вырваўся і ўдарыў у тыл..

Васка. Я паслужыў Крычаву. Хай я не замаліў грэх, але я паслужыў (стае на калені). Я зранены і ў крыві. Вось дзеля гэтага адпусці іх, Вашчыла.

Бачко. Ты ж пагражаў і пажар уладкоўваў. Паліў, граміў, біў. Я запісаў гэта.

Васка. А пасля, запішы і гэта, паглядзеў смерці ў вочы. У вочы брата. Паглядзеў на яго далонь, а на ёй ляжала смерць. I сказаў, нельга нікога граміць і рабаваць… Так, паглядзеў смерці ў вочы. I скажу, нельга, каб у вочы ёй глядзелі людзі. Каюся перад вамі, людзі. Вашчыла, гэтымі вось ранамі прашу, адпусці.

Карпач. А прыйдзе зноў?

Яўхім. Пусці. Усё адно.

Васка ўстае.

Васка. Пусці.

Антох. Будзь моцны. Даруй.

Уваходзіць захутаная ў плашч Агна Вецер.

Антох. Усе. Агна! Агна тут! Агна прыйшла!

Агна. Жаху вы нарабілі, мужыкі. Колькі пабітых! Ехала — усё поле стогне… I чую я сэрцам трывогу. Ці мне здалося?

Бачко. Што здалося?

Агна. Па-мойму, Цялецкі тут круціўся.

Iлья. Ён у замку дзесяты сон бачыць.

Агна. Пэўна, здалося.

Вашчыла. Дзякуй за сына. Каб не ён, не Васка і не Лаўрэн.

Лаўрэн. Раскалолі мы іх на дзве паловы. Васіль прабіўся і ўдарыў па засаднаму атраду. У зямлю мы яго ўмялі. А пасля прабіліся да сцяга і сын твой дрэўца падсек. Тут яны завагаліся, пахіснуліся. Пачалося с м я ц е н н е, паніка і жудасць. Як перцу з рэдзькай з’елі. Як на агні закруціліся. Бягуць, выюць!

Агна. (ціха) Нарабіла я ліха. I ніводнага не… Таксама ж людзі. Не даруе бог за такое.

Поп. У, вядзьмарка. Закляла людзей — аж да іх дакрануцца нельга. Яна вам, людзі, накаркае бяду.

Агна. Бяда і так і так будзе. Чуткі — ідуць войскі з усіх бакоў.

Бачко. Канчаць гэтых, дый…

Агна. Досыць забойстваў. Вайна — гэта так. Але досыць забойстваў (засланяе сабой Данавана з сынам). Хто першы падыдзе?

Данаван. Трымайся, Раймунд. Трымайся, хлопец. Пакажы ім. Не толькі яны смелыя.

Уваходзяць Вецер і Надзея.

Вецер. Апошніх наздагналі… А-а, яшчэ гэтыя.

Надзея. Васіль, не трэ…

Вецер. Апошнія два…

Ён такі страшны, што ўсе падаліся назад.

Раймунд. Та-татачка. Прыйшла наша смерць!

Вецер. (правёў далонню па абліччы, ціха). Не, сынок. Прыйшло ваша жыццё. Адпусці іх, Вашчыла. I не бяры з яго слова, што не падыме на нас зброю. Няма Слова ў таго, што ваюе з дзецьмі. I ўсё ж… Хай ідуць, Вашчыла.

Вашчыла. (гледзячы ў зямлю). Хай ідуць.

Данаван з сынам ідуць. Данаван спьшяецца, уздыхае і кідае Ветру да ног уламак мяча. Выйшлі.

Вашчыла. Нашто ты так?

Вецер. Я ведаю, што такое смяротная туга, браце. Дзеля астатніх тое, што сёння, — свята. Падумаць, яны, моцныя, непераможныя, як бог, жорсткія, яны ўцякалі ад нас, аж абганяючы свой жа крык. А для мяне гэта — туга.

Агна. Бог мой!

Вецер. Пане мой божа? Ты? Нашто?

Агна. Час выпрабавання прыйшоў да нас. Цяжкі час. У цябе ўсё добра?

Вецер. Так.

Агна. I ў цябе, дочухна?

Надзея. (памкнулася да яе) Як жа не добра, калі ты нас звяла. I ён самы смелы за ўсіх?

Агна. А ты не думаеш, што ён проста шукае смерці?

Вецер. Я нават яе шукаць не маю права. Праз вось яе (паказвае на Надзею). Нічога ў мяне няма. Я нават і смеласцю ганарыцца не магу. Яна не мая. Яна твая… Ну, дзень добры.

Агна. Не дакранайся. Пакуль не скажу. I ты, дачка, адыдзі. Яшчэ няўчасна. У замку сядзіць Цялецкі.

Усе пераглядаюцца, нічога не разумеючы. I ўсім чамусьці цяжка. Лаўрэн паспрабаваў перабіць гэты настрой.

Лаўрэн. Хай сядзіць. Антох, га Антох!

Антох. Чаго?

Лаўрэн. А ці не до ўжо дурня строіць? Невядома, ці будзем жывыя. Вось баба поруч: цягавітая, як мурашачка, спеўная, як зязюлечка, а… спінаю, ну як печка. Дык абвянчай мяне з гэтай вось заразай. Яна ж, людзі…

Усе жонкі дрэнна йдуць,
Мая жонка — добра йдзець.
Мая жонка — добра йдзець,
Круціць задам, як мядзведзь.

Усе зарагаталі. Але Агна гне сваё.

Агна. Т а м абвянчаецеся.

Магда. Ды ці пайду я яшчэ за гэткі недатопак?

Лаўрэн. А мая ж ты дзюбачка. А хай жа ж я з лапаць, абы за мной не плакаць.

Агна. Абвянчаецеся т а м (у яе тоне ўладная, гіпнатычная, няўхільная сіла). А т а м пакуль што Цялецкі сядзіць. З гарматамі. I з усіх бакоў войска ідзе. Пакуль не ачомаліся — трэба браць замак, сядзець там як цвік, мець апору.

Вашчыла. А калі адаб’юць?

Агна. Адкуль? Яны не чакаюць. I вось пакуль не чакаюць… Ну, а калі адаб’юць — збірацца ўсім пад Царкавішчамі, куды ідзе мужыцкая сіла, уздымаць яе і абкласці замак. Каб муха не праляцела. Зморам узяць.

Вашчыла. Іван, ганцоў туды. Але думаю, што замак мы зараз возьмем. Знянацку.

Поп замуляўся.

Вашчыла. Ты што, поп?

Поп. Так, нешта млосна. Задуха тут.

Прабіраецца да ўвахода.

Бачко. Там, у замку, гарматы… Ты куды, поп?

Поп. Млосна нешта.

Выходзіць.

Лаўрэн. Браць! Браць замак. Як на вяселле пайду, каб хутчэй. I сапраўды ж вяселле.

Магда. Во, як на злом галавы.

Вашчыла. У нас гэта заўжды так.

Карпач. Браць замак. Неадкладна, пакуль не спахапіліся.

Iлья. Каб гарматны адпор зрабіць — час патрэбен. (Дастае з сумкі пясочны гадзіннік, ставіць на стойку.) У мяне яны назапашвалі зелле і ядры і самі былі гатовыя ля гармат — вось пакуль пясок не перасыплецца. Тады я лічыў, што вучэнне прайшло добра.

Карпач. Ай, татка! Гарматнікі твае ў Магілёў паехалі па зелле. А там вучні, свежанабраныя.

Iлья. Тое і кепска, што свежыя. Свае страляць бы не сталі. I кепска тое, што я зараз не там. Дарэмна я ад іх пайшоў з вамі на поле, перачніца старая. Многа з мяне было тут карысці. А там я і гэтым не даў бы стаць ля гармат.

Антох. (раптам, нібы ўражаны чымсьці) Людзі. Стой. Дзе поп?

Яўхім. А што раптам поп?

Антох. Н-не ведаю. Як стукнула. Поп дзе?

З’яўляецца Поп з Бесавічаў, чарпануў з рукамыйніка вады, плюхнуў на твар.

Поп. Тут поп. Чаго ты лопаіссі?

Магда. Што з табой?

Поп. Збляваў — лягчэй стала.

Магда. Ясна. Столькі крыві бачыць — як не бляваць? Вечна ты, Антох…

Вашчыла. Адразу ж на замак. З боку Сажа не йсці — далёка відаць. Ты, Іван, пойдзеш з боку Крывічанкі… Ты, Вецер, Лаўрэн і Стэсь павядзеце людзей як мага больш ціха і скрытна праз роў на валы вось тут, крыху правей карчмы.

Магда. I карчму па прычыне скрытнасці раскідаць на мост не трэба. А я б на такі выпадак з радасцю б сама раскідала.

Лаўрэн. Ух ты, мая півонька!

Магда. Укараці лапы.

Вецер. (збіраючыся) Маці, нашто ты тут?

Агна. Даведаешся пасля. Ідзіце.

Антох. Ну, я наперадзе з крыжам. Толькі вы… гэта… ведайце, гэта больш для парадку. Казаў табе бог, каб сабе сам памог.

Выходзяць. Цякуць імгненні. Магда і Агна маўчаць, і маўчанне ўжо нясцерпнае. Зарыва за вокнамі: нешта загарэлася.

Магда. Лаўрэн вяселле правіць.

Агна. Не. Не паспелі б яны яшчэ нічога падпаліць. Дый не трэба ім. I гэта кепска, вельмі кепска. I ці не замкавыя гэта самі падпалілі, каб поле асвятліць?

Магда. Адкуль ім ведаць?

Агна. Кепска. Цяжкае будзе вяселле. Кепска, вельмі кепска.

Магда. Ды — не — кар-кай!

Надзея. (вяртаючыся) Пасадзіла на каня. Пайшлі. I адышлі недалёка, а ля замка нешта як шугне, як запалае. (Паўза.) Маці, ты не гаруй. Хай табе не баліць ні за яго, ні за мяне. Не было б у нас так добра, каб не тое, што шчасце наша адмеранае і кароткае, як дзіцячы пальчык. А так ён мне і я яму — усё. Бо абапірацца нам толькі адно на аднаго. Бо мы адны і нікога больш, акрамя цябе, у нас няма і не будзе. Сонца згары, неба трэсні, зямля раскаліся — нам горш, чым цяпер, не будзе. Бо кожная хвіліна мая з ім — як апошняя. I таму трэба ўсю душу аддаваць, бо «праз гадзіну» можа і не быць. Дзякуй, матуля! Жыццё сплывае…

Агна. Пясок сплывае. Апошнія пясчынкі.

Магда. Ціха!.. Чуеце!..

Здалёк нястройны шум, а затым уздымаецца рык соцень галасоў: «Край! Край! Наш!.. Наш!.. Наш горад!!!»

Агна. Усё. Сплыў пясок.

У гэты момант, перакрываючы ўсё, выбухае пякельны рык. Затрэсліся, закалаціліся сцены, дзынкнула ў вокнах шкло. Над усім светам раве наканаваны, пякельны, хаўтурны пярун. Ва ўсю глотку, дзіка, як нямы сатана.

Надзея. Што гэта?

Магда. Пярун з яснага неба?

Агна. Гэта гарматы.

Усе падышлі да акна, за якім злавесна скача зарыва.

Магда. Б’юць ва ўпор у натоўп.

Надзея. Падаюць! Падаюць! Божа, заслані іх!

Магда. Ля гармат б’юцца. Каша.

Агна. Б’юць з вокан палаца! Паспелі колькі там гармат туды ўсцягнуць!

Натужлівы, на апошнім дыханні, пагрозлівы рык гармат.

Магда. Бягуць!

Надзея. Бог мой, бягуць!

Агна. Так, бягуць. (Паўза.) Што ж, дарэмная ахвяра?.. Ну не, хай да скону вякоў ведаюць: мы ніколі не гінулі. Ніколі не гінем дарэмна.

У дзверы ўвальваюцца ўдзельнікі няўдалага штурму: усе выкачаныя, твары ў парахавым куродыме, сёй-той паранены.

Вашчыла. (у дзвярах) Гэй там, падбіраць параненых. Каб ніводнага жывога ім у рукі. Убачыце, цягнуць некага — дзесяць ляжце касцямі, а выручыце аднаго.

Агна. I што?

Бачко. Патрапалі нас.

Карпач. Адбілі.

Яўхім. Гэта ўсё.

Вашчыла. Не, гэта не ўсё. Адыходзім пад Царкавішча. Збіраем усіх.

Поп. Пад Царкавішча?

Вецер. Там збіраюцца з усіх бакоў.

Вашчыла. I ўсе абкладзем горад. Зморам возьмем.

Лаўрэн. Ясна, возьмем. Спалох тут развялі. Якое тут усё? Мы з іх яшчэ тэльбух вытрасем (ірвануў рукаў). Зачапіла-такі (да Магды). Пасунь сваю тоўстую паню, дай сесці. Не адну цябе ногі не трымаюць.

Вецер. I мяне зачапіла.

Яўхім. Дай перавяжу. Пляваць на гэты праклён. Усё адно канец.

Надзея. Не. (Перавязвае Ветру плячо.)

Вецер. Не, нам не канец. Мы яшчэ вернемся з-пад Царкавішча (устае). Хлопцы, я не патрабую ў вас клясціся ў любові да Крычава, Пасожжа, Падняпроўя, усёй нашай зямлі… Я проста хачу спытаць у вас, ці дарэмна вас нарадзілі вашы маці?

Людзі моўчкі пацягнуліся да выхаду. Выйшлі. За акном сумятня, стук падкоў.

Вецер. Ты — недарэмна, маці. Давяду ўсім на свеце.

Пайшоў. Стук капытоў. Стрыманая песня:

Ой, едзь, сынку, мой Васільку, ды не аглядайся,
За год, за два, за тры, за чатыры назад варачайся.
О бог знае, бог ведае, калі я вярнуся,
На двары, двары шырокім мой конь спатыкнуўся.

Сціхла песня. Агна і Магда адны.

Агна. Бывай, сынок.

Магда. Ды што вы гэта, нібы ў палонцы седзіцё?

Агна. Веры ў добры канец няма. Няма веры, Магда. I я нават не магу яму сказаць, што праклён з яго зняты, што праклятая — гэта я. Хай ён і надалей страшыць ворагаў і хлуслівых сяброў. Без гэтага ён можа часам злітавацца з сябе, а ён павінен быць не Ветрам, ён павінен быць сынам урагану. (Паўза.) I ўсё ж я праклінаю тое, што зрабіла. Такое глупства — Крычаў, добрае імя, памяць мёртвых. Дзеля гэтага забіць хоць у адным чалавеку радасць?.. Я ўсяго слабая жанчына, Магда… I нельга нават, каб ты мяне пашкадавала… Пракляты будзь той дзень.

Магда. Ты мацуйся. Я не ведаю, што з табою, які гэта праклён, але я веру табе. Мацуйся, маці ўрагану.

  1. Абрад асвячэння зброі запісаны па памяці, могуць быць збоі, трэба кансультацыя. Толькі спевы — каб разумелі — патрэбныя не стараславянскія, тым больш што ХVІІІ стагоддзе (уніяты) маліліся па-беларуску. Можна мяняць тэксты месцамі, але так, каб напружанне вырастала. І яшчэ, каб у гледачоў дрыжэлі сэрцы.
Яндекс.Метрика