Маці ўрагану — Карціна восьмая

У цемры вядзе песню хор мужчынскіх галасоў:

Сядзеў крумкач на магіле,
Дый каркнуў шалёна.
Наша слава, наша воля
Ў палоне, ў палоне.
Наша сонца ў кайданах,
Доля ўмерла ад ранаў.
Наша зброя, наша воля
Пабіты, зламаны.

Святлее. Вядуць песню людзі, кінутыя ў сутарэнне Крычаўскага замка. Хто сядзіць, хто ляжыць без усякай змогі ўстаць.

Кат. (зверху сходаў, што вядуць у сутарэнне) Ды канчайце. Усю душу на шматкі падзерлі.

Лаўрэн. Гэта ты нас… На шматкі. Дзёгаць ты чорны, шыя твая як халява. Толькі цягаеш людзей, як дурань дзверы. Узрадаваўся.

Кат. Вялікая гэта мне, думаеш, радасць? Загад. Не зробіш — са ўсіх маіх скуры злупяць. А яны… Кожную раніцу цягнуцца сюды, як казіная смерць. Рыгаць хочацца. Вы ўжо не таіце злога, хлопцы.

Лаўрэн. Ды мы не таім. Што ўжо тут псяр, як загадвае цар.

Карпач. (пасля паўзы) Хто ўратаваўся?

Лаўрэн. Пісар, Стэся Бачко сын, Агна Вецер, Яўхім Хмыз, Васка Вецер, твой бацька Ілья, поп з Бесавічаў.

Карпач. Бацька, перад тым як нас схапілі, казаў: аглавушыў яго доўбняй і ворага ў стан пусціў, зняўшы каравул, гэны з Бесавічаў. Не лічы яго.

Лаўрэн. …Айцец Антох Крапіла… I вось што, галава ўратаваная. Васіль Вашчыла з братам Багданам уцяклі праз Цімошкаўскі фарпост на Украіну.

Карпач. Значыць, не ўсё яшчэ згубілі. Шмат уратавалася. I лічы, што ўратаваўся — смерцю сваёю — Васіль Вецер.

Вартавыя, Цялецкі і Кат уводзяць у сутарэнне Васіля Ветра.

Карпач. Т-та-ак, паспяшаліся мы цябе запісаць ва ўратаваныя. Думалі — памёр.

Цялецкі. І я мысліў, што памёр. Страляў, як ашалелы. Сціхнуў. Ну, думаю, са духам святым. Аж калі ўварваліся — аглушаны. Ну, бабе нічога ўжо не дапаможа. Непрытомны, а ледзь адарвалі. А Вашчылы няма. Прыкрыў, чорт гэны. Гэта ён нас як мокрай анучай па зубах. Каб не ты, чорт шалёны, — галаву ўзялі б. (Замахваецца.)

Вецер. (стома ягоная і безнадзейнасць жахлівая) Ты на смерць сваю замахніся, гіцаль.

Цялецкі адступіў.

Вецер. Мне ўсё адно. Але ты войта ўспомні. А мне… нашто мне ўсё? Вось Васіль уратаваўся — гэта як бог радасць паслаў… Вы што, хлопцы, катаваннем зламаныя?

Карпач. Анягож. Гэй, цялецкае рыла, князь прыпоўз?

Цялецкі. Прыбыў. З трыма сотнямі. I гэта значыць — канец вам. Нядоўга. Ды нашто тры сотні? Спакойна ўжо тут. Хто ўцёк, хто ў лесе… Кат, што там за гарлаграй?

Варта з Пястжэцкім прыводзяць Васку Ветра і папа Антоха.

Пястжэцкі. Вось вам яшчэ да кампаніі. Самі прыцягнуліся, як п’яныя па пляшку.

Выходзяць усе, акрамя Ката. Маўчанне.

Вецер. Нашто вы?

Васка. Не адпакутавана.

Антох. З бяздоні пекла клікнулі вы…

Вецер. Дурасць. Жывыя Вашчылу б вы болей спатрэбіліся. I ты, Васка, сваю пакуту лепей збыў бы, чысцячы іх па зубах.

Кат. Прытрымайце язык.

Лаўрэн. А чаго нам цябе саромецца. Ты ўжо нам як свой чалавек, хатні.

Кат. (азірнуўшыся) Хлопцы, хоць частку маёй правіны… Кажуць, Радзівіл Вашчылу патрабаваў выдаць, ды яго ўжо адаслалі ў Кіеў. Але каб і быў, то выдаць яго не маглі без указу царыцы. Аб чым і адказаў у лісце да князя капітан Цімошкаўскага фарпоста Селядзец Папоў.

Антох. Маліць буду за царыцу.

Карпач. Ты памаліся, як яна, сучка, Пятрова кроткая дшчэр, нас выдала. Уцяклі ж — выдала. Мяне, ды Мікіту з Бараўкоў, ды Навума Буяна, ды іншых. Ды як нам, перад тым як выдаць, сто кнутоў выдалі (ай тут сто бізуноў). Ды унь Мікіту з Бараўкоў язык адціснулі, бо імперыю ды імператрыцу лаяў… Так што дарма прыйшоў, Антох.

Антох. Няўжо вы думалі, што я кіну вас у пекле, дзеці?

Васка. Шмат ты грахоў царквы гэтым адмаліў. Нават я пашкадаваў.

Антох. Ды я ведаю, як ты апраўдваўся: «Я не грэшнік. Ці я ў царкву калі хаджу, ці карчму мінаю?»

Лаўрэн. Проста мучыўся. Манах. Аскет.

Рогат.

Кат. Ціха.

Карпач. Ціха, як поўху ўдарыўшы.

У святле паходняў заходзіць князь Геранім, Каршук, Капітан ГранМушкецёраў, Цялецкі, Пястжэцкі, Пёкур, поп з Бесавічаў.

Радзівіл. Ого. Ды ў вас тут ве-се-весела.

Лаўрэн. Ну, ве-ве-весялей, чым у тваім палацы. Што ж нам, слязьмі залівацца?

Карпач. Божа, колькі іх?! Усё кодла.

Вецер. Не. Дзе Данаван?

Пёкур. Яго няма болей… на службе ў князя. Захацеў усё разам, і службу і сумленне. Дудкі! У нас такая планета, што ўжо нешта адно…

Карпач. Ясна, куды яму сярод такога хаўрусу. Усё ж адносна прыстойны.

Лаўрэн. Цікава, колькі ж у гэтым прытоне дурных?

Карпач. Лягчэй сказаць, колькі ў ім разумных. Адзін быў Данаван, дый той…

Рогат.

Радзівіл. Др-дрэнны смех. Пястжэцкі, колькі ты іх адразу пад Царкавішчам?

Пястжэцкі. Дзвесце забітых, безліч параненых, сто семдзесят шэсць у палон.

Радзівіл. Вось аб тых, параненых, і тых, што ў палон.

Пястжэцкі. Ну-у. Пагарачыўся трохі. Шэсць дзесяткаў адразу на пáлі, ды на шыбеніцы, ды абсадзіў на крук.

Капітан. Ды пад Крычавам палонных семдзесят сем. Суд.

Каршук. I чаго было зброю хапаць? Вось ваш найяснейшы і справядлівы князь замест прымусовай працы на будах будзе браць грашовы чын. Зняў абмежаванні ў сялянскім гандлі, а вы. Ы-ы- ы-ы, ён абяцае староства не здаваць у арэнду, а вы гэтак-так? Вось і на калы. I вам тое будзе. А да таго…

Вецер. Ведаем, кінь звягаць.

Радзівіл. Уратавальнік Вашчылы? Не памёр?

Цялецкі. І я думаў, памёр, аж — аглушаны.

Вецер. Я загавораны. Не памёр. Хаця лепей было б.

Радзівіл. I ў Санкт-Піцербурху, і ў Кіеве, і тут — паўсюль вам ворагі. Усе па-памрэце. I іншага лёсу, іншага вы-выхаду вам няма.

Вецер. Ёсць. Добрая слава. Душы, якіх не стопчаш. Людзі, што супакутваюць нам.

Каршук. Дуж-жа супакутваюць. Вось цябе, Карпач, білі і на царскім і на нашым баку і унь яму, Мікіту, браты на тым баку язык адціснулі. Што, духам палі?

Карпач. Слухай, Мікіта, во каб нам гэта ў царыцы ды ў караля тую заціскачку ды тыя бізуны пазычыць. Я-ак бы яны для нашых жонак прыдаліся б ды спатрэбіліся (рогат). А то ж, бывала, як загавораць — ну, галава як Нясвіжскі касцельны кумпал — хаця ты з хаты ўцякай (рогат). А тут ледзь пачне звягаць — мы б ім гэтым самым… ды за язык, ды па тоўстым азадку.

Мікіта нема рагоча.

поп. Пасаромеліся б хаця перад таінствам смерці. Нічога чалавечага ў вас няма.

Антох. Гэта ў цябе няма. А ў нас ёсць. Вось гэты рогат. Я б цябе сваімі рукамі… (I заспяваў.) «…Нечасцівы Іуда, срэбралюбствам заражаны, звар’яцеў і вось здраджвае беззаконным суддзям цябе, праведны суддзя… Глядзіце, збіральнікі маёнткаў, на таго, хто ўдавіўся праз іх».

Радзівіл. Хадзі сюды, Вецер.

Той падыходзіць. Наступная размова ідзе амаль без голасу і вельмі значна.

Радзівіл. Гэта та-табе апошні шанц. Апошняя сцежка да выйсця.

Вецер. Аб чым ты?

Радзівіл. Ты. Яны — зра-зра-зумела. Яны — чэрнь. Але ты? Як ты з імі, высокапісьменны? До-до-добры. Пальцам нікога не зачапіў — пагромшчык. Кніжнік — з падпальшчыкамі кніг. Яны ж спалілі разам з даўгавымі і проста кнігі. Розныя. Не разбіраючыся па цемры сваёй. Учынілі пажар — да неба.

Вецер. Што ж, калі іх вымусілі. Кнігі? Ну так. Некаторыя з іх думалі, па непісьменнасці сваёй: няма чаго пісаць. Раз піша — так і лічы, што падман або данос. Але гэта таму, што ў іх забралі святло. Вы адабралі. То з кім мне быць? З дзікунамі? З табою, князь-сатана?

Радзівіл. Ты, высокі кніжнік — з забойцамі?

Вецер. Паўтараю: а з кім мне? Я ўсё адно адрынуты ўсімі. Я магу-у сказаць ім: вы мне чужыя. Чужыя са сваімі пагромамі, грубіянствам, нянавісцю да кніг. I гэта будзе праўда. Але гэта я т а б е кажу, князь, што ўзнёсся над усімі, а нос задзёр яшчэ вышэй, скажу, каб запомніў ты гэта да канца клятага богам твайго жыцця. Што трэба быць за звычайных, сярэдніх, простых, нават калі пагарджаеш імі, нават калі на сто галоў вышэй. І м я гэтага не скажу. (Уголас.) Я з вамі памру, людзі.

Антох. (зразумеўшы) «Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку».

Радзівіл. Бач, проста як бог. (Пёкуру.) А што скажа твой бог?

Пёкур. (дужа спакойна) А ён нічога не скажа. Бо гэта не ён стварыў сатану. Бо калі ён стварыў, то павінен быў бы ведаць, колькі будзе мець з ім непрыемнасцяў. I, калі ўсё ж ён стварыў, — нашто ён мне, такі непрадбачлівы?.. Не, не ён стварыў. Спрадвечна існуе два супрацьлеглыя, варожыя пачаткі: прычына ўсяго добрага і прычына ўсяго злога. Роўныя яны па сіле, ніхто не пераможа. Ідзі да таго, да каго цябе цягнуць унутраныя схільнасці. (Усміхаецца.) Вось бог. А вось сатана. Бог даў табе свабоду волі. Выбірай.

Радзівіл. А калі і туды і туды цягне?

Пёкур. I там і там будуць радавацца.

Радзівіл. Значыць, чаго Мая Нага захоча?

Пёкур. Ну. Гэта ж і ёсць твая сутнасць.

Радзівіл. Бадай што гэта па мне… Страшны ты чалавек.

Вецер. Ён — я не ведаю чыё стварэнне, калі такое гаворыць. А цябе, прынамсі так кажуць, бог стварыў. А ў яго ёсць пекла: хвіліна смерці, калі ў жыцці ўжо нічога-нічога нельга змяніць. I ты памрэш голы. Адзін. А я памру з людзьмі.

Радзівіл. Ты памрэш страшнай смерцю, Вецер.

Васка. Што вы прычапіліся да яго? Я Вецер! Усе ведаюць, што гэтая, Васіль Вецер! Які падпальваў і граміў!

Радзівіл. Не, Васіль — гэта ён. Ты — Васка. Ты граміў, гэны — думаў. Ты — толькі доўбня ў руцэ. А найгоршы ён, які не граміў. Ён, ды яшчэ гэты рагатун Карпач, бо-бо-бо гэта ненатуральна, рагатаць, калі над табою стаіць смерць. Я-я-я!

Карпач. Смерць. Пакуль сам не памрэш. Бо яна ж неўміручая. А ты будзеш смярдзець, як усе. I слабыя яшчэ ў цябе кішкі, каб не толькі што над Ёю ўзвысіцца, але й рагатаць з Яе. Як я.

Васка. I я… Княжа… I я з імі…

Радзівіл. Добранька. I т-т-ты. То-толькі ка-калі даведаешся, я к ты будзеш паміраць, ты памрэш тройчы.

Васка. Пляваць. Браце Вецер. Выкупіць. Аднаго прашу. Бо помню, як ты хацеў падаць мне руку, а ахвяры маёй — не хацеў. Браце, цяпер усё адно. Хаця цяпер… падай мне руку… Не, стой, Вецер… Яны ж падумаюць, што я лёгкай смерці шукаю, танна хачу адкупіцца… Ты здалёк благаславі мяне. А пойдзем — разам.

Вецер з адлегласці благаслаўляе яго.

Радзівіл. Аб чым гэта яны?

Капітан. Не ведаю. Забабоны нейкія. Дзікуны.

Радзівіл. Я думаю, ты, Вецер, — і гэта за нашу з табой размову, — і ты, Карпач, — за дзёрзкасць і крайнюю непавагу. I ты, Васка, бо надта ж прасіўся з імі. (Паўза.) У мяне харошая зграя сабачая ёсць. Абвучаная спецыяльна на мядзведзя. Кожны бярэ мядзведзя адзін на адзін. Вось мы вас у шкуры мядзведжыя зашыем і… Пасярэдзіне Крычава. Відовішча, якіх мала! Каму папярэджанне, каму забава.

Лаўрэн. Эх-х ты! (Узяў сябе ў рукі.) Мяне ты забыў. Памятаеш, як я пра тваю шлюху? Нічога яна не круціць задам, як мядзведзь. Я вось пайду з імі і пакажу ёй, як трэба. Хай вучыцца. (Прайшоўся па-мядзведжы.)

Радзівіл. Ідзі і ты.

Вецер. Князь, гэта праўда, што мядзведзі?

Радзівіл. Ну так. А ты што, хочаш нешта пра-пра-прапанаваць?

Вецер. I ім?

Радзівіл. Ну і ім. А раптам па-пашанцуе дый адаб’ешся.

Вецер. А што? Я ігрок. Ну, не выйду жывы. Але лепей ужо так, у бойцы. Не раздумаеш?

Кат. Што ты робіш, чалавеча?

Радзівіл. Не раздумаю.

Вецер. Дык руку на гэтым, князь.

Падаюць адзін аднаму рукі, і Вецер, паглядзеўшы князю ў вочы, цалуе яго.

Кат. (ціха) Цьху!

Цялецкі. Вось яны, нераскаяныя. Што б яны нарабілі, што было б, калі б перамаглі? А маглі перамагчы. Маглі б адолець, каб…

Радзівіл. Маё войска? Адолелі б? Каб не што?

Пястжэцкі. (паказвае на папа з Бесавічаў) Каб не ён. Расказвай, Цялецкі.

Цялецкі. Калі гэтыя (паказвае на вязняў) пачалі — ён зразумеў, што гэта зусім не тое, што патрэбна… роднаму, так бы мовіць, гораду.

Карпач. Угм. I падбіваў людзей — унь хаця б Васку — разам з Хрыптовічам на пагромы.

Лаўрэн. А пасля ветліва раіў Іцкавічам размятаць Магдзіну карчму. А пасля клікаў, калі нашы ўваліліся, Іцкавічаў пабіць і ісці да князя са скаргай і ўсіх зваў на новы пагром, бо ўсё адно войска прыйдзе.

Каршук. (важна) Я думаю, ён проста хацеў, каб скула хутчэй наспела. Разважаў па-дзяржаўнаму.

Кат. (ціха, але князь пачуў) Хто яго ведае, чаго ён хацеў. I чым разважаў.

Радзівіл. Н-на. Па-па-пазіцыя стойкая.

Каршук. Але тут ён да канца стаў наш. Калі выступіў супраць асвячэння зброі, бо ведаў, чым гэта царкве пахне. I Данавану хацеў памагчы ўцячы.

Антох. Але як убачыў, што не выйдзе — выдаў. Усім свой.

Радзівіл. Да-да-Данавана варта было выдаць. Як па-па-пачаў дзя-дзяўкаць мне пра гонар.

Пястжэцкі. I тут ён нам бясцэнна дапамог. Цялецкі, кажы…

Цялецкі. Я не ведаў, што ў горадзе за шум, каго б’юць. Пайшоў лазутчыкам. Сам. Бо на каго спадзявацца?! Нарваўся на яго. Я яму льготы рабіў, і ён па добрай памяці мне сказаў, каб я чакаў на пэўным месцы, а ён, як даведаецца… I пасля ён перадаў мне асабіста, што ідуць на штурм. I я паспеў паставіць пушкароў. I — на той выпадак, калі ўварвуцца ў замак, — частку пушак завалачы ў палац, каб біць з вакон. Ну, разгром. Лёгка было. Ён даў нам на гэта амаль гадзіну.

Антох. А нам гэта каштавала сотні забітых, пяцісот зраненых, сямідзесяці сямі закатаваных у палоне. Шэсцьсот семдзесят сем разоў Іуда. Хлопцы, плáчу разам з усёй сумленнай службай божай крывавымі слязьмі.

Цялецкі. Я абяцаў яму плату, але ён сказаў, што пасля.

поп. Ну — плата платай. Можна і плату. Але я не за плату. Я…

Радзівіл. Угм… Ві-вір інацэнцісімус і-ідэмквэ дакцісімус… Най-найсумленны і ў то-той жа час най-найадукаваны чалавек. І-ідэ-аліст. Ах, як жа ва-ва-вакол м-м-мяне шмат ідэалістаў. У-у-у-усе.

Ніхто не заўважае нядобрага, нават злавеснага ў ягоным тоне, і таму Цялецкі шпарыць далей.

Цялецкі. І ён тады папярэдзіў мяне, што ў выпадку няўдачы іхні збор пад Царкавішчам.

Каршук. Ды як яно ўрэшце, Царкавішча ці Царкавішчы?!

Пястжэцкі. А ляд яго ведае. Ці не ўсё адно, калі я іх там заспеў знянацку з ягонай дапамогай?

Радзівіл. Ну так, зноў з ягонай.

Цялецкі. І ён шкураю рызыкаваў, пайшоў пад Царкавішчы, каб далей нам служыць. I там, мяне ў стан правёўшы, папярэдзіў аб Воўчьм Яры, якім нам можна прайсці да сэрца іхняй абароны. I каравул мы знялі. I ён, каб Ілья Карпач трывогу зарана не ўзняў, аглушыў яго і даў нам час прайсці. I мы ахнулі па іх з пушак і нечакана.

Карпач. I нам гэта — дзве сотні забітых на месцы, шмат параненых і сто семдзесят шэсць тых, што ў палон. А многіх «браты» выдалі пасля. Колькі забітых!

Вецер. (ціха) I Надзея.

Пёкур. Спрытны мужык.

Кат. (ціха) Аж надта.

Пястжэцкі. I ўсё сам. Каб не ён — ой скрутна б нам было.

Радзівіл. Значыць, каб не ён. Здорава… (Вельмі журботна.) Ну-у (паглядзеўшы на Ветра), гэтага падарунка я табе не магу не даць… Гм… М а я сіла нішто, каб не здрада. Ну так. Я немец па сваёй ахвоце, капрызу, перакананні — і пляваў я на палякаў і свой народ. Я паляк па выхаванні — я і пля-пля-пляваў на свой на-народ. А-а-а-але апо-по-апошняй кропляй сваёй беларускай крыві я по-пом-ню правіла свайго народа. Здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць. Вазьміце яго. Рабрынай на крук.

Пястжэцкі. Княжа?! Чаму?!

Радзівіл. А яны ўсе, ці ве-ве-ведаеце, думаюць, што здрада ду-дужа выгаднае рамяство. А здрада рамяство яшчэ й дужа небяспечнае.

поп. Ды за што? Што я такое? (Паверыў.) Княжа! Кня-а-а-ажа! «Памяні, госпадзі, цара Давіда і ўсю рахманасць яго». Ай! А-а-а-ай! Княжа, залаценькі, ручкі… ножкі… Я Надзею… Я Вашчылу параніў.

Радзівіл. (вязням) Пацешцеся перад смерцю, бо літасці маёй вам не будзе.

поп. (лямантуе) А-а-а! Княжа! Княжа! (Страшна.) З глыбіні пекла клічу! (1 раптам выпрастаўся.) Хаця якім коштам апраўдацца хочаш? Маёй шкурай?! Шкада мне, шкада. Цьху на цябе, гліста! Шкада-а.

Папа выцягнулі.

Радзівіл. А па гэ-гэтых ту-тут зараз — чын пахавання. Жывым — экценню па мёртвых. Папоў! Усе туды! Цялецкі! Каб да адчаю давесці, каб трэсліся ад жаху! Тут! Яшчэ жывых! I ўставайце. Збірайцеся.

Пайшоў з астатнімі аксамітнікамі. Антох падымае людзей і ў страшным маўчанні спрабуе пастроіць іх, і гэта яму сяк-так удаецца. Тых, хто падае, зламаны катаваннямі, трымаюць пад рукі. I тут далятаюць звонку змрочныя галасы пахавальнага чыну.

ЭКЦЕННЯ АБ ПАМЕРЛЫХ.

«Злітуйся з нас, Божа, па вялікай літасці Тваёй, малімцеся, пачуй нас і памілуй.

Яшчэ молімся пра ўспакаенне душ заснулых (усопшых) рабоў Божыіх… (Тыя, каго ўспамінаюць, ускідваюць галовы або апускаюць іх.) Івана… Васіля… Лаўрэна… Пакі Васіля… Анцівоха… (Поп Антох хрысціцца.) Навума… Захарыі… Хвёдара… Восіпа… Кузьмі,.. Курылы… Атрохіма… Пакі Кузьмы… Ігната… Міхайлы… Пракопа… I пакі — пакі дваіх Васілёў і шасцёх Іваноў і о ежэ прасціцеся ім усякаму граху вольнаму жэ і нявольнаму, яка да пан Бог учыніць, душы іхнія там, дзе праведныя ўспакаяюцца».

Антох. Хадзем, людзі. Гэты чалавек жадае зрабіць усё, каб давесці нас да адчаю.

Лаўрэн. Страшна.

Нехта ў натоўпе заплакаў.

Антох. (уздыхнуў) Страшна. Але для радзімы нашай разадранай, для нас, пашматаных і змучаных, — суцяшэнне.

Вядуць экценню галасы:

«Літасці Божыя царства нябеснага і пакідання грахоў іх, у Хрыста, бессмяротнага Цара і Бога нашага просім. Яка Ты ёсць уваскрасеніе і жывот і спакой заснулых (усопшых) раб Тваіх, Хрысце, Божа наш і Табе славу ўссылаем са безначальным Тваім Айцом і Прасвятым і добрым і жыватворным Тваім Духам, ныня і прыснам і ў вякі вякоў. Аман».

Антох. Пяюць. Просяць, каб дараваў нам усякае саграшэнне, вольнае і нявольнае. Каб убачылі мы святло боскай любові, — мы, усімі на свеце пазбаўленыя яе, — а ўсе, што застаюцца на зямлі, атрымалі суцяшэнне. Ідзем, нясем ім святло.

Усе ідуць да сходаў. Антох ціха і вагома кажа ў натоўп.

Гэта князю адпяванне будзе страшнае. Бо не зрабіў ён нічога добрага на зямлі. То хай ён слухае. I вы там слухайце, наверсе. Разлічвалі вы, мучыцелі, на іншае, а тут… тут заспакаенне. Цярзанні спыняцца, мукі скончацца. Яны — не вечныя… Не вечныя.

Яндекс.Метрика