Млын на Сініх Вірах — Карціна чацвёртая
Хата Тэклі Каваль. Звычайная вялікая сялянская хата з неатынкаванымі сценамі. Вялізныя, выступаючыя бэлькі на столі. Хата перагароджана вышыванай занавескаю, якая ў першую палову дзеі адшморгнута. Перад занавескаю: злева — дзверы з хаты, справа — адгароджаныя перагародкаю, мыцельнік і печка. У мыцельніку стол, паліцы з міскамі, на печы відаць пучкі сухіх траў. Ад дзвярэй стол і лавы ў кутку пад іконамі (у гэтай сцяне два акны). На той сцяне, што перад гледачамі, — фатаграфічны партрэт пад ручніком, ля акна. Там жа стул і старадаўняя пузатая камода. На сцэне Апанас Жаўрук у світцы, Тэкля Каваль ля стала, у мыцельніку. На стале пакункі, скруткі. Стол пад абразамі сервіраваны. Восень, за вокнамі блакітнае неба і жоўтыя кусты. Знадворку далятае сумны крык жораваў, якія цягнуць у вырай.
Тэкля. Жоравы лятуць, Апанас. Смешна гэта, а я б таксама з імі паляцела. Што мяне трымае? Цяжка мне. А яны сабе палятуць далёка-далёка, аж за мора сіняе. Я памятаю, дзяўчынкаю ляжаш на мяжы, палынок, бадзякі ў траве, павуцінкі плывуць. I ўсё такое чыстае, і жоравы крычаць. Замахала б рукамі, узляцела, прыстроілася ў хвост іхняму кліну. Нельга.
Жаўрук. Надта ўжо цяжка. Месяц як шукаюць партызан — не вытанцоўваецца. Злыя, як асеннія мухі. Твой гэты маёр хаця нічога?
Тэкля. Скнара! Цукар на пальцах пералічвае. Учора котка, калі я за дровамі пайшла, сцягнула каўбасу. Бягу з дровамі — аж мне гэта тут у галаву—бягу і думаю: «Божухна, не папусці!» Прыйшла і бачу: Кабздох мой стаіць над каўбасою і на котку вурчыць. Ён у мяне такі, сам не з’есць і іншаму не дасць. Выратавала мне жыццё царыца нябесная. А што гэта, Апанас, ты сядзіш неяк так дзіўна, быццам зараз пойдзеш?
Жаўрук. Іначай не магу. Ты ж ведаеш, як было, каб ім у пекле патэльні падмазвалі, з гэтым Мацкевічам. Калісьці я і ён заляцаліся да маёй жонкі будучай. Тая мяне выбрала. Паскудзіў ён мне як мог. Біліся два разы на год абавязкова. Дваццаць пяць год прайшло, сам ён жанацік, дзеці вялікія, думаеш, ён мне дараваў, харцызяка? Прызначылі яго месяц таму старастам. Здаецца, ніхто на яго пакуль што не скардзіцца, адзін я толькі. Дня не праходзіць, каб не прычапіўся да якога-небудзь глупства і немцам не данёс. А ў тых справа кароткая — адшмагаць палкамі, і скардзіся пасля нямецкаму богу. Білі, праўда, шануючы, гады, не знімалі світкі, дык я пад яе на тое месца, на якім нават цар сядзіць, кажушаную латку нашыў. Дапамагло пару раз. Дык што ж ты думаеш, на трэці дзень, падлюкі, знялі не толькі світку, але і нагавіцы, і тады, вядома, латка не дапамагла. Ведаеш, Тэкля, я добры чалавек, але да таго мяне зацкавалі — дай час, прыйдуць нашы. Вазьму стрэльбу, зайду да яго ў хату, скажу «маліся» — і, хаця б жонка маліла за яго на каленях, трахну яму ў лоб. Так і ўяўляю: сядзіць ён, капусту жарэ, а я яму ў лоб. Каб мазгі ў міску паплылі. Жыццём дзяцей бажуся, так і зраблю, дальбог. Раз’юшыўся, азвярэў народ.
Паўза.
А ты ўсё варыш, нябога?
Тэкля. А што ж мне рабіць? На ражон лезці? Сёння ў іх гулянка нейкая будзе. Вось і гатую. Кохвей ім на спіртоўцы іхняй вары, суп вары, як той каралеўне, што жадала пірагоў з жабамі, рысавы, з сухімі слівамі, лыжкай не правернеш. Наша сумленная груца, па-іхняму, ежа для свіней ды для нас. Але я, Апанас, на ражон не палезу з-за таго толькі, што яны ядуць, як свінні. Я вялікага дабра ад савецкай улады не бачыла, арыштаваць хацелі за гэтыя вось травы. Я памерці па-людску жадаю, а не на шворцы, як сабака які, даруй мне божа.
Жаўрук (устае). Злая ты баба, Тэкля… Ты вось пра арышт памятаеш, а пра тое, што дачка твая з дзярма, з хлопства, у ваяводы папала, на доктара вывучылася — дык гэта не, не памятаеш.
Тэкля. А ты мяне не вучы. Мне не многа ласкавых слоў за жыццё перапала, дык і я, таксама захачу — бурчаць стану, захачу — лаяцца буду.
Жаўрук. Я б на тваім месцы, Тэкля, не так рабіў, але што ж, твая справа.
Жаўрук пайшоў, Тэкля ўвіхаецца ля печкі, бурчыць. Праз некаторы час заходзяць Штаркенфауст, Вольфганг Ламсдорф, Фердынанд Эверт, яшчэ два драбнейшыя афіцэры. Прайшлі ў чыстую палову хаты.
Эверт. Нун, гусь, бяры свае ногі ў ахапак і гатуйся частаваць. Маёра чакаць не будзем. Што гэта ты задумалася? Мо замуж хочаш? За мяне?
Тэкля (ціха). Гусь такому кабану дурному, як ты, не таварыш.
Эверт. О-о, дурань матка. Глядзі, пух-пух будзе.
Штаркенфауст. Эверт, хадзі сюды. Няма чаго з ёю размовы весці. А ты, жанчына, рабі свае справы, інакш заробіш на старасці год. Гэта табе не саветы. (Кажа ціха.) Справы дрэнныя, панове. Што зрабілі за гэты месяц? Нічога?
Эверт. Ну, гэта як хто. Я не без прыемнасці правёў час. Жанчыны тут — Венеры Бельведэрскія.
Штаркенфауст. Поспехам асаблівым вы, аднак, не карысталіся. Вы, Эверт, наогул, хвалько. I было б значна лепей, калі б вы займаліся не спадніцамі, а сваімі справамі. I яшчэ я даведаўся: калі малы сын гэтага… Жаўрука залез у вашу банку з варэннем — вы толькі вынеслі яго за вушы з хаты, як самавар.
Эверт. Дурань, бубэ.
Штаркенфауст. Вы спрыялі дрэнным інстынктам гэтага народа. Яны ўсе, як адзін, зладзеі. Трэба было б, на першы раз, адлупіць, а калі паўторыць — стрэліць на месцы, як збрадлівага сабаку.
Ламсдорф (нервова). I наогул, Эверт, вы з вашай лагоднасцю дрэнна скончыце. Справы дрэнныя! Мясцовыя жыхары — шыбенікі! Дзікі край! За гэты час прачасалі ўсю паўночную частку пушчы — ані слядоў, ані намёкаў на гэты млын і на інсургентаў. Ненавіджу! У кожнай хаце па пяць дзяцей і кожны — будучы бандзюк. Калі б знішчыць кожнага чацвёртага — і то б не дапамагло. Што мы, урэшце, будзем рабіць, Штаркенфауст, шляхі невядомыя, паглыбляцца ў пушчу — небяспечна!
Штаркенфауст. Шукаць. I не трэба быць панікёрам, Ламсдорф. Будзем паглыбляцца ў пушчу па рэчках і ручаях…
Ламсдорф. Якія губляюцца ў дрыгве, упадаюць у лясныя азёры, утвараюць з межытокамі сапраўдныя лабірынты! Вы звар’яцелі, Штаркенфауст, не гледзячы на ваш халодны, як нож, розум!
Штаркенфауст. Я, перш за ўсё, не крычу. А вось калі вы будзеце так хвалявацца — месца ў бедламе вам забяспечана.
Ламсдорф. I добра. Лепей бедлам, як гэтыя лясы і ваша суседства. Прыхлопнуць брыгаду нам не ўдасца, хутчэй яны нас прыхлопнуць.
Штаркенфауст. Бацька мой сумленна загінуў за месяц да майго нараджэння, у першую вайну. Дык вось, калі мы іх не знойдзем, я згаджуся загінуць не ад сумленнай кулі, як бацька, а ганебнай смерцю.
Ламсдорф. Як вы не разумееце, рух на чыгунках спыніўся! Дыверсіі. Смерць! Жах! Жыхароў савецкая ўлада сапсавала канчаткова. Нават наш велікапышны дуб, Эверт, разумее, што мы… нічога не можам зрабіць з гэтым народам.
Штаркенфауст. Я не крыўджуся на вас, я добра бачу, гэта ад нерваў. Затое, калі гэта скончыцца, я даб’юся таго, каб не толькі гэтых лясных разбойнікаў павесілі, але і жыхароў навакольных вёсак. Тады я падумаю, што мне адказаць вам, Ламсдорф. Я ўпэўнены, я перажыву апошняга з іх, мала таго, даб’юся, каб гонар знішчыць гэтага, апошняга, належаў мне.
Эверт. А зараз выпіць трэба, панове.
Афіцэры наліваюць. 3 вуліцы ўбягае Трубайла.
Трубайла. Дазвольце, паны афіцэры. Прашу прабачэння. Я, вядома, не адважыўся б, калі б не такі дэцыдуёнцы момант. Але я, нарэшце, успомніў тое, пра што гаварыў пану ІПвальбе.
Штаркенфауст. Гэта пра млын? Кажыце.
Тэкля Каваль прыслухоўваецца.
Трубайла. Я прыпомніў, яны казалі, што гэты млын, да яснай халеры, ляжыць на нейкіх Сініх Вірах у непасрэдным суседстве з вёскай Чарнабогі. Яны гаварылі досыць ціха, але я чуў.
Штаркенфауст. Цікава. Вы золата. Эверт, налі шклянку чалавеку.
Трубайла. За здароўечка пана. То добра, душу пакропіць. Але я скарыстаюся выпадкам, каб нагадаць. Па субстытуцыі я — другі спадчыннік. Мой старэйшы брат загінуў, і зараз калішні хутар павінен належаць мне. Можа, вы можаце гэта аформіць?
Штаркенфауст. Добра. Добра. Эверт, яшчэ чарку чалавеку.
Трубайла. Як кажуць, каб не дзірка ў роце — хадзіў бы ў злоце. Ваша здароўечка, панове (п’е).
Штаркенфауст. Вам трэба апавясціць пра гэта. Маёру Ранцоў я перадам сам. А вы зараз жа спяшайцеся ў горад, да Адлерберга. Перадайце, патрэбны ўсе яго рэзервы: мы абавязкова нападзём на след брыгады цераз гэты млын. Ясна? Можаце ісці.
Трубайла выходзіць.
Сінія Віры? Трэба распытацца ў людзей.
Ламсдорф. Дазвольце падняць трывогу?
Штаркенфауст. Не, нашто непакоіць перадчасна людзей. Спачатку паабедаем. Сёння суп з чарнаслівам, мой улюбёны. Ранцоў няма — ну і ляд з ім.
Занавеску зашморгнулі.
Тэкля. Што ж гэта робіцца, га? Людзі добрыя? Зусім разгубілася я. Што рабіць? Марыська там! Цыкмун! Млын забяруць, што ж тым, у пушчы, рабіць? Тысячы іх, жанчыны, дзеці маленькія з голаду пухнуць будуць! Іхняя якая правіна, што будуць яны пакутаваць за нашы грахі? …А можа, нічога? Можа, яшчэ не дабяруцца да млына? Можа, не лезці на ражон? Не, абавязкова дабяруцца. Распытаюць людзей, прачэшуць пушчу на поўдзень — натрапяць. Нашы ж людзі. I мне будзе сорам. Каляда тады паручыўся за мяне, калі судзіць хацелі, на такое месца паставіў цяпер, давярае. А тады і ён у вочы плюне. Марыська адвернецца. Такога сораму сваёй хаце я не зраблю. Але як? Як мне іх папярэдзіць, як гэтых прымусіць маўчаць?.. Так… так… толькі гэта, толькі гэта. Даруйце мне, людзі, калі каму саграшыла. Трэба ўхадзіць. Зажылася на свеце, старая торба.
I ўжо рашуча ідзе за занавеску.
Паны афіцэры, дазвольце аканіцы зачыніць. Лес, ведаеце, можа нешта небяспечнае здарыцца.
Штаркенфауст. Зачыняй.
Тэкля (ціха). Зачыню я тваю труну.
Пайшла. Паступова з грукатам зачыняюцца аканіцы. Паўцемра. Эверт запальвае свечы. Тэкля вяртаецца.
Тэкля. Ну вось, зараз не скуголіць, не замовы чытаць. Станавіся перад панам-богам, раба божая Тэкля, а то і проста ў яму.
Лезе на печку, дастае стуль пучок сухой травы.
Зараз чыста, толькі вось у каструлю (робіць гэта і далей, як кажа), на ежу, дзе магчыма, у кохвей. Многа трэба сыпаць, многа, каб адразу. А цяпер ратуй мяне, маці Багун-трава, даруй, што ўжываю я цябе для такіх… свіней, будзь моцны, рабі адразу справу тваю. Выратуй, божухна, Марыську, і Цыкмуна, і таварыша Каляду, хаця і бязбожнік ён, і дзетак нашых, птушанятак малых. А мяне, калі зробіш так, як прашу, хаця і ў пекла пасадзі, я не паскарджуся, на ўсё святая воля твая.
Эверт. Матка, накрывай на стол.
Тэкля носіць на стол стравы. Афіцэры пачынаюць есці, толькі Штаркенфауст сядзіць і нюхае ежу.
Штаркенфауст (да Тэклі). Чым гэта ежа сёння пахне такім… дзіўным?
Тэкля (халодна). Можа, кмінам, можа… я гуркі з парэчкавым лісцем салю.
Штаркенфауст, павагаўшыся, пачынае есці. Тэкля адышла да печкі, зашморгнула занавеску, ціха кажа.
Ежце, ежце.
3 вуліцы заходзіць маёр Ранцоў, спыняецца ў дзвярах і размаўляе з кімсьці за сцэнай.
Ранцоў. Будзьце ўважнымі, інакш гэта дрэнна скончыцца для вас, Фрыдрых.
Штаркенфауст (з-за занавескі). Маёр, просім да нас, мы ўжо пачалі, і тут ёсць для вас тое-сёе цікавае.
Ранцоў. Зараз, зараз, панове.
Тэкля застыла каля печкі, як жывая статуя адчаю.
Ранцоў (за дзверы), Пачакайце, Фрыдрых, вы ўжо паслалі людзей да старога зімніка? Не? Добра. Мне патрэбна праінструктаваць іх (да Штаркенфауста). Я зараз прыйду, панове, адну хвіліначку.
Пайшоў. Тэклю адпусціла. 3 палёгкаю адвяртаецца ад печкі, але тут жа зноў перапалашылася.
Тэкля. А як жа гэты смоўж, шляхціц гэты? Пра яго я зусім забылася. Ну да млына, каб папярэдзіць, можна і Апанаса Жаўрука паслаць, а як затрымаць Трубайлу?
Лёгкі стук у дзверы, заходзіць пераапрануты ў жабрака Віктар Сміхальскі.
За занавескаю дзвэнкаюць нажы.
Тэкля (шэпча). Ты яшчэ чаго тут, блазень? Не бачыш, куды прыйшоў?
Віктар. Цётка Тэкля, што яны тут намерваюцца рабіць? Вас на млыне два тыдні не было, мяне Каляда паслаў, непакояцца ўсе, ці не пранюхалі наконт нас.
Тэкля. Добра, добра, Віценька, што прыйшоў. Млын на валаску вісіць. Трубайла тады ў выканкоме падслухаў частку размовы, расказаў афіцэрам і зараз пайшоў у горад да каменданта, папярэдзіць пра млын. Пакуль што ведаюць толькі гэтыя афіцэры. Але іх я паспрабую не выпусціць. Бяжы, хлопча, спачатку да Жаўрука і накіруй яго на млын, папярэдзіць. Людзі на млыне няхай, на ўсякі выпадак, гатуюцца. А ты бяжы ў горад, прамуй пушчаю, можа, дагоніш. Калі дагоніш, абавязкова забі, забі неадменна. Лепей усе кулі выстралі, як сумнявацца, ці жывога ты яго пакінуў. Калі не дагоніш — папярэдзь Дзюбку: Трубайлу трэба прыкончыць хоць у самым будынку гестапа, пакуль не расказаў пра млын. Бяжы, хлопча, паўтары тысячы людзей залежаць ад цябе. А гэтых (паказвае на занавеску) я ўжо сама… затрымаю.
Віктар. Трэба і вам бегчы, цётка Тэкля. Іначай загінеце.
Тэкля (горка). Мне бегчы нельга. Можа падвесці мой сродак, давядзецца іншы ўжываць.
Віктар. Чаго гэта?
Тэкля. Ты яшчэ не зразумееш, хлопча. Скажы ўсім, што я хутка памру, ужо зараз памерла. Хай не памінаюць ліхам. А Калядзе скажы, што і травы могуць іншы раз спатрэбіцца. Спатрэбілася і Тэкля Каваль, ведзьма, яе нагаворнае зелле. Можа, не заўсёды ў турму, можа, і крыж на магіле можна іншы раз паставіць ведзьме. Бяжы, хлопча…
Віктар ідзе да дзвярэй.
Марыську за мяне пацалуй.
Цішыня, афіцэры размаўляюць аб нечым за занавескаю.
Тэкля. Чагосьці не дзейнічае? Напэўна, рана яшчэ. Пранясі, божа, не вядзі сюды другіх афіцэраў… Даўно было, стаяла дзяўчынка ў гародзе, гарбузы ляжалі на сухіх гічках, неба было сіняе, жоравы ляцелі ў вырай. Былі ў гэтай дзяўчынкі анучныя і гліняныя лялькі, клала яна іх спаць у разору, чакала чагосьці ад жыцця… Цяжка цяпер паміраць гэтай дзяўчынцы, не так як трэба чалавеку, не ў ложку, не на руках у сваякоў. Але што ж паробіш?.. Трэба… Але чаму не дзейнічае? Напэўна, трошкі рана. Але цяпер ужо хутка, хутка і адразу. Што ж вы ціхія такія, травы мае? Збірала вас гаспадыня па лясных дарогах, на берагах азёр, збірала, каб лячыць, а цяпер вось, у першы раз, забіваю вамі. Даруйце мне. Ты, скрыпень, знайшла я цябе ў сухім лесе, на выгары. Мёдам нясе ад цябе, нават калі ты сухі, дапамагаў ты чалавеку ад галавы. А вось і ты, трава жабіца, калі жаба ў чалавека, дык жуюць цябе многія і глытаюць сліну, дапамагае. А вось ад варагушы ад хінці, ружовы верас. Ты ў жніўні квітнееш. I лес тады зялёны зверху, ружовы знізу, гудзіць ад пчаліных спеваў. А вось і ты, пасконь, трэба твой цвет у самым пачатку жніўня збіраць і прэжчы ў гарэлцы — для зубоў. Я ў такі сродак не верыла, не ўжывала… А вось і вы, любыя, вось наперстаўка, вось баркун жоўты і белы, раманы. Жывеце вы, травы, ля дрыгвы, жывеце ў смалістых пушчах, жывеце на закінутых лясных дарогах. Лятуць над вамі на поўдзень жоравы, перадайце цераз братоў сваіх ад мяне ім прывітанне. Мне ўжо болей не хадзіць па пушчах, мне вас болей не збіраць чырвонай зарою, летнім ранкам, непагодаю асенняй.
Ціха.
Не дзейнічае чамусьці. Пэўна, стары багун адмовіўся. Ну, што ж, калі пачала ўжо, дык рабі да канца. Знойдзецца і іншае (пайшла да печкі).
Поўны болю і жаху жудасны крык з-за занавескі.
Пачалося! Пачалося! Нічога, нічога, гэта спачатку. Праз хвіліну і крычаць ты не зможаш. (Зноў крык.) Узяло, узяло вас за пячонкі, Нічога. Здохнеце, скавытаць будзеце. Будзе вам і за кабылу, і за гуску, і за цярпенне маё, і за ўсіх нашых людзей. (Крык, але слабейшы.) Нічога, нічога. Ніхто не пачуе. Аканіцы, аканіцы я зачыніла.
Яна вырастае, стае жахлівай, распластала на белым фоне печкі рукі, як раскрыжаваная, як вялікая драпежная птушка. Кідаюцца, мітусяцца па бэльках вялікія цені.
Мітусіцеся, мітусіцеся. Мала вам часу засталося. Мала.
За занавескаю роў, потым толькі стогны. Штаркенфауст апошнім намаганнем падае галавою з-за занавескі. Тэкля хутка кідаецца да яго, штурхае назад. За занавескаю, што адхілілася на хвіліну, бачны Ламсдорф, ужо нерухомы, галавою на стале. Эверт прыгнуўся, быццам яго ванітуе. Потым занавеска падае.
Штаркенфауст (за занавескаю). Праклятая баба…
Тэкля. Ну вось, здаецца, і ўсё. Пайсці зараз? Не, можа, яны яшчэ жывыя, скажуць яшчэ.
Уваходзіць маёр Ранцоў. Хоча ісці ў пакой.
Маёр!..
Ранцоў. Што трэба?
Тэкля. Ведаеце што… ведаеце што… мне трэба вам адкрыць нешта вельмі цікавае. Сёння я чула цікавае для вас. Два чалавекі размаўлялі пра партызан, быццам яны пайшлі з Звініцкай пушчы.
Слабы стогн з-за занавескі, Ранцоў прыслухаўся.
Мала таго, кажуць пра тое, што непадалёк ад лясніцтва… ну, словам, знішчылі нейкі нямецкі атрад і… быццам прарваліся на захад.
Ранцоў. Глупства вярзеш, кабета. Плёткі пераносіш.
Тэкля. Можа, і плёткі, я жанчына цёмная, непісьменная. Дый наогул, народ у Чарнабогаў такі: жывём у лесе, молімся лазоваму кусту.
Яна яшчэ доўга загаварвала Ранцоў зубы, але ў гэты час нешта грымнула за занавескаю, Ранцоў, западозрыўшы нешта, зрывае занавеску. На гэты раз за ёю ўсе нерухомыя. Толькі адзін Штаркенфауст паўзе на жываце павольна-павольна.
Ранцоў. Штаркенфауст, што з вамі? (Бяжыць і адчыняе нагою дзверы.) Доктара сюды! Хутчэй! (Вяртаецца.) Маёр, маёр, што з вамі, што? Трымай яго, баба, я яму гарэлкі ўвалью.
Тэкля. Няма чаго яго трымаць. Не дачакаецца. Ён і сам здохне.
Штаркенфауст. Атрута… Млын на… (апускае галаву).
Ранцоў. Генрых! Генрых!
Хата запаўняецца людзьмі. Ля дзвярэй стаў салдат. Хутка ўваходзіць доктар, ля Штаркенфауста завіхаюцца. Тэкля Каваль стаіць ля печкі спакойна, скрыжаваўшы на грудзях рукі: вялікі чорны цень.
Ранцоў. Доктар, ён казаў нешта пра млын. Прымусьце яго гаварыць. Няхай скажа два словы, толькі два словы, а потым можа паміраць.
Доктар. Я не думаю, што ён такі жывучы. Але я паспрабую.
Завіхаецца ля цела Штаркенфауста. Улівае яму нешта ў рот.
Штаркенфауст. Атрута… яна, яна атруціла. Божа, які жах, які жах!.. Якая жахлівая краіна!.. (Апускае галаву.)
Ранцоў (трасе яго). Млын! Млын! Генрых, кажы пра млын! Два словы!
Доктар. Пакіньце яго, маёр, гэта ўсё дарэмна.
Устае і ідзе да дзвярэй. Ранцоў даганяе яго.
Ранцоў. Доктар, што магчыма зрабіць?
Доктар. Зараз ужо нічога. Гэта нейкая невядомая арганічная атрута. Супрацьяддзя ад такіх рэчаў у нас няма. I, да таго ж, позна.
Выходзіць. Ранцоў павярнуўся да Тэклі.
Ранцоў. Дык я ўсё адно ведаю, што рабіць. Ты ўжо з маіх рук жывою не выйдзеш, калі не скажаш. Які млын?! Якая атрута?!
Тэкля. Атрута звычайная, багун-трава. А прыгатавала яе я, так што не старайся, панок. Ён ужо цяпер і на трубу архангела не ўстане. Ён мёртвы, мёртвы, як камень. Як кажуць у замове ад зубнога болю: «Маладзік, маладзік, дзе ты ўчора быў? — На тым свеце. — А што ты там бачыў? — Труну і ў труне раба божага цела мёртвае. — А ці баляць у таго раба божага зубы? — Не, не баляць». Так што ніколі больш ваш маёр, паночак, на зубы хварэць не будзе.
Ранцоў. Чаму ты атруціла яго?
Тэкля (спакойна). Шмат ведаў таго, што толькі нам, тутэйшым людзям, ведаць можна. (Салдаты выносяць мёртвых.) Вось і цягнуць яго, як сабаку нейкую, за ногі, даруй божа.
Ранцоў. Ты ж пацярпела ад савецкай улады.
Тэкля. А ты мне яе не ганьбуй, шчанюк. Яна цягнула людзей ад мяне да сапраўдных дактароў, хаця і ў мяне было чаму павучыцца. Савецкая ўлада мяне прыгнятала, а вы мяне выратавалі ад яе, выпхнулі з уласнае хаты, савецкая ўлада мяне хацела арыштаваць, але і там мяне ніхто кабылай не называў, як вы, савецкая ўлада дзяцей маіх вывучыла, а вы дзяцей малых, як самавар, за вушы з хаты выносіце. Так што маўчы.
Ранцоў. Млын! Які млын? Той самы? Адказвай тут жа. Жылы выцягну.
Тэкля. Ты мяне, панок, не пужай. Я цябе толькі што куды мацней напужала. Ты жанчыну, якая тройчы раджала, пакутамі не страшы. I смерцю нас не страшы. Мы й так з вамі дзесяць разоў на дзень паміраем.
Ранцоў (дастаўшы пісталет). Даю тры хвіліны.
Тэкля. Нашто мне яны. Дрэнна вы нас ведаеце, што прыйшлі сюды. Задралі нас, раз’юшылі люд. Будзеце ракаў па рачулках карміць сваім мясам.
Яна стаіць вялікая, грозна насунуўшыся на Ранцоў. Той, відаць зразумеўшы, што такая не скажа, апусціў вочы, потым хутка стрэліў. Тэкля стаіць.
Што, ты біў сваю матку так стрэліў, каб заплацілі?
Ранцоў страляе другі раз — Тэкля падае. Усе ачышчаюць хату. Пуста. Тэкля падымае галаву.
Як добра, як лёгка. Жывіце, дзеткі, жывіце, людзі. Падае занавеса, падае, падае, чорная нейкая, чорная. (Апускае галаву.)
Ляжыць на падлозе пакінутая Тэкля, праз адчыненыя дзверы можна бачыць сіні асенні далягляд, і аднекуль далёка-далёка, з неба, даносіцца тужлівае «кру-кру», сумны крык адлятаючых жораваў, быццам недзе ціха гудзе старцоўская старая ліра.
Заслона