Мужык і дзіва аднавокае

П’яны мужык дыбаў з радзін у сястры. Ідзе, хістаецца, дарога ў яго вачах знікае, яліны ўпрысядкі скачуць. А яму гора мала: спявае песні. Толькі чуе раптам:

— Пачакай жа, мужык!

Аглядзеўся — што за трасца з хваробай. Анікога. Ледзь пайшоў далей — зноў:

— Ды пачакай жа ты!

Глянуў — і бачыць: сядзіць на двух ялінах дзіва аднавокае, гайдаецца на верхавінах, як на сенніку. Скокнула дзіва на зямлю і пачало перад мужыком расці. У таго й хмель знік:

— А што, мужык, калі б мне дзеля развагі з’есці цябе?

Мужык трохі падумаў і кажа.

— Развага, вядома, добра, толькі давай я лепш табе раней нешта пакажу.

— Ану, — кажа дзіва.

Мужык выцягнуў крэсіва, выбіў на “грыб” цяпло, сціснуў яго зубамі, агнём унутр і пачаў дзьмухаць. За зубамі ў яго трут цепліцца, зубы сталі ружовымі наскрозь, і з роту дым заклубіўся.

— Бач ты, — кажа дзіва аднавокае, — відаць, што ты чалавек разумны. Толькі ўсё адно я цябе з’ем.

Мужык засумаваў жыватом, але няма чаго рабіць — сарвалася справа.

— А дзе ты мяне есці думаеш? — пытае. — Я б лепей ля хаты жадаў быць з’едзеным. Тут недалёка, вярсты чатыры.

— Пайшлі, — кажа дзіва, — усё адно ўвесь азадак мохам аброс.

— Так ісці нецікава, — кажа мужык, — давай лепей адзін на другім па чарзе будзем ехаць. Ты сядай мне на шыю і датуль будзеш ехаць, пакуль усіх спеваў, якія ведаеш, не прапяеш, а потым я табе на шыю сяду, і ты мне будзеш везці, пакуль я ўсіх сваіх не прапяю.

— Добра, — кажа дзіва, — я першы палезу.

І з гэтым — скок яму на горб, сам цёплы, гарачы нават, як кот на прыпечку, мяккі. Вось мярзота!

Пачало дзіва аднавокае спяваць, але ж калі патрэбна нешта прыпомніць — яно не прыйдзе ў галаву. Так і тут, не йдуць песні на язык. Няма чаго рабіць, злез, не праехаўшы нават вярсты. А мужык, як толькі ўскочыў дзіву на горб, так і запеў усім вядомую песню “У папа быў сабака”.

Ехалі, ехалі, дзіва хвалявацца пачало, што гэта, кажа, за песня гэткая бясконцая.

— Ого, — адпавядае мужык, — калі б ты ў маё становішча патрапіла — і не тое б заспяваў.

Агеньчыкі вёскі заміргалі. Як жа ж гэта ад дзівы аднавокага пазбыцца, — думае мужык.

— Хопіць, прыехалі, — кажа дзіва, — абдурыў ты мяне, мужык.

— Гм, — кажа той, — а ты, дзіва, чараваць можаш?

— Эге.

— Ну дык давай мы з табой вып’ем.

Дзіва, слова не кажучы, села на мужыковую шапку, а калі ўстала — там бутэлька гарэлкі ляжала і розная страва. Выпілі ўдвох, мужык і кажа:

— Залезці туды зможаш?

Дзіва падскочыла — і туды “шчупачком”.

А мужык коркам бутэльку запхнуў і кажа: “Ведай, як з сялянствам размаўляць, падла”.

І пайшоў да вёскі, а дзіва ў бутэльцы варухаецца, каравыя лапкі выпускае, як хрушч з сернічковай скрынкі. Мужык у вёску ўвайшоў, а ўсё прыадчыніць корак і запіхне назад лапку. А дзіва лямантуе:

— Я ўсё адно адсюль па кавалачках выдрапаюся.

І пачало сыпацца стуль кавалачкамі. Мужык давай гэтыя кавалкі лавіць і зноў на месца піхаць. А сам мармыча:

— Вось дзіва! Вось дзіва дык дзіва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.

А ў вёсцы рух, прыбегла нейкая баба да суседкі і крычыць ёй:

— Хрысцінка, твой мужык па вуліцы йдзе п’яны-расп’яны і на чарцей палюе.

Выглянула тая, і сапраўды бачыць такое: стаіць яе муж на вулцы, разгойдваецца, твар п’яны, вочы без усякага сэнсу.

Трымае ў руцэ пустую бутэльку, а другою нешта ў паветры ловіць і запіхвае ў рыльца, асцярожна прыадчыняючы корак. А сам мармыча:

— Вось дзіва дык дзіва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.

Аўтограф пад назвай “Мужык і дзіва аднавокі” захоўваецца ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, ф. 110 (1952 — 1954 гг.).
Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
Упершыню — у кн.: Караткевіч У. Вясна ўвосень: Казкі / Укладальнік У. І. Карызна. — Мн.: Юнацтва, 2000.
Набор зроблены па тым жа выданні. — С. 61 — 64.