Вязынка
Мы спазніліся на маладзечанскі поезд і вырашылі ехаць прыгарадным да станцыі «Беларусь», а ўжо адтуль дабірацца як-небудзь да Радашковіч, шукаць Вязынку, дзе нарадзіўся вялікі паэт.
Што ведаў я да таго часу аб гэтай вёсцы?
У памяці паўстаў радок з школьнага падручніка: «…нарадзіўся ў фальварку Вязынка, непадалёк ад мястэчка Радашковічы былога Вілейскага павета».
А што за гэтым радком?
I вось праносяцца невядомыя ўзгоркі, рачулкі з празрыстай вадою, вёскі ў лагчынах. Тут прыгожа, і паступова пачынаеш разумець, што толькі на гэтай зямлі мог нарадзіцца чалавек з прыгожай душой.
За станцыяй «Беларусь» тыя ж палі без канца, высокія ўзгоркі, парослыя лесам. Родная, мілая зямля!
Удвух з таварышам пускаемся ў невядомыя краі.
Шмат часу «лічым шпалы», спяшаемся туды, дзе лес на двух узгорках расхінаецца і стварае браму ў светлую, залітую сонцам зямлю.
Спёка. Жаўранкі звоняць крыллямі ў шкляное празрыстае паветра. Па краях насыпу смяюцца кветкі: легкадумныя званочкі, сіні, як неба, васілёк, палявая «грэчка», ліпкія смолкі.
Ад будынка станцыі Радашковічы павяртаем у поле. Сцежка бяжыць праз палеткі — пыльная, мяккая, як атлас, аточаная задзірванелымі абочынамі, парослымі алешнікам. Вось яна ўзбіраецца на ўзгорак, нырае ў канюшыну, знікае… I тут знянацку сустракаемся з дзяўчынай.
— Як прайсці да Вязынкі?
— А вунь там, бачыце, дзве вялізныя сасны? Пройдзеце адну вёску, — гэта будуць Ліпяні, — дык амаль адразу за ёю.
— Дзякуем.
Дзяўчына праводзіць нас доўгім позіркам, і нам здаецца, што ў вобліку яе ёсць штосьці ад Паўлінкі. А вакол красуе жыта — плён яе нястомных рук, красуе на ўсім абшары. Пад восень тут запяюць жаночыя галасы, застракочуць жняяркі, ляжа ў бабкі ўмалотнае збожжа.
У вырай сабралiся гусi,
I жораў азваўся пад небам…
Плывуць па шляхах Беларусi
Абозы чырвоныя з хлебам.
I нам уяўляецца, што наперадзе жней ідзе тая, з якой мы спаткаліся, і высока лунае яе мілагучны спеў.
Вецер абнiмае
Стан яе дзявочы,
Сонца ёй цалуе
Шыю, твар і вочы.
А яна — царыца,
Весела, шчасліва
Карануе песняй
Залатое жніва.
Мінаем Ліпяні, дзе і сапраўды так шмат старых ліп, што ўся вёска аж хаваецца пад шатамі дрэў. Мы праходзім далей, і вось ад будкі стрэлачніка нам відаць невялікі будынак з чатырма белымі калонамі. Гэта і ёсць былы фальварак Вязынка.
Амаль ля самай вёскі, там, дзе на чыгуначным адхоне чырванее цяпер зорка, вылажаная з кавалкаў цэглы, стаяў калісь пагранічны слуп. Ліпяні былі яшчэ савецкія, а Вязынка адыходзіла да панскай Польшчы. Магчыма, што Купала калі-небудзь стаяў на ўзгорку савецкай стараны і глядзеў на захад. Там яму была відаць хата, дзе ён упершыню пабачыў свет, там жылі знаёмыя людзі, там у панскіх маёнтках і броварах ён праходзіў школу жыцця, «зазнаўшы такога пекла, якога яшчэ ніколі не ведаў».
Вецер з таго боку даносіў да яго вушэй звон кайданаў.
Але нядоля даўно мінула. Вольнай стала калыска яго маленства — Вязынка.
Вёска мрэе пад сонцам, уся зялёная, наскрозь пранятая святлом. Непатрэбны былы панскі будынак дагнівае з ускраю яе. Нехта яшчэ жыве ў ім, але большая частка яго пустая, калоны пахіліліся.
— Ой, каб не спаткала вас доля Нерона! — успомніліся словы паэта.
Запаветную хату з белымі аканіцамі мы пазналі здалёк, нават не давялося пытаць нікога.
Старажыха адчыняе дзверы. Музей зусім невялікі, але ўсё тут, у гэтай мясціне, дыша ўспамінамі аб ім — хата, сяло, навакольныя пушчы. Магчыма, што хату трэба было б пакінуць такой, якой яна была ў той час, калі нарадзіла ў ёй простая беларуская маці свайго сына. Хай бы падлога была земляная; хай бы мядзведзь-печ панура глядзела на ўсіх; хай бы стаялі ў куту кросны, — ён жа вырас у беднай хаце, каб вывесці з тысяч такіх хат на святло людзей, якія не бачылі сонца.
Ля хаты цвітуць кветкі, гудуць пчолы. На другім беразе рачулкі ходзяць важныя бацяны, шуміць лес…
Тут ён праходзіў сваю навуку, гэтыя палі ўлівалі яму ў грудзі сваю песню.
Ад самай красы маiх дзён невясёлых
Настаўнікам быў беларускі абшар…
Шырокі гэты абшар на ўзгорках пад Вязынкай! Жывая Беларусь, апетая Янкам Купалам, паўстае перад намі — срэбныя званочкі жаўранкаў, блакітныя далягляды, баравы шум… Але гэта зямля мае цяпер новы адбітак на сваім чале. Па ёй ходзяць новыя, шчаслівыя людзі. Янка Купала бачыў іх яшчэ тады, калі абуджаў у душы іхніх бацькоў пачуццё чалавечай годнасці, калі заклікаў:
Паўстаньце!
Край ваш стогне родны,
Заве збаўляць, як зваў не раз.
Гісторыя паказала, што паэт быў правым у сваім сцверджанні таго, што «будзе ўнукаў, панаванне там, дзя сягоння плача дзед».
З палёў нясецца песня. Вечар кладзе на ўзгоркі свае ружовыя адбіткі. А песня ўсё шырыцца. Можа, гэта песня народа, што выклікала да жыцця яго вершы, а можа, яго ўласная, аб якой ён гаварыў:
Песня мая не шукае чырвонцаў —
Будучнасць гэткiх не знойдзе ў ёй плям, —
Жыць толькi хоча ў радзiмай старонцы,
Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.
Пецi, i з часам, у добрую пору,
Выклiкаць водклiк у сонным сяле…
Усю Беларусь — неаб’ятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, святле.
Яснае, як сонца, святло залівае зямлю і крылата лунае ў прасторах.
Спускаемся зноў у лагчыну да сяла. Зноў перад намі запаветная хата. Семдзесят год таму назад у гэтай хаце пачуўся яго дзіцячы голас. Якім моцным стаў гэты голас з гадамі, як грымеў ён над зямлёю, калі перад сялянскім хлапчуком адкрыўся зорны шлях! А выйшаў жа ён на гэты шлях з гэтай хаты. Выйшаў басанож. Шмат перад ім наперадзе было сустрэч, шмат песень, шмат сонечных ранкаў і сноў аб роднай Беларусі. I ён пайшоў, ён ідзе… I разам з ім ідзём і мы, бо і пасля смерці ён застаецца нашым настаўнікам і паплечнікам і сумесна з намі пракладае шлях наперад.
Вось апошні раз мільгнула праз дрэвы хатка, вось схаваўся за ўзгоркам былы фальварак, але доўга яшчэ з цягніка відаць сосны, што акружаюць Вязынку. Бываюць мясціны, да якіх прывыкаеш за кароткія хвіліны так, што не хочацца расставацца, і калі пакідаеш іх, здаецца, што пакінуў там частку самога сябе.
Так і тут. Вось ужо і сосны зніклі з далягляду, пасінела і цёмнай стала далячынь, а ўсё здаецца, што там стаіць сонца…
Бывай, Вязынка!
- Упершыню — у кн.: Янка Купала. — Мн.: Выд. АН БССР, 1955.
- Сам У. Караткевіч лічыў гэты нарыс першай сваёй значнай публікацыяй.
- Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 11 — 14.