Вільнюс — часцінка майго сэрца

ГОРАД мой! Любоў мая да цябе зарадзiлася так даўно, што я нават не помню калi. I думаю, што буду любiць, пакуль жыву.

Я ўдзячны табе за светлыя веснавыя ранкi над Нерыс, над Вiлiяй, калi жыхары спяшаюцца да працы, за спякотныя поўднi на Росах, за золкiя кастрычнiцкiя змярканнi ў блытанiне вулак старога горада, за жоўтыя i залатыя лiстапады на Антолакi, за язычок зыркага агню — Анну, за унiверсiтэцкi квартал са Святаянскiмi мурамi, у якiх столькi ўсяго перажылi героi маiх твораў, за цiшыню музеяў i за агеньчыкi ўтульных, гасцiнных «корчмаў». I яшчэ за цiшыню тваiх архiваў, у якiх адрабiў чорт ведае колькi гадзiн.

Праходзячы па тваіх плошчах, я збіраў усё ў сваю пісьменніцкую кайстру — і кінуты кімсьці жарт, і вобраз прыгнечанага бядой чалавека, і шчаслівую, светлую ўсмешку дзіцяці, якое ляжыць у калясцы, і разумную размову са старым мастаком у ягонай майстэрні, і ўважлівы позірк бабулі, што прысела на лаўцы.

І я тут столькі набраў ружаў і шыпшыны, нікчэмнасці і высакароднасці, чалавечай сціпласці і неўвядальнай красы, што цяпер, калі б усё гэта вытрас з сваёй кайстры, стаў бы зусім бедным.

Але Вільнюс… Вільня — гэта не толькі адзін з любімых маіх пісьменніцкіх «палігонаў», да кварталаў якога я «прыстасоўваю» характары і ўчынкі сваіх герояў, ён сапраўды часцінка майго сэрца, таму што тут я дыхаў на поўныя грудзі, таму што тут я проста — жыў!

Колькі перамералі крокаў мае ногі па тваіх гарбатых тратуарах! Колькі вершаў я тут напісаў! Колькі нечаканых і цудоўных думак нарадзілася тут (горад — гэта каталізатар, які абуджае вялікія, часам парадаксальныя думкі)! Колькі падарыў ты мне нязмернай радасці і бязмежнага болю, за якія я роўна бласлаўляю цябе.

Тут спляліся культуры нашых народаў, як карані літоўскіх і беларускіх дрэў на мяжы (але хіба ёсць тая мяжа?), як плынь беларускіх і літоўскіх рэк. Непадзельная і выпакутаваная нашымі пакаленнямі гісторыя — з першых яшчэ няцвёрдых крокаў, з тых дзён, калі падужэлыя ўжо, разам рушылі на Грунвальд біць крыжакоў і там зрабілі канец іх крывавым нашэсцям, — да самых апошніх часоў.

…Мой Вільнюс, мая Вільня, хадзіў-папахадзіў я тваімі вуліцамі-вулачкамі. Але адзін дзень прынёс мне светлай тугі больш за ўсе іншыя. 10 сакавіка1964 года, калі споўнілася сто гадоў, як пакаралі смерцю Кастуся Каліноўскага, я яшчэ ў прыцемках прайшоў увесь яго шлях: ад Дамініканскіх муроў на рагу вуліц Гараліса і Гедрыса (там ён быў зняволены) да Лукішак, дзе ля сцен кляштара св. Якуба стаяла шыбеніца.

А пасля таксама пехатою пайшоў на месца, дзе хавалі павешаных (на тэрыторыі тагачаснай цытадэлі), падняўся на гару Гедыміна. Я не ведаў, дзе там ляжаць яго косці, але сеў пасядзець і бачыў, як над горадам абуджаецца ранак.

У тую раніцу ў горадзе выпала шэрань, тонкая і сыпкая, нібы цукровая пудра, галінкі дрэў пакрыліся лёгкім інеем. Сонца, узыходзячы, пазначыла ружовай фарбай верхавіны званіц, а потым перада мною раскінуўся горад — увесь пафарбаваны ў ружовы колер ад праменняў сонца і лёгкі, як хвост райскай птушкі.

Вось так я і ўшанаваў памяць Кастуся Каліноўскага. Нібы разам з Беларуссю і Літвой чакаў світання новага дня, за які так упарта — аж да смерці змагаўся ён.

Цяпер я ведаю, што шмат чаго можа прадракаць мне лёс — як і кожнаму іншаму чалавеку, — але ў маім жыцці, поўным усялякіх нечаканасцей, акрамя ўсяго іншага, быў Вільнюс, Вільня, і той ранак на гары Гедыміна.

Горад мой, ты не абнесены мурамі, але самыя лепшыя муры — сэрцы вільнюсцаў: літоўцаў, беларусаў, палякаў — усіх.

Людзей.

І маё сэрца — гэта каменьчык, пакладзены ў гэтыя муры.

  1. Упершыню — у літоўскім часопісе «Наўёс кнігос» («Новыя кнігі»), 1980, № 8.
  2. На беларускай мове пры жыцці пісьменніка не друкаваўся. Упершыню ў перакладзе — «Чырвоная змена», 1989, 1 жн. (Пер. Я. Кісялёвай). Пры перакладзе з літоўскай выкарыстаны чарнавыя накіды У. Караткевіча, якія захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў ЦНБ НАН РБ.
  3. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 108 — 110.
Яндекс.Метрика