Зямля пад белымі крыламі — Уступ
Зараз вясна. Над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы — хто лічыў? На вільчыках сялянскіх хат, на дрэвах, на калонах старых разбураных палацаў, на слупах капліц сярод маладога зялёнага жыта. Гнёзды паўсюль.
І таму мне здаецца, што ў гэтыя — і не толькі ў гэтыя — дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць “зямлёю пад белымі крыламі”. І не здзіўляйцеся, дзяўчаты і хлопцы, на дзіўную назву кнігі, якая трапіла да вашых рук.
Да пэўнай ступені бусел — сімвал Беларусі. Ёсць, вядома, дацкія буслы, апетыя Андэрсенам, ёсць буслы і ў іншых заходніх краінах. Ёсць яны і на поўдні. Але на ўсход ад Беларусі, калі не лічыць сярэднюю Азію, яны ўжо амаль не водзяцца. Так што нават цікава, а хто там прыносіць у дом дзяцей.
Вось так і планіруюць, планіруюць буслы. Ветразі іхнія раскрылены над дрэвамі, пушысты хвост, як веерам, накрыў выцягнутыя ногі. А мне пад іхні палёт асабліва добра думаецца пра Беларусь, нашу з вамі радзіму. І для вас я і хачу, наколькі хопіць маіх ведаў і здольнасцяў, расказаць пра яе.
Па-першае, чаму “Беларусь”? Ёсць некалькі варыянтаў паходжання гэтай назвы. Прывяду два з іх.
Першы: белыя адзенні даўніх вясковых людзей, белыя іхнія валасы, белы колер скуры.
Другі. А ён аніяк не супярэчыць з першым. Калі на нашы старажытныя славянскія землі прыйшлі татара-манголы — здолелі адбіцца ад іх амаль адны толькі мы. Паў Уладзімір, Разань, Кіеў. Да Ноўгарада захопнікі не дайшлі толькі таму, што пачаліся дажджы.
Мы — адбіліся. І менавіта таму мы “белая”, “чыстая ад нашэсця татараў” Русь. А гэта да шмат чаго абавязвае. І вы заўсёды памятайце гэта.
Здарылася так, што я пачаў па-сапраўднаму пазнаваць Беларусь толькі ў вашым узросце. Яна была “да вайны”, і за час вайны моцна забылася. Бамбёжкі, акружэнні, эвакуацыя. Масква ў кастрычніку 1941 года, горы Урала, Казахстан, Арэнбургскія стэпы. А пасля руіны Мінска і роднае мне Оршы, высечаныя ля дарог акупантамі (ад жаху перад партызанамі) лясы, пераховы забітых людзей. Так усё і пачало запісвацца зноў, нібыта на чыстай дошцы. Любоў да Беларусі нараджалася ў самыя галодныя, халодныя і цяжкія часы. І, магчыма, таму стала асабліва моцная.
Бачыў я пасля, як цяжка даводзiлася нам аднаўляць сваю гаспадарку, падводзiць пад кроквы новыя хаты замест спаленых, садзiць новыя сады, будаваць новыя школы. Бачыў на свае вочы, як аднаўлялiся Мiнск i дзесяткi iншых нашых гарадоў. Бачыў, як набiралi сiлы беларускiя сёлы. I вось менавiта таму, што я — сведка, я i лiчу, што маю некаторае права расказаць пра нашу рэспублiку вам, дарагiя падлеткi.
Мы з вамі дзеці адной гісторыі, аднолькавай сучаснасці і агульнай будучыні. Нас яднае агульны лёс. Нават у “важлівых дробязях”.
Уся розніца паміж мною і вамі ў тым, што я на нейкія трыццаць год старэйшы за вас і таму крыху болей бачыў. Дажывяце да майго — можа, будзеце куды больш бывалыя. А пакуль што я хачу трошкі памагчы вам у вашых першых кроках, даць вам ключ ад нашага дома, каб далей вы ўжо асвойваліся ў ім самі.
Я аб’ездзіў на Беларусі амаль ўсё. Няшмат засталося нават глухіх куткоў, дзе я не пабываў бы. Таму я насмельваюся сказаць, што ведаю сваю краіну і яе людзей. І менавіта таму, дарагія дзяўчаты і хлопцы, я стану гаварыць з вамі толькі аб тым, што сам бачыў і чуў. Гэта будзе кніга, напісаная сведкам, які многае (што датычыць сучаснасці) бачыў на ўласныя вочы. І я дужа хацеў бы, каб вы мне верылі, нават калі я стану вам расказваць самы незвычайныя рэчы. Таму што жыццё багацейшае, чым мы яго ўяўляем. Жыццё часам бывае настолькі падобнае на казку, што нельга не ўскрыкнуць: “Ды не можа гэтага быць!”
Вы можаце спытаць, нашто гэта вам, калi вы самi жывяце тут i шмат чаго бачыце “на свае вочы”. Ну, па-першае, Беларусь вельмi розная. Розняцца людзi, будоўлi, пейзажы. Калi вы жывяце на вёсцы недзе пад Столiнам, вы можаце не ведаць, як жывуць вашы браты i равеснiкi недзе на Вiцебшчыне. Па-другое, калi вы — дзiця вялiкага горада, вы можаце ўвогуле не мець уяўлення пра першабытныя лясы недзе над Бярозай-ракой. Па-трэцяе, не тая ўжо i вёска. Людзi носяць не тыя ўборы, глядзяць замест батлейкi тэлевiзары. Яны жывуць нязмерна лепей, але i: падабней адзiн да аднаго. I мне хочацца расказаць вам аб тым, што знiкае i чаму я быў сведкам, каб добра ведалi сваё месца ў гэтым жыццi i вы.
Мне патрэбна будзе расказаць і пра гісторыю. І тут вы, вядома, мажаце злавіць мяне на слове, сказаўшы, што не мог я, скажам, быць сведкам барацьбы майго народа з крыжакамі. Ваша праўда. Але я ў гэтых выпадках, ведайце, браў кнігі людзей найбольш вартых даверу, кнігі сумленныя і цікава напісаныя.
То пойдзем у наша падарожжа.
У дарогу, сябры!