Зямля пад белымі крыламі — Людзі зямлі беларускай
Ці думалі вы самі пра беларусаў не як пра сваіх бацькоў, братоў і сёстраў, сяброў або аднавяскоўцаў, а як увогуле пра людзей з асобным характарам, як пра народ з аднолькавай мовай, мінулым, сучасным і будучым?
Ці задумваліся, які ён, беларус? Ну, па-першае, жывуць у Беларусі рускія (іх найбольш у гарадах), літоўцы (іхнія вёскі ёсць у Астравецкім і Радунскім раёнах), яўрэі, латышы (сям-там на паўночным захадзе Віцебшчыны), украінцы (у некаторых вёсках на поўдзень ад Гомеля і невялікімі гнёздамі на Піншчыне і Століншчыне). Акрамя таго, добра ведаючы побыт, дыялектныя асаблівасці мовы, песню Палесся, я, асабіста, выдзеліў бы палешукоў у асобную этнічную групу. Занадта асобны, непадобны іхні фальклор, побыт, нават склад розуму. Ну, ладна, гэта справа вучоных, а не наша.
Ёсць на Беларусі татары. З тых, што калісьці ўзялі ў палон пры Батыі і пасля падчас набегаў пры Вітаўце і пасялілі асобнымі пасяленнямі на тэрыторыі краіны. Да нядаўняга часу яны адрозніваліся толькі рэлігіяй (цяпер гэтага няма) ды часам імёнамі і прозвішчамі, у якіх, бывала, толькі з цяжкасцю можна было ўлавіць намёк на іхняе паходжанне. Скажам, Ян Мустафавіч Марушкевіч або Іван Багданавіч Асановіч (ад імя «Асан», «Гасан»). Нават іхні этнічны тып стаў падобны на беларускі. Нават свяшчэнныя іхнія кнігі «Аль-Кітабы» гучаць на старой беларускай мове, хаця і запісаны арабскімі літарамі.
Склад насельніцтва нашай рэспублікі досыць аднастайны. Беларусаў тут 81 працэнт. Ды, акрамя таго, у апошні перапіс беларускую мову назвалі ў якасці роднай 328 тыс. чалавек іншых нацыянальнасцей, а 606 тыс. чалавек назвалі беларускую мову ў якасці другой мовы, якой вольна валодаюць.
…Што гэта за чалавек беларус? Што гэта за народ? Уласна кажучы, адказаць на гэта пытанне дужа цяжка. Гэта задача амаль невырашальная. Як і паўсюль, ёсць сярод беларусаў мяшчане і падзвіжнікі, лайдакі і працаўнікі, «малюскі» і героі (нават у штодзённым змаганні за новае, за лепшае, за вынашаныя ідэі, што, уласна кажучы, і называецца жыццём), дурні і мудрацы. І кожны паступае адпаведна свайму характару, і мудрыя разважаюць мудра і па-свайму, а дурні — як паўсюль.
Так што не трэба абагульненняў.
Аднак, многа паездзіўшы па рэспубліцы, перазнаёміўшыся з тысячамі людзей, я насмелюся назваць некаторыя досыць тыповыя рысы, уласцівыя народнаму беларускаму характару. Гэта пераважна мой погляд (могуць быць і іншыя), хаця многія і многія людзі, і не толькі з беларусаў, падзяляюць яго.
Тыповага беларуса я досыць лёгка адрозню сярод іншых, хаця б ён яшчэ не сказаў ніводнага слова (калі скажа, тады ўжо, нават калі ён гаворыць на іншай мове і без акцэнта, яго лёгка пазнаць па асаблівай будове сказа, па тым, што, колькі паветра набрана ў лёгкія, столькі і аддадзена, шчодра, да апошняга, нават з лішнімі словамі, каб мелодыя сказа была завершана. Ён не скажа: «Чым гэта скончыцца?», а скажа: «Дык чым, мо ўжо вы мне скажаце, скончыцца гэта — а, мо скажаце вы?»).
Гэта тое, што ў абліччы, амаль няўлоўнае. Пераказаць яго цяжка. Яно ў форме носа, вушэй, у вачніцах і разрэзе саміх вачэй, у манеры рухацца, жэстыкуляваць, гаварыць, дый ці мала яшчэ ў чым. Паўночны беларус ростам пераважна высокі (не рэдкасць бамбізы па два метра ростам). На поўдні часцей трапляюцца людзі сярэдняга росту, больш прыземістыя (паўтараю яшчэ раз, што гэта не агульны закон, а толькі найбольш распаўсюджаныя рысы), затое больш каржакаватыя. У апошні час назіраецца тэндэнцыя да павышэння сярэдняга росту, як і паўсюль.
Чарнявых сярод беларусаў няшмат. Найчасцей яны сустракаюцца ў Палессі, на поўдзень ад Прыпяці і чамусьці пераважна сярод мужчын, ды ці яшчэ ў некаторых мясцінах на Гродзеншчыне («гродзенцы — гракі»), што частка вучоных тлумачыць рэшткамі прымесі старажытнай ятвяжскай крыві. Пераважаюць на Беларусі валасы светла-русыя ці нават бялявыя. Цёмна-русых і шатэнаў менш. Адпаведна і колер вачэй часцей за ўсё блакітны, шэры ці сіні.
Рысы аблічча мяккія, склад здаецца, на першы позірк, крыху далікатным, але гэтая далікатнасць падманвае. Праявы знешняй сілы, якая ўразіць на хвіліну дый звяне, замяняе тут вынослівасць, жылаватасць, цягавітасць. Там, дзе другі можа апусціць рукі, беларус будзе цягнуць. Іначай, у старыя часы, чалавек проста не выжыў бы сярод гэтых дрымучых лясоў і неабсяжных балот, на гэтай скупаватай зямлі. І гарт той застаўся ў яго характары на вякі. Нездарма яшчэ ў даўніну беларусы лічыліся незаменнымі на такіх цяжкіх работах, як земляныя (грабарства) і лесасплаўныя. Ды і пазней гэта праяўлялася. Напрыклад, у нясцерпна цяжкіх сітуацыях на вайне і ў партызаншчыне.
Хаця, вядома, сустракаюцца і такія «зубры», што падковы гнуць, сталёвыя пруты звіваюць на руках у другога. Адзін калісьці ў Рагачове, на спрэчку, пазносіў у адно месца дзесяць дванаццаціпудовых якараў з баржаў і пераблытаў іх лапамі так, што пасля куча людзей з гэтых лайбаў ледзь разблыталі, каб кожнаму забраць свой.
Гэта жылаватасць, фiзiчнае i духоўнае здароўе народа прывялi да таго, што па колькасцi жыхароў ва ўзросце больш за сто год на 100 тыс. насельнiцтва Беларусь пераўзыходзiць усе iншыя рэспублiкi СССР за выключэннем Абхазii i горных раёнаў Каўказа. На паўночны ўсход ад Нарачы, у раёне Дунiлавiч, Шаркоўшчыны, Глубокага, даўгалетнiх больш, чым у Абхазii, пад Ачамчырамi. Тут, праўда, няма адзiночных асоб, якiя дажываюць да 140 — 150 год, але працэнт стогадовых вышэй, чым там.
Таму беларуса да рэвалюцыі заўсёды абражала думка аб ім, як аб «няшчасненькім». Складалася тая думка недзе ў трыццатых гадах ХІХ ст. І вось пайшло! Самым шчырым спачуваннем, з болем, з крывeю сэрца вялікі Герцэн пісаў пра чалавека, які «адвык ад мовы», аб тым, што многія пакаленні прыгонных спарадзілі гэтага парыю з вузкім чэрапам; вялікі Някрасаў пісаў аб маўклівым прыдушаным працай чалавеку. Гэты погляд адбіўся і ў творчасці некаторых беларускіх паэтаў. І ўсё гэта, мякка кажучы, не адпавядала ісціне. Той, хто жыў з гэтымі людзьмі, хто глыбока ведаў ці вывучаў іхняе жыццё, быў іншай думкі. Вось словы публіцыста Грузінскага: «Ходячие представления о типе белорусского крестьянина рисует его неказистым… тщедушным и придавленным тяжелой жизнью в болотистом бедном краю. Мои личные впечатления были не таковы. Я увидел белоруса крепкого сложения, хоця и худощавым… Но главное, я не заметил и следа угнетенности, забитости. Манера держать себя и говорить, действительно, отличалась от великорусской своей медлительностью, сдержанностью, но в ней виделась скорее степенная важность, я бы сказал, задумчивость, не лишенная достоинства. Выразительные физиономии встречаются очень часто, а среди женщин и девушек много прямо красивых лиц».
Дый Дабралюбаў, гаворачы аб тым самым, казаў, што вось і італьянцаў нібы забілі, пазбавілі волі і так гаварылі да часоў Гарыбальдзі. Тое і жыхары Беларусі: «Так вот целый край взяли да забили. Посмотрим, что еще скажут сами белорусы.»
Чаму ж склалася такая несправядлівая думка? Таму што тут да заведамай ідэі і мэты за вушы прыцягваліся факты. Ішла барацьба за душы людзей, і таму царскія служкі хацелі давесці, што вось, маўляў, да чаго давялі людзей польскія паны, а тыя з не меншым запалам даводзілі, што да жывёльнага стану давяла гэты народ царская палітыка і новая дзяржаўная сістэма. І кожны соваў свае казыры. А «даведзенаму да жывёльнага становішча народу» было напляваць і на тых і на другіх. Ён жыў, не збіраючыся ні выміраць, ні губляць мову.
А тут пусціліся ва ўсе цяжкія «рыдальцы над меншым братам». І як ні дзіўна, той жа думкі сталі прытрымлівацца людзі вялікага таленту і вялікай душы. Занадта добры і зручны агітацыйны «прыклад» быў перад вачыма. Усёй душой жадаючы зваліць самадзяржаўе, гвалт і несправядлівасць, яны ўзялі ў якасці зброі заведама няверны тэзіс. І на ім, як гэта ні сумна, сышліся непрыміручыя ворагі: святыя нарадавольцы — і афіцыйныя ідэёлагі, што жылі «применительно к подлости», чалавек, які адчуваў боль народную так, нібы з яго здзерлі скуру, вялікі Някрасаў — і прайдзісвет «чего изволите» Каткоў.
А між тым гэтаму люду было, як заўсёды, у вышэйшай ступені ўласціва інстынктыўнае адчуванне справядлівасці і несправядлівасці. Галоўнай яго рысай з’яўлялася свабодалюбства. Пра гэта сведчыць іранічная і злая легенда, якая склалася якраз у тыя 30-я гады ХІХ ст., калі гвалтоўны перагон у праваслаўе, хабары, зверства і жорсткасць сталі нясцерпныя. Вось яна.
«Бог дзялiў мiж народамi землi. Адным — тое, другiм — тое. Прыйшлi беларусы: Вельмi ж пану богу спадабалiся. Ён i пачаў нас надзяляць : «Рэкi вам даю поўныя, пушчы — нямераныя, азёры — нялiчаныя. Спёкi ў вас нiколi не будзе, але i холаду — пагатоў. Зажэрцiся на багатай зямлi не дам, каб былi ўвiшныя, кемлiвыя, але i голаду ў вас нiколi не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзi будуць да вас прыходзiць. Не ўродзiць бульба, то ўродзiць жыта цi яшчэ нешта. А яшчэ звяры i дзiчына ў пушчах чародамi, рыбы ў рэках — касякамi, пчолы ў борцях — мiльёнамi. А травы — як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзецi — дужыя, сады — багатыя, грыбоў i ягад — завалiся. Людзi вы будзеце таленавiтыя, на музыку, песнi, вершы — здатныя. На дойлiдства — таксама. I будзеце вы жыць ды жыць, ну як:» Тут яго Мiкола ў бок штурхае: «Пане божа, ды вы падумайце. Гэта ж вы iм рай аддаеце! Гэта ж вы: бо-жа мой! Ды яны пры iхняй языкатасцi туды з сапраўднага раю ўсiх перавабяць! Яны ж языком менцяць — дай бог нам з вамi!» Бог падумаў, крактануў, але назад адбiраць не будзеш. Сапраўды, ёсць ужо яна, зямля. Ланi бягуць — лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выцiскае. Дрэвы да сонца. «Добра, — кажа, — зямля будзе — рай. А каб не занадта вы перад маiм раем
ганарылiся — дам я вам найгоршае ва ўсiм свеце начальства. Яно вам такога раю трохi збавiць дый пыхi трохi-трохi вам саб’е. Гэта вам для раўнавагi.»
Наіўным і недалёкім, толькі напалову добрым, выглядае тут «бог», асцярожным бюракратам выглядае Мікола. У гэтай легендзе ёсць толькі адзін герой, народ, які прыдумаў яе. Жывы, разумны і вольналюбівы. Так ён глядзеў на сябе сам, так павінны глядзець на ягоны тагачасны воблік і мы.
Ён давёў гэтае вальналюбства і, хай сабе не заўсёды спалучаную з зухаватасцю, спакойную смеласць і ў бясконцых паўстаннях супраць прыгнятальнікаў, і ў пераможных войнах з татарамі і крыжаносцамі, і ў вялікай мужыцкай вайне XVII ст., і, урэшце, у апошняй вайне з фашызмам.
Як было відаць з той легенды, якую я вам толькі што расказаў, зямляк наш вызначаецца і ўтрапёнай любоўю да працы. Я нават сказаў бы: валовай упартасцю ў ёй. Гэта таксама добра тлумачыцца. Скупая зямля ой як нялёгка давала хлеб. Для новага поля даводзілася (а часам і зараз даводзіцца) карчаваць «ляду». Сячы лес, выдзіраць з зямлі карчы, зносіць на межы камяні.
Упартасць гэтая ва ўсім. У досыць бязлеснай мясцовасці пад Карэлічамі жанчына надумала сама, адна насадзіць цэлы лес. І насадзіла. Адусюль цягала саджанцы бярозы, дуба, клeна. Старалася некалькі год. Цяпер на гэтым месцы шуміць густы, досыць ужо высокі, паверхі на чатыры, лес.
Мабыць, з-за гэтага працалюбства і кранальнай сваяцкай, кроўнай любові да зямлі — беларус і дагэтуль пераважна аратай, земляроб. У сельскай гаспадарцы занята 57 працэнтаў насельніцтва. Але агульная урбанізацыя ідзе і ў нас. У 1960 годзе сялян было 68 працэнтаў, у 1965 — 62,8 працэнта, цяпер, як ужо сказана, 57 працэнтаў. Тут трэба ўлічыць яшчэ і тое, што многа сялян з Палесся і іншых мясцін, дзе досыць цесна з зямлёй, выехалі на Алтай, у Барабінскі лесастэп, Хабараўскі край і асабліва Прымор’е, дзе ёсць мноства беларускіх вёсак.
Тая самая няшчодрая зямля прывучыла калісьці беларуса да разліку ў вядзенні гаспадаркі, да ашчаднасці, да таго, што «нішто не прападае», усё ідзе ў справу, нават падабраны цвік, нават лясіна ці калода, прыплаўленая ракой, і, аднак, дужа памыліўся б той, хто назваў бы яго скупым.
Беларус якраз адрозніваецца шчодрасцю, заўсёднай гатоўнасцю прыйсці на дапамогу ў бядзе. Калі раней у каго на вёсцы здараўся пажар — вёска талакою ішла красці панскі лес, калі не было свайго, за пару дзён ставіла пагарэльцу новую хату, дзялілася з ім жытам: кожны адсыпаў са сваіх засекаў колькі мог, каб чалавек дажыў да вясны і абсеяўся. Потым з кожнай хаты неслі рэчы: хто посцілку, хто падушку, хто палатно, хто гаршкі. Памагалі рабіць тыя рэчы, што селянін звычайна рабіў сам: хадакі, лыжкі, балеі і г.д. Гэта не таму, што былі такія ўжо добрыя. Без гэтага было не выжыць. Дужа добра сказаў пра гэта адзін з лепшых нашых паэтаў, вялікі Максім Багдановіч:
Зноў змяшай муку з карой таўчонай,
Бо памерзла ніва у суседа.
Раней падчас голаду іншым разам людзі з больш багатых мясцін прыходзілі на Беларусь за дапамогай (у нас вымачыць дажджамі жыта — уродзіцца бульба на пяску і авёс, не будзе бульбы — будуць грыбы, рыба, не будзе й таго — паляванне выручыць): сапраўднага голаду не бывала, калі не вымятала ўсяго вайна або ліхі пан ці чыноўнік, дый то заўсёды ўмелі людзі выкруціцца, прыхаваць, скамбінаваць — на гэтыя выпадкі яна і была, беларуская ашчаднасць. То вось я, прынамсі, не чуў, каб галадаючага адпусцілі з хаты з пустымі рукамі.
Часам праходзіла нейкай вёскай па пяцьдзесят на дзень і не бывала так, каб кожнаму не далі хаця вядзерца бульбы, хаця лусты хлеба ці жмені гароху і не пакармілі. Сабе пакідалі толькі, каб самім пратрымацца да вясны, да шчаўя, маладой крапівы, да першай рыбы, да «грыба бедных» майскага смаржка.
Гэта ў час бяды. Але і ў звычайныя добрыя часы ўсе, хто прыязджае да нас, адзначаюць як адну з галоўных рыс — гасціннасць, почасту досыць цяжкую для госця. «Госць у хаце — бог у хаце» — і ганьба таму дому, дзе не зробяць усяго, нават немагчымага, каб госць быў задаволены. «Белорус отличается гостеприимством, склонностью к веселию и доверчивостью, хотя её можно и не сразу снискать. Отсутствие злопамятности в белорусе резко бросается в глаза всякому, кто с ним сталкивается. Вообще он обладает кроткой натурой».
На гэтую «рахманасць натуры» часта разлічваў вораг нашай зямлі. Ворагі, бо іх за нашу гісторыю бывала досыць. Адзін з членаў нацысцкага ўрада так проста і пісаў, што беларусы, як народ інертны і мяккі, добры, бязвольны і рахманы, павінны быць вынішчаны або выселены раней за ўсіх і што гэта будзе досыць лёгкай акцыяй, бо на якое-небудзь больш-менш арганізаванае і зацятае супраціўленне разлічваць не даводзіцца. Тут ён трохі-трохі памыліўся, крыху недаацаніў рахманага чалавека, які за гады акупацыі забіў цэлую кучу людзей дзейных, прадпрымальных, цвёрдых, жорсткіх, валявых і здатных на ўсё, апранутых у ваенныя мундзіры, у мундзіры СС, фельджандармерыі і гэтак далей, узброеных бязмерна лепшай зброяй. Сярод гэтых «людзей, якія пройдуць паўсюль», было 47 генералаў, шмат вышэйшых чыноў адміністрацыі, нават гаўляйтар Беларусі. Я скажу аб гэтым у другім месцы, а тут дабаўлю толькі, што «інертны» і «бязвольны» мясцовы чалавек пусціў пад адхон 11 128 саставаў з надпісам «Deutsche Reichsbahn». Так што рахманасць беларуса таксама да пары да часу. Пяройдзеш мяжу — і тваім ворагам будзе страшны чалавек. Страшны асабліва тады, калі гнеў яго спакойны і разлічаны.
Што ж датычыцца такiх абставiн, калi не чапляюць кiпцем за сэрца, то тут аўтар «Расii» меў рацыю.
Галоўнае ў нашым характары — гасціннасць добрага да добрых.
Так, многiя старыя гасцiнныя звычаi пакрысе вымiраюць, гарадскi чалавек можа часам не ведаць чалавека з суседняга пад’езда, але i цяпер у нас рэдка знойдзецца хата, у якой не паставiлi б рубам апошняга рубля, калi ў доме госць. Часам гэта бывае нават смешна, i беларус кпiць са сваёй «празмернай» гасцiннасцi досыць злосна: «Госць, як нявольнiк: ляжа, хоць i ў пярыну паложаць», «Добра было ў гасцях, толькi прынукi не было» (не прымушалi настойлiва, ледзь не сiлком, пiць i есцi, а сам саромеўся), «Госць сядзе куды скажуць, хоць на покуць, а гаспадар, як скула, дзе захоча, там i сядзе», «Пры мiлым госцю i гаспадар пажывiцца», «Ноч якая месячная! Каб быў госцем, даўно б дахаты пайшоў». «Госць першы тыдзень — золата, другi — серабро, а трэцi — медзь, хоць i дадому едзь:»
Гэта, урэшце, жарты. Гасціна ёць гасціна.
Уласцiва нашым людзям знаходлiвасць, нават некаторая хiтрасць. Вось першы прыклад, якi прыйшоў мне ў галаву. Падчас паўстання 1863 — 1864 г.г. за невялiчкiм атрадам, коннiкаў на 40, зраненым, выматляным у баях, знемагаючым — гналася карная ўрадавая часць у 200 шабляў. Дзялiла iх гадзiна адлегласцi. Камандзiр зразумеў: не ўцячы. Будзе няроўны бой, смерць iм, а параненым — шыбенiца. I тады ён свядома скарацiў гэтую гадзiну. Спынiў атрад у лесе непадалёк ад карчмы, прывязаў коней, загадаўшы аднаму паўстанцу рабiць так, каб тыя зрэдку гiгаталi. Астатнiя пайшлi ў карчму, узялi ў карчмара ўсе вёдры «паiць коней» i пачалi цягаць ваду са студнi ў лес. За палову гадзiны перанеслi каля трохсот вёдраў i вылiлi ваду пад дрэвы. Пасля пайшлi далей. Знясiленыя паўстанцы бурчалi на свайга камандзiра, але той ведаў людзей i ведаў, што робiць…
Карная частка спынiлася каля карчмы. Афiцэр спытаў, цi не было тут «мяцежнiкаў».
— Былі, паночку, коней паілі.
Ужо гэта было нязвыкла: паіць коней, калі табе наступаюць на пяткі. Значыць не баяцца.
— Доўга паілі?
— Доўга. Трысты вёдраў аднеслі ў лес.
Арыфметыка была простая. Вядро на каня, бо рабілася усё ж наспех. Значыць, трыста шабляў, стрэльбаў або нават і проста кос. Афіцэр адмовіўся ад пагоні.
Іх аддзяляла тады ад паўстанцаў дзве вярсты, бо коні тых тады ледзь ішлі… Атрад уліўся ў большы і доўга яшчэ мужна ваяваў.
Або яшчэ. Падчас Айчыннай вайны ў некаторых нашых акупіраваных месцах асірацелыя дзеці арганізоўвалі нешта накшталт арцеляў па нападу. Звалі іх «вераб’і». Чалавек пяцьдзесят дзяцей наляталі на нямецкую машыну, што стаяла недзе ля казармы ці штаба (мелі ўжо вопыт, ведалі, у якой ежа, цыгарэты або абмундзіраванне), хапалі груз і разбягаліся. Ёсць у вартавых крыху сумлення — стрэляць у паветра. Няма — нехта застанецца на зямлі, затое астатнія тыдзень-другі, мяняючы, будуць мець хлеб. «Вераб’ёў» разбіралі па хатах, бралі ў атрады, але іх было дужа многа. І, акрамя таго, у іх быў свой «прафесіянальны» гонар: не браць у сваіх, якія таксама галадалі. І вось адзін мой знаeмы з Рагачова, даўно ўжо дарослы чалавек, расказаў мне, як ён, дзейнічаючы ў той дзень як «вольны паляўнічы-адзіночка» прыгледзеўся да нямецкага шпіталя. Рагачоў не меў буйных прадпрыемстваў, яго не бамбілі, і таму немцы размясцілі ў ім шпіталь для сваіў «асаў». Хлопчык заўважыў, што як толькі настае гадзіна абеду, то ўсе санітары, сёстры, дактары ідуць у сталоўку. Пунктуальнасць нарадзілася раней за немца. І вось падлетак падчас абеду проста ўзяў ды спакойна зайшоў у шпіталь. Адчыніў дзверы — палата на аднаго. Ляжыць «распяты», падвешаны на вяроўках з грузамі, афіцэр (пазней выявілася, што гэта быў палкоўнік, адзін з лепшых асаў імперыі). Пэўна, косткі пераламаў, упаўшы з самалётам, знайшоўся ас і на яго. «Ага, значыць, не пагоніцца». А на стале перад ім — багацце. Тады «верабей» узяў і склаў у запазуху і ў кошычак, у якім, відаць, палкоўніку гэта і прынеслі, шэсць каробак шакаладу, некалькі бутэлек каньяку, лікёру і віна, дваццаць пачак цыгарэт. Забяспечыў, словам, сабе хлеб на месяц-другі (бо карміў яшчэ й цалкам бездапаможнага дзеда). Немец спачатку глядзеў на гэта з поўным непаразуменнем, а пасля нешта абурана загергетаў. Тады хлопчык высалапіў язык, закруціў вачыма, як паміраючая каза, і адказаў:
— Бэ-бэ-бэ-бэ.
І выйшаў. Трывога паднялася праз палову гадзіны, калі скончыўся абед. Як бачыце, гумар не пакідае беларуса нават у самых страшных абставінах. І правільна. Іначай жа — бывалі часы — хоць вешайся ад такога жыцця.
Беларус — вялікі аматар пажартаваць над суседам, але яшчэ больш над самім сабой. Ён назіральны і таму падмячае тыповыя рысы характару людзей. Гэта ў беларускім асяроддзі (сведчанне этнографа Красава) нарадзіўся славуты анекдот пра размову трох украінцаў. Адзін расказваў пра гарадскі мост, зроблены «без ідного цв’яшка». Другі страшэнна здзіўляўся. «Без iдного?», «Без iдного », «І воли iздять?», «І воли», «І машини?», «І машини», «І начальство дозволяе?» «І начальство». Трэці, які маўчаў, паківаў галавою і сказаў задуменна: «Отак і людина, живе-живе, тай вмре».
Напрыклад, iшоў селянiн лесам i ўбачыў, што маланкi нешта б’юць з неба толькi ў адзiн корч. Падышоў, прыгледзеўся, аж гэта бог ваюе з чортам i нiчога яму не можа зрабiць. Пальне, а той высунецца, i ў неба — дулю. Мужык вырашыў памагчы. Зарадзiў стрэльбу срэбнай, на нячысцiка, куляй i забiў чорта на месцы. Тут з неба голас: «Бэндзеш свенты». Бедалага аж за галаву схапiўся: «Бож-жа ж мой, i там палякi!»
…Гэтая рыса здавалася б маласімпатычнай, каб не тое, што над сваімі недахопамі, увогуле над сабой, беларус жартуе куды больш з’едліва і злосна.
Вось начальнiк скручвае свякроўцы, што прыйшла скардзiцца на нявестку, з адаго кулака аж дзве хвiгi: «Няхай пасмее па маiх хвiгах ударыць. Але помнi сабе, што калi па гэтых хвiгах ударыць, то падавай у суд, а як раскруцiш пальцы ды сама зложыш, то няхай сабе iзноў таўчэ табе пальцы, — я баранiць не буду». I вось баба гэтымi «важнымi хвiгамi» тэрарызуе хату i вёску.
Вось чалавек прыйшоў у Вільню, ідзе па мосце і бачыць, што два падлеткі дзеляць на ім чубы.
— Што вам за ліха? Чаго вам не хапае?
— Б’ёмся, праўда, але за цябе. Гэты гіцаль кажа, што ў цябе шэсць пальцаў на назе, а я кажу, што пяць.
— Пакіньце, дзетачкі, бо ў мяне папраўдзе пяць.
— Не, мы так табе, дзядзька, веры не дамо: скінь боты і пакажы.
— Добра, хлопчыкі, супакойцеся.
Пералічылі — пяць.
— Ага , а чаму ж ты, дзядзька, паказаў нам толькі правую нагу? А на левай дык, пэўна, — шэсць пальцаў.
А, хай ім. Разуў і левую. Ну і ясна, не было ўжо каму тых пальцаў лічыць, але й на пальцы не было чаго нацягнуць. Мараль: «Хітры наш брат, як чорт, але і дурны, як варона».
…Па агульным назіранні беларусам прыродна ўласцівая павага да іншых народаў і памяркоўнасць да таго, хто думае іначай. Бываюць, вядома, сумныя выключэнні, але гэта сапраўды толькі выключэнні.
…Сям’я. І тут не буду гаварыць сам, а звярнуся да той жа "Расіі«(стар. 193):
«…отношения мужа и жены в белорусской семье представляют мало примеров… грубого обращения. В случае взаимных споров народны суд (гэта значыць вясковы суд, суд грамады. — У.К.) чаще становится на сторону жены и строже относится к мужу. Даже народные песни говорят только о страданиях жены, выносимых ею от мужа-пьяницы, но в них трудно найти мотивы, в которых воспевалось бы горе жены вследствие ее подчиненного положения».
І гэта так. У гэтым сэнсе змянілася хіба тое, што жанчына цяпер не залежыць толькі ад прыроднай дабрыні і нязлоснасці мужчыны-беларуса, што яна роўная, што на баку яе савецкі закон, што «ты не лайся, дзядзя, пры савецкай уладзе».
Сямейныя адносіны вельмі прыкрашае той самы нязлосны, дужа ўласцівы нашаму чалавеку гумар. Вось сямейнае жыццё ў прыказках. Хлопец доўга ходзіць халасты: «Тады Юзік ажэніцца, як лысы вол ацеліцца…» Але вось «Юзік» закахаўся . І хаця Янка Купала трапна сказаў:
На беларускую дзяўчыну,
Калі тут праўду ёй аддаць,
Ніхто йшчэ каменнем не кінуў
І не наважыцца кідаць.
Але i тут сур’ёзнасць справы хаваюць за ўлюбёнай iронiяй: «Улюбiўся, як чорт у сухую грушу», "У каханкi смаляныя лаўкi«(г.зн. прыйшоў i сеў, як прылiп, i сядзiць ледзь не да ранiцы). Iранiзуюць i з мацi: «Матка дачку хвалiла, пакуль з рук не звалiла», i з жанiха: «Жанiся, больш старцоў (жабракоў) будзе», або «Ды што з тваёй Ганкай, хiба дзятлоў разводзiць» (намёк, што нiбыта ў нявесты доўгi нос). Ну i, ясна ж, з нявесты: «Дзеля дроў замуж пайшла», «Дзеўкаю — поўная вулiца, а жонкай — поўная печ». Маладое пакаленне таксама не застаецца ў даўгу: «Горкая рэдзька, ды ядуць, кепска замужам, ды iдуць». Скажуць iм: «Ды ён жа ў цябе з лапаць», а iм адкажуць: «Няхай сабе гаспадар з лапаць, абы за iм не плакаць».
Пажаніліся. І тут рэдка гавораць аб гэтым пры чужых усур’ёз: «Ані лыжкі, а ні міскі, а павесіў тры калыскі », «Што, браце, не жаніўся — цяры анучы, ажаніўся — цяры анучы» (бо ўсё адно брудныя). Часам нават у літаратуру ўдаюцца, Багдановіча цытуюць:
Як пачаў ён параю
З мушкай жыць —
Давялося беднаму
Патужыць.
Не ўмее мушачка
Працаваць,
Толькі ўмее з хлопцамі
Жартаваць;
Ані выткаць кросенкі,
Ані шыць,
Ані стравы хораша
Наварыць.
Паштурхаў камарычак
Галаву:
«Як я з гэткай жонкаю
Пражыву?
Дзе я вочы, брацiкi,
Меў свае,
Як сабе за жоначку
Браў яе?»
Могуць выдумаць i зусiм недарэчнае. Вось чуты мною расказ аднаго веселуна пра дужа харошую, дружную, працавiтую сям’ю:
«Янка з Яўгінняю дужа добра жывуць. Дзеўкаю была, то выйдзе на вуліцу — за кулакамі свету не відаць, а цяпер зойдзеш у хату, то не відаць і ў хаце. Ну, я вам скажу, мужчынкі, і ў дзецях ім шчасце. Аднойчы вось так б’юцца, матка малодшага на дапамогу кліча, а старэйшы яго трымае, угаворвае: «Кінь, хай б’юцца. Мы з табой браты родныя, а яны — чэрці зводныя». Старэйшы дык увогуле малайчына. У яго адна песня: «Бацька няхай едзе араць: яго коні знаюць, а я пайду ў карчму: мяне там чакаюць». Адзін раз выцягнуў усё ж абодвух касіць. Ідуць. Канава, вадою налітая. Вось, Іван, Яначка наш разагнаўся і — цыб! — пераскочыў. Тады малодшы гаворыць: «Глянь ты, бацька наш яшчэ які! Стары — стары, а скача як сабака». Тут старэйшы абурыўся: «Ты што гэта? Ты як гэта на роднагу бацьку? Ну скочыў і скочыў. Ну скочыў, ну і чорт з ім».
«Мужчынкі», што слухаюць веселуна, рагочуць.
Тут жа сядзiць сам Яначка, любы Iван, i пахмыквае. З жонкаю лад. Старэйшаму пятнаццаць гадоў, малодшаму дзесяць. Чаму не паслухаць, як менцiць языком чалавек?
:Дзяцей увогуле найлепей, як найболей. «З дзеткамi гора толькi да зацiркi, а там — пайшло» (гэта значыць, пакуль сам не пачне есцi), «Адзiн сын — не сын, два сыны — паўсына, а толькi тры сыны — сын». Таму i люляюць дзяцей прыказкай: «А-а-а, малое, пакуль будзе другое, а-а-а, Несцерка, пакуль будзе шэсцерка». Таму i гавораць: «Адзiн рукаў — i той падзяру для сваiх дзяцей». «Дорага не так татава хата, як сам тата».
Біць дзяцей — апошняя справа. «Не біце вяроўкамі, навучайце гаворкамі, не біце дубцамі, навучайце слаўцамі». А ўжо як здарылася нешта з дарослым сынам, то існуе і такое «суцяшэнне»: «Тады трэба было біць, як упоперак лаўкі мог легчы, а цяпер што ж зробіш, калі дарослую доўбню і ўздоўж не пакладзеш». І як апошняе: «Калі не слухаеш бацькоў, паслухаеш сабачае скуры» (сабачаю скураю за Мікалаем І, калі салдацкая служба цягнулася 25 год, абцягвалі барабаны, так што сэнс пагрозы цалкам зразумелы).
Пра дзяцей ёсць вельмі добрая легенда. Жанчына некалі паскардзілася вялікаму чараўніку, што рукі адвальваюцца: дзеці да году не ходзяць, цяляты, ягняты, жарабяты. Усіх на руках насі. Той узяўся памагчы. Кінуў цераз высокі плот жарабя — пабегла, цяля — таксама, ягня — і яно пабегла. «Ну, кажа, давай дзіця». Матка абурылася: «Эге, так я табе і дам дзіця цераз высокі плот кідаць.» — «Ну то тады і насі…»
Ёсць, вядома, i iншыя прыказкi: «На нявестку сем год грады брэшуць», «Прымак пятнаццаць гадоў цёшчынага ката на „вы“ заве», але значна больш такiх: «За добрым гаспадаром i варона жона, а за кепскiм i княгiня загiне», «Злодзей абкрадзе — сцены астануцца, а жонка памрэ — усё з двара звязе». «З кiм жыць — таго не гнявiць», «Не дай доля два разы жанiцца i два разы будавацца», «Не пiў, не еў бы, ды на жонку глядзеў бы». I, урэшце, апошняя: «Мiлая ты мая, ты на той свет, i я ў след».
…А тое, што часам старыя бурчаць: «Як правіў бацька, то каты лазілі, як паправіў сын, то і сабакі сталі лазіць» — гэта ўсё жарт.
* * *
Рэаліст у рэальным жыцці, беларус вялікі фантаст, рамантык і летуценнік у марах. Ясна, што цяпер ужо ніхто не верыць у вадзянікаў, лесуноў, лазнікаў і ўсё такое іншае, але раней верылі. І расказвалі такія рэчы ў чаўне на рыбалцы або на начлезе ля вогнішча, што дыбарам уставалі валасы. І пра ваўкалакаў-абертняў, што бегаюць з ваўкамі, і пра тое, як на «дзяды» (дзень памінання продкаў) можна ўбачыць усіх продкаў, аж да Адама, калі два дні не есці і не гаварыць з людзьмі (іронія, праўда, ёсць і тут, бо адзін бачыў іх і, у прыватнасці, свайго «святога жыцця нябожчыка-дзядзьку», які лез праз трубу, а яго не пускала ўкрадзеная пры жыцці барана, — «і папу не выспавядаўся», — то пляменнік зарагатаў — і ўсё, яны зніклі).
Менавіта таму запісаныя фалькларыстамі беларускія казкі не ўлезлі б і ў сотню тамоў. І, прычым, такія казкі, якія почасту не маюць адпаведных сюжэтаў у суседзяў. Вось, напрыклад, адна, што адказвае на пытанне, чаму верабей скача адразу дзвюма нагамі, чаму ў савы рознакаляровае пер’е і чаму ледзь толькі птушкі ўбачаць тую саву, дык адразу навальваюцца на яе ўсёй хеўрай і тое пер’е з яе скубуць.
Праштрафіўся верабей. Усе птушкі пагналіся за ім і загналі ў дупло. Але той быў такі хітры, што выбраў дзірку ў дупле якраз па сабе: большы за яго не ўлезе, а меншы калі ўлезе — ён яго выкіне. Вырашылі браць яго, як моцную крэпасць, на змор. Чакалі-чакалі, аж настала ноч і ўсе захацелі спаць. Каго пакінуць на варце? Ясна каго, саву. Яна ўначы не спіць. А сава была ў той час голая, як абшчыканая курыца. Ну і паставіла сваю ўмову: «Усе ў пер’ях, то чаго я маю голая хадзіць? Скідайцеся па перыйку». Ну, усе і скінуліся. Адзін шэрае пер’е даў, другі — рудае, трэці — белае ці карычневае. Стала сава, як і ўсе, толькі што пер’е дужа рознае. Сядзела яна ўсю ноч, сядзела. А раніцай птушкі заспалі, і яна, начная істота, пачала куняць. Верабей вылез і ўцёк… Урэшце яго ўсё ж спаймалі. І, у знак пакарання, звязалі ногі. Вось ён цяпер і скача адразу дзвюма. А птушкі, як толькі ўбачаць саву, дык адразу кожная сваё пяро дзярэ з яе. З гвалтам: «Аддай мае перыйкі, бо няма чаго было браць, калі ўсцерагчы на магла».
…Гэта казка жартоўная, а ёсць тысячы фантастычных. Як змей абвіўся вакол горада, як хадзіў па свеце каток — залаты лабок, як хітры селянін абпаіў півам чотра і адабраў у яго душы добрых людзей, як зачараваны змяіны кароль пакахаў дзяўчыну… Усіх казак не назавеш, не пералічыш. Іх — безліч! Запісаныя Е. Раманавым, П. Шэйнам, М. Федароўскім, А. Сержпутоўскім — яны і дагэтуль складаюць неацэнны наш скарб, тым больш вялікі, што яны былі народу замест кнігі ў тыя часы, калі кніга беларуская, нават мова беларуская былі забаронены. І тады толькі казка вяла дзяцей у далёкі край, «за сем гор і мораў, трошкі бліжэй ад сонца і трошкі далей ад месяца».