Зямля пад белымі крыламі — Полацкія фрэскі

…Пойдзем далей. Хай не крыўдуюць абласныя гарады, але раней за іх успомнім горад, які заслужыў гэтага паважным векам, хай сабе і ходзіць зараз у раённых цэнтрах. Гэта Полацк. У 1962 годзе ён святкаваў свае 1100-годдзе. Мне даводзілася бываць у ім шмат разоў, але паездка сюды ў сакавіку 1971 года запомнілася асабліва дзякуючы аднаму выпадку, які нібы афарбаваў для мяне — і назаўсёды — усе стагоддзі, што прайшлі над гэтымі мурамі.

Уздзьмуты, аж сiнi, лёд на Дзвiне. Маленькаю Палотаю плыве на гэты лёд празрыстая, яшчэ снегавая вада. Над злiццём дзвюх рэк, на замчышчы, белы, з дзвюма званiцамi, сiлуэт сабора. Полацкая Сафiя. Сястра Кiеўскай i Ноўгарадскай. ХI стагоддзе. Моцна, што, праўда, перабудаваная ў часы унii. I вось, урэшце, зараз узялiся за святую справу рэстаўрацыi набытку продкаў. Выяўляюць гiсторыка-архiўны, графiчны матэрыял, удакладняюць межы старажытнай кладкi, даследуюць сутарэннi. Многае змянiлася, за стагоддзi нарасло зямлi, храм нiбы «асеў». У склепах ягоных была ў свой час адна з найлепшых нашых старажытных бiблiятэк. Яе спалiлi ў свой час езуiты. Дзiўна! Якiмi б метадамi яны нi карысталiся, як бы мы тыя метады нi ненавiдзелi — манахi гэтага ордэна былi аднымi з самых адукаваных людзей сярэдневякоўя. Прафесiя абавязвала. Пазней, калi палаў iхнi Пiнскi калегiум, у агнi згарэлi дзесяткi тысяч кнiг. «Нiколi не наклiкай агонь на чужое — адгукнецца й на тваiм».

…І вось сядзяць у прыдзеле сабора, дзе паліцца «буржуйка», два чалавекі ў ватоўках, ды я з прыяцелем. Адзін з тых, каго засталі, брыгадзір. Здорава «паднацягаўся» ў археалагічных і будаўнічых тэрмінах, аперыруе імі вольна і з шыкам. І расчышчаем мы старую плінфу, тонкую, сантыметры ў чатыры, цагліну памерам прыблізна 35 25 см. І на ёй раптам выступаюць невядомыя значкі, адзін у выглядзе нейкай жывёлы (сабакі?), рысачкі (можа, азначаюць колькасць соцень гэтай самай цэглы?) і выразны надпіс, нібы голас, што яўна і ясна даляцеў з далёкіх вякоў А ??? ?N Я — авфони. І нават ясна, што быў не дужа пісьменны, хацеў сваё імя пісаць праз «ферт» (Ф), а тут ці сам успомніў, ці яму сказалі, што імя грэчаскага паходжання і пісаць трэба яго цераз «фіту» (?). То ён і «ферта» не дапісаў. І даляцеў яго жывы голас да мяне, звычайнага чалавека, і я зразумеў яго на хвіліну, хаця дзевяць стагоддзяў прагрукатала па ягоных, даўно спарахнелых касцях.

А непадалёк спаруда ХІІ стагоддзя — славуты сабор Спас-Ефрасінні з прыгожымі старажытнымі фрэскамі.

Калі сонца праз невялікія вокны трапляе ўнутр сабора, гэтыя фрэскі загараюцца бляклай чырванню і ржавым золатам. Нібы праз залаціста-карычневую, празрыстую ваду лясных рэк глядзяць на вас нечалавеча вялікія задумлівыя вочы вашых продкаў.

А выйдзеш, пяройдзеш кладкамі цераз рэчку — вада, зялёныя шаты дрэў і сярод шатаў — ён. Дужа падобны на праслаўлены ва ўсім свеце Пакроў на Нерлі. І як той, улетку гожа адбіваецца ў вадзе сваімі бялюткімі мурамі.

І ўсё тут стаіць на старажытнасці. Упарадкоўваюць вуліцу Карла Маркса — пад асфальтам, зямлёй, бярвеннямі адкрываюць вянцы старажытнага зруба, шахматную фігурку з косці або складзень. На беразе Дзвіны — стары калегіум, у мурах якога калісьці жыў і працаваў Сімяон Полацкі, заснавальнік рускага вершаскладання.

Гэтыя словы так і заставаліся словамі, пакуль некалькі год назад не адкрылі многіх і многіх вершаў Полацкага, напісаных па-старабеларуску…

У Полацку, куды раней за Сімяона, пачынаў сваё жыццё і першадрукар усходніх славян Францішак Скарына; яму нядаўна пастаўлены тут цудоўны помнік.

Ясна, што сівая даўніна — галоўнае, на чым стаіць гэты горад. Але яе не кожны адразу заўважыць. Затое адразу кінуцца ў вочы навічку шырокія зялёныя вуліцы, новыя дамы, карпусы завода шкловалакна і іншых шматлікіх заводаў (камбінат будаўнічых матэрыялаў, аўтарамонтны, ліцейна-механічны, жалезабетонных і пластмасавых вырабаў), будынкі клубаў і кінатэатраў, дамоў фізкультуры і розных навуковых устаноў.

А калі праплысці 20 кіламетраў ніжэй па Дзвіне — трапіш у горад Наваполацк, які куды маладзейшы за свайго старога брата. Плошчы, высокія будынкі, паркі, бібліятэкі, кіно.

I, вядома, магутны Полацкi нафтаперапрацоўчы.

Уначы — гэта зыркае зарыва агнёў. Удзень — многія і многія дзесяткі спаруд, ад установак атмасферна-вакуумнай трубчаткі да цэха змешвання і апрацоўкі поліэтылену (гэта ўжо на хімічным камбінаце, які таксама знаходзіцца ў Наваполацку і вырабляе поліэтылен, нітрон і г.д.).

Нафтаперапрацоўчы дае краіне (гэта толькі асноўная прадукцыя, а ўвогуле тут 46 відаў вырабаў) дызельнае паліва, высокаактанавыя бензіны для аўтамашын, мазут, змазачныя маслы, бітум для дарог.

А вакол лясы з дамамі адпачынку і піянерскімі лагерамі. А побач бяжыць і бяжыць Дзвіна. Тая самая, што абмывае ўзвышша Сафіі.

Яндекс.Метрика