Пойдзем па старажытных волаках продкаў і перабяромся з Дзвінскай, Балтыйскай сістэмы ў сістэму рэк Чарнаморскага басейна. Паплывём уніз па Дняпры і прыбудзем у Магілёў. Горад, таксама вельмі сучасны, размешчаны на правым, высокім, ярамі пасечаным беразе ракі пры ўпадзенні ў яе Дубровенкі. Гэтыя мясціны, былыя ўрочышчы, забудаваныя новымі гмахамі, носяць назвы «Машакоўка», «Дзебры». Тут і сапраўды калісь былі нетры, дзебры на мясцовым дыялекце. Легенда (выдатна апрацаваная Янкам Купалам) кажа, што жыў у гэтых нетрах вялікі разбойнік Машэка. Стаў ён гразой наваколля пасля таго, як, жадаючы зарабіць на вяселле, пагнаў на Украіну плыты, а тым часам князь сілай узяў у замак яго нявесту. Уварвацца ў замак нават такі асілак не мог. Машэка зрабіў сабе ў пушчы, пад каранямі, логава, адзеўся ў воўчыя шкуры, якія так і прысохлі на ім, і хутка ўсе перад ім трапяталі. Аднойчы яму ўдалося перастрэць вазок князя, разагнаць варту, у адзінаборстве забіць уладара, а жанчыну, што ехала з ім, прынесці да сябе. Тая, аднак, за гэты час прывыкла да раскошы і золата, збэсцілася і, калі Машэка заснуў, забіла яго нажом. Над ім насыпалі гару.
Яго высокую магілу –
Дзе лес ды вецер панаваў –
Знаць, што вялікую меў сілу,
«Магілай Льва» народ назваў.
Над ёю з часам дрэвы палі
І горад вырас, як з зямлі,
Яго Магілевам назвалі,
Бо йнакш прыдумаць не маглі.
Пры самым месцы, дзе хаваці
Людцы нябожчыкаў нясуць,
Гару з магілкамі відаці –
Яе Машэкавай завуць.
Магілёў узнік на месцы старога замка ў 1267 годзе. Гісторыя яго бурная і крывавая. Напады войск, змова з казацкімі атаманамі (1590 г. — з Мацюшкам Гультаём, у 1595 г. — з Севярынам Налівайкам). Чатыры гады бунтаваў горад на пачатку XVI ст., і пасля чатыром кіраўнікам адсеклі галовы, а набатным званам выдзерлі языкі.
На Магілёўскім падоле стаіць Мікольская царква, бліскучы ўзор беларускага барока. З ёю звязаны яшчэ адзін эпізод гісторыі. Пры ёй, у «Цярэшка, каторы проскуры заведал», жыў некаторы час у бязведамнасці сціплы школьны настаўнік Дзмітр Нагі. Тут зарадзілася яго «ідэя», тут ён пачаў яе выконваць і, магчыма, атрымоўваць інструктаж ад пэўных колаў і грамадзіць паплечнікаў. Каб пасля ўзляцець на адну з вяршынь зямной магутнасці пад імем цара Дзмітрыя, а пасля бясслаўна ўпасці з яе Лжэдзмітрыем II. Былі тут і шведы і іншая навалач — але пра гэта доўга, дый цяжка расказваць. У Вялікую Айчынную вайну горад дужа доўга (25 дзён, з 1-га па 26 ліпеня 1941 г.) трымаўся, быў моцна разбураны, і помнікаў старажытнасці ў ім мала.
Магілёў заўсёды славіўся сваімі майстрамі. Збраяры, ювеліры, ганчары, цаніннікі, ткачы.
Найбольш славяцца магілёўскія прадпрыемства хімічнай прамысловасці. Гэта завод штучнага валакна (вясёлкавы шоўк, штапель, цэлафан і інш., усяго 14 відаў прадукцыі), камбінат сінтэтычнага валакна (штапельнае валакно камвольнага, шарсцянога, льнянога і баваўнянага тыпу і г.д.), хімічны камбінат «Зара», завод ліфтаў, завод «Строммашына» (выпускае тэхнічнае абсталяванне для вытворчасці шыферу і мяккіх дахавых матэрыялаў, цэглы, машыны для асбеставай прамысловасці і інш.), завод электрарухавікоў, аўтамабільны завод, што выпускае цягачы, самаходныя скрэперы, самазвальныя аўтапаязды для работ пад зямлёй і аўтасамазвалы павышанай праходнасці для мясцін, дзе дарогі кепскія або іх зусім няма.
Магілёў заўсёды славіўся і культурай. З XVI ст. тут вёўся летапіс, існавалі школы. І зараз тут выхоўваюць інжынераў, настаўнікаў, тэхнікаў. Тут адзін з найлепшых беларускіх музеяў, шкада, што ў гады вайны менавіта адсюль знік славуты на ўсё славянства ювелірны выраб «Крыж Лазара Богшы» (зроблены быў у Полацку загадам вялікай беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай), музей народнай творчасці, шмат бібліятэк, шмат паркаў. І рака, і паплавы з ляснымі тэрасамі. Прыдняпроўе, яблычная мая радзіма.