Зямля пад белымі крыламі — Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц
Насельніцтва Беларусі складае больш за 9 мільёнаў 300 тысяч чалавек. З іх беларусаў 7 мільёнаў 286 610 чалавек. У вайну, вы ведаеце, загінуў кожны чацвёрты жыхар рэспублікі. Часам едзеш лесам, і раптам — паляна, здзічэлыя садовыя дрэвы (вёска так і не адрадзілася) і абеліск, а на ім словы, ад якіх сціскаюцца кулакі і ідзе па скуры мароз:
«Тут пахаваны расстраляныя немцамі
12.IX.1943 г.
Кароль Алена Мікітаўна
1925 года нараджэння,
Павел 1920 г.,
Васіль 1898 г.,
Зофія 1892 г.,
Уладзімір 1922 г.,
Іван 1924 г.,
Мікола 1927 г.,
Марыя 1934 г.,
Вера 1939 г.,
бабуля 70 год,
Сіневіч Антон Валяр’янавіч 1884 г.
і Серафіма Іллінічна 1888 г.
і іншыя».
Гэта значыць, за сувязь з партызанамi цi проста так, з помсты, прыехалi немцы, ачапiлi сяло, загналi мiрных жыхароў у гумно i спалiлi. Такiм цi iншым чынам было ператворана ў попел 9200 вёсак. 706 з iх — разам з людзьмi. I 187 засталiся неадноўленыя. Акрамя таго, знiшчана 209 гарадоў i пасёлкаў.
Але не трэба думаць — ды вы і самі чулі гэта з расказаў старэйшых, што забітыя гінулі пакорліва. Гэта не так. Хто мог змагацца — загінуў у баі: на фронце, у падполлі або ў партызанскіх атрадах. Беларусь нездарма называюць краінай класічнай партызанскай барацьбы. Партызанаў было тут 374 тысячы. Падпольшчыкаў каля 70 тысяч чалавек. Гэта толькі тыя, што змагаліся са зброяю ў руках, не лічачы сувязных. А калі ўжо казаць пра тых, хто спачуваў, збіраў звесткі, здабываў медыкаменты, ежу і іншае, калі гаварыць пра так званы «партызанскі рэзерв», то ў лік партызан смела можна залічыць ледзь не ўвесь народ.
Наша Беларусь займае 207,6 тысячы квадратных кіламетраў, ці 0,9% тэрыторыі СССР, але гэта больш чым Балгарыя, больш чым ЧССР, чым Венгрыя, чым Партугалія, Грэцыя, і больш чым Бельгія, Галандыя, Данія і Люксембург, разам узятыя. Працягласць нашай радзімы з поўначы на поўдзень 560 км і з усходу на захад 650 км. Мяжуе яна з Украінай, Расіяй, Латвіяй, Літвою і Польшчай і займае выгоднае геаграфічнае становішча на шляхах з Заходняй Еўропы на Усход і з Украіны ў Прыбалтыку. Гэтае выгоднае становішча, аднак, часта і падводзіла. Дзе выгоднае становішча, дзе зручныя шляхі, там і вораг. Так што ніводная вайна, якая грымела ва ўсходняй Еўропе, не мінула Беларусі.
…Нехта сказаў, што па абрысах наша краіна нагадвае дубовы ліст. Па-мойму, параўнанне не вельмі. На мой погляд яна па абрысах хутчэй нагадвае зубра.
Умоўна Беларусь дзеляць на пяць вялікіх раёнаў.
1) Азёрны край. Гэта самая поўнач рэспублікі.
2) Цэнтр. Ён прыблізна супадае з Мінскай вобласцю.
3) Панямонне. Заходнія раёны па берагах Нёмана.
4) Усход. Аршанскае ўзвышша, Аршанска-Магілёўская раўніна, а таксама раўніны па рацэ Беразіне і каля Чачэрска.
5) Поўдзень, або Палессе.
Я — але гэта мая прыватная думка — выдзеліў бы за кошт усхода і ўсходняй часткі Палесся яшчэ шосты раён. Прыдняпроўе. Занадта ўжо ўплывае на эканоміку, пейзаж, побыт, нават псіхіку чалавека вялікая Рака.
У адпаведнасці з раёнамі розныя і пейзажы.
У іншых краінах ёсць горы ў зялёнай футры лясоў, мора стэпавых траў і проста сіняе мора. У нас гэта ўсё таксама ёсць, толькі што сабранае ў мініяцюры.
Вось АЗЁРНЫ КРАЙ. Марэнныя грады, шматкіламетровыя «агароджы» з валуноў на межах. І, паміж бясконцых градаў і ўзвышшаў, многія і многія сотні азёр. Паверхня самага вялікага з іх, Нарачы, 79,9 кв. км. Глыбіня самага глыбокага (гэта з вялікіх азёр), Струсты, 30 м. А сярод малых ёсць і такія, глыбіня якіх каля 50 м. Азёры гэтыя розныя. Вада Нарачы такая чыстая, што пры вялікай глыбіні можна ўбачыць усё, што ляжыць на дне. А вось вада змрачнаватага, ляснога і балотнага возера Палік (у Бярэзінскім запаведніку) нагадвае густа завараны чай.
Паміж азёраў частыя ўзгоркі, і на іх пілы лясоў, пераважна хвойных. А па схілах — палі. Малінавыя шары канюшыны, сінявокія льны, жыта, сям-там расквечанае валошкамі.
На ўзгорках вострыя шпілі гарадкоў з гарбатымі вуліцамі і вялізнымі купамі старых ліп. Адзін амерыканскі падарожнік, што аб’ехаў палову свету, пісаў на пачатку нашага стагоддзя, што пейзажаў, лепшых за пейзажы беларускія, ён не бачыў ва ўсёй Еўропе.
Часам з адной гары можна бачыць да дзесятка азёр. Асабліва гожыя яны ў летнія ночы, калі ў іх адбіваецца перакулены дагары нагамі спічасты лес і, здаецца, ночы зусім няма і слізгоча ў чыстых, як сляза, глыбінях доўгае, плямістае цельца стронгі. А стронга можа быць толькі ў ідэальна празрыстай, без кроплі каламуці, вадзе.
Зноў на ўсход. І зноў узгоркі і азёры. Мачтавыя бары на схілах. Аж медныя. І — нібы рубеж, які перавалілі, — замест шпіляў, аж празрыстыя, белыя, нібы са святла пабудаваныя, старажытныя званіцы Полацка.
…ЦЭНТР — таксама разнастайны. Поўнач — гэта грады i ўзгоркi, укрытыя сям-там лесам. Сярод iх ёсць i «горы», асобныя вяршынi, якiя не дужа рэзка вылучаюцца ў рэльефе. Гэта гара Лысая, гара Маяк i iншыя. Але тут жа, у нiзiне па Бярозе-рацэ, быццам зусiм iншая зямля. На многiя i многiя дзесяткi кiламетраў старажытныя чорныя лясы, глеба нiбы сочыцца вадой. Рэчкi, азёрцы, межытокi. А над iмi дзiч ялiн, хвояў, бяроз, дубоў, чаромх i ўсяго такога. Лiшайнiк бародамi звiсае з дрэў, чырванеюць на беражках тарфяных вымачын мухаморы, i ў гэтым змроку, валюхаючы, праходзiць гаспадар гэтых мясцiн — мядзведзь.
Калі ехаць на поўдзень — грады паступова паніжаюцца і пачынаецца Слуцкая раўніна: бязмежны разліў палёў, што калыхаюцца пшаніцай і жытам, маленькія пятачкі лесу, вялізныя, як дубы, дзічкі на месцы былых межаў, крыжы ветракоў. Гэта — беларуская жытніца. Так бы мовіць, беларуская Украіна.
…Адразу ясна, што ПАНЯМОННЕ атрымала сваю назву ад галоўнай сваёй ракi, у басейне якой яно i ляжыць. Нёмана. Таго, якi, як кажа беларуская прыказка, «пачынаецца з арэхавай шкарлупiнкi». Гэта дужа цiхая, дужа ласкавая зямля. Мяккiя сытыя ўзгоркi, купы магутных дубоў i лiп на iхнiх верхавiнах, прыгожыя вёскi, бясконцая, глухая Налiбоцкая пушча. Дубы i па берагах. Многа. Вялiзныя, як зялёныя хмары, часта шматвяковыя.
І тое, што надае мясцовасці асабліва рамантычны характар: замкі, што збольшага ляжаць у руінах. На ўзгорках, на берагах рэк, на астравах. Яны дужа розныя, гэтыя старажытныя будовы. То гэта проста нібы каменныя загоны для быдла: квадрат высачэзных муроў метры ў тры таўшчынёй (Ліда). То як быццам нейкая пахаваная пачвара высунула з зямлі сточаныя часам зубы вышынёй з вялізны дом (Наваградак, Крэва). А часам гэта велічныя бела-чырвоныя вежы, муры, што злучаюць іх, багаты палац пад чарапіцай — прыкладзі крыху працы і маеш цудоўны дом адпачынку (Мір).
…УСХОД. Часам марэнныя грады, часам раўнiны. На водападзелах тарфяныя i мохавыя балоты. Дурманiць там галаву багун, а журавiны ўвосень збiраюць саўкамi. Тут трапляюцца бадай што найлепшыя на Беларусi сасновыя бары. Нацэленыя ў неба, звонкiя, прапахлыя жывiцай. Грыбоў — хоць касой касi. На поўднi ўсё часцей i часцей трапляюцца дубровы з iхнiм шырокалiстоўным холадам. Шмат старых паркаў. У прыватнасцi, парк пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэмii, самы стары батанiчны сад рэспублiкi.
І паўсюль яры, поймы, паплавы, што шумяць разнаквеццем, сады.
…ПОЎДЗЕНЬ, АБО ПАЛЕССЕ дарэмна лічаць адной суцэльнай забалочанай нізінай. Ёсць, вядома, і гэта. Некаторыя балоты цягнуцца на дзесяткі кіламетраў і толькі сям-там вытыркаюцца з іх «выспы», гэта значыць, астравы, парослыя першабытным лесам. Калісьці на такія астравы можна было прайсці толькі ў люты мароз або вялікую засуш. Калі наступала раптоўная адліга або ішлі залевы, то чалавек, які зайшоў на выспу, мог застацца там і на год і на два. На пачатку XIX ст. была засуш. Некалькі паляўнічых зайшлі на адну такую выспу і ўбачылі на ёй зрубы, сляды зямлянак, а на галіне дуба вялізны звон, што аж урос верхавінаю ў дрэва. Выявілася, што жыхары бліжэйшай вёскі хаваліся тут ад шведаў. Пасля зарадзілі дажджы. Людзям удалося выбрацца, а маёмасць засталася. Звон правісеў на дубе больш за сто год.
Цяпер, вядома, такая недаступнасць здараецца дужа і дужа рэдка. На гарадзішча-схоў, каля вёскі Гарадное, куды перабіраліся ў вайну тысячы паўтары год назад жыхары, цяпер можна свабодна праехаць гаццю.
Але ж і раздолле на выспах! Хвоі, бярозы, зараснікі маліны, паветра звініць ад птушак, на кожным кроку барсучыныя і лісіныя норы.
А вакол, вядома, балоты. Часам небяспечныя, зарослыя незабудкамі, сіўцом, белакапытнікам, а часам і звычайныя, на якіх танцуюць, падскакваючы ў паветра, жураўлі.
На сухіх месцах саснова-лішайнікавыя бары: зямля аж сівая. І яшчэ дубровы. Велічэзныя. Часам з дубоў, якім пяцьсот — шэсцьсот, нават тысячу год. Амаль равеснікаў Полацка або Віцебска. Колькі б яны маглі расказаць, каб умелі гаварыць! У такіх лясах заўсёды змрок, крыху паплямаваны сонцам; курыцца, як з кадзільніц, зямля, і ў гэтых выпарэннях стаяць стрункія, як калоны, амаль белыя ствалы волатаў. Тут ёсць ласі, козы, дзікі, рысі, бабры, а на захадзе, у Белавежы, першабытныя зубры.
Ёсць тут і малыя пустыні. Высеклі лес, панізіўся ад асушэння ўзровень грунтавых вод, і вось пяскі вырваліся на волю, пачалі крочыць, утвараць барханы, насоўвацца на палі, часам засыпаць балоты (і гэта страшней за балота, бо чалавек можа, даверыўшыся пяску, ступіць і праваліцца, і ніхто нават не даведаецца, дзе ён знік). Менавіта таму з павалам лесу і асушэннем трэба быць дужа-дужа асцярожным.
Аб гэтым цяпер усё больш думаюць, засяваючы пяскі травамі, а пасля лесам. Але аб чым думалі яшчэ год дзесяць назад? Безадказнае асушэнне — таксама шкода. Балота часта не вораг, а захавальнік вільгаці, рэзервуар з’яўлення аблокаў, пачатак крыніцы, ручаіны, ракі.
Ёсць тут i паплавы i ўзвышшы з крутымi абрывамi на берагах. Узвышшы з сухiм гонкiм морам лясоў.
Яшчэ і зараз падчас паводкі многія вёскі стаяць на астравах або па калена ў вадзе і па вуліцах ходзяць маторкі, на якіх возяць вучняў — у школу, сялян — на работу і г.д. А яшчэ нядаўна (подаўна ўжо не быў на Палессі ў час разліву і таму не ведаю, ці ёсць яшчэ такое цяпер) можна было ўбачыць на гэтай бязмежнай, — у шырыню на некалькі дзесяткаў кіламетраў, у даўжыню — на сотні, — роўнядзі вады, нават плывучы кірмаш. Штук трыццаць дужа вялікіх чаўноў, змацаваных масткамі, сотня меншых, і ўсё гэта плыве ад вёскі да вёскі, а пасля да гарадка, прадаваць і купляць. Коні касавурацца за борт: «Ну вас да д’ябла, яшчэ патонеш з вамі», мыкаюць каровы, крычаць пеўні, вішчаць парсюкі. Лодачнік, які плыве насустрач і ведае, што вакол — на кіламетры — вада, і раптам чуе з туману такую сімфонію, можа падумаць, што звар’яцеў.
Ды што казаць, у 1969 годзе бачыў я на Прыпяці такое: плывуць дзве вялізныя лайбы, а ў іх стаіць грузавік. Правыя колы ў адной, левыя ў другой. Дзядзька вычэрпвае з чаўноў цёмную і празрыстую прыпяцкую ваду.
Значыць, пераганяюць кудысь. Ёсць два пункты, а дарогі між імі ніякай няма.
Я ўжо казаў, што выдзелiў бы ПРЫДНЯПРОЎЕ ў асобны раён. I хаця ў географаў такое дзяленне не прынята — я паспрабую гаварыць пра землi над Дняпром, як пра асобны край. Бо ўся гэтая мясцовасць створана Дняпром i нiжняй часткай яго прытокаў, уся носiць на сабе яго адбiтак. I разлiвы, як мора, i паплавы з акiянам кветак (часам чалавек з вудай хаваецца ў iх), з рамонкамi, смолкамi, шалёнай вясёлкай разнатраўя. I старажытныя гарадзiшчы са скарлючанымi дубамi на iх. I гарады i вёскi, што ўзнiклi на тых гарадзiшчах. I сiнiя старыцы ў ценi дубоў на тых жа паплавах. I сотнi курганоў, у якiх спачылi продкi. Бары на «родненькiм» Дняпровым пясочку, i зарасцi шыпшыны i бэзу на месцы былых паселiшч. Шумлiвыя паркi, броханне вялiзнай, з вясло, рыбы, бабёр, што куляецца ў ваду, убачыўшы твой човен, ранiшнiя слупы пары над ракой, вогнiшча касцоў ля будана, брэх сабак у начных вёсках, калi праплываеш паўз iх.
І, галоўнае, далечы, роўных якім не знайсці на зямлі. То снежныя, то шматкаляровыя, то з шаломамі стагоў і качкамі, што ўздымаюцца са «старыкоў». Як шпакоў, гэтых качак!
Гэта пейзаж. Але неад’емную частку пейзажу складаюць цяпер нівы. Гэта не тыя нівы, што на Украіне, Кубані або цаліне — бяскрайнія абшары пшаніцы і кукурузы. У нас яны па 5 — 10 гектараў на поўначы і крыху большыя на поўдні. Бульбяное, жытняе, ільняное поле. Белыя зорачкі, жоўты сухмень, сіняе азерца. А яшчэ малінавая канюшына, белы россып грэчкі, залатое мора лубіну ці сланечніку, бледна-зялёныя кучары гароху.
Ну і, вядома, пашы, выганы з каровамі і авечкамі. Духмяныя зарасці канопляў, «расліны ўцекачоў», бо ў ёй чалавека і з сабакам не дагоніш: сабака адразу губляе нюх.
У каноплях, у пахучай імгле зацішнай
прытулак знойдзе звер і чалавек увішны.
Зайчо, што ўзнята на гародных градах,
ў каноплі ад сабак імкнецца без агляду,
і псам не ўзяць яго у нетрах канапляных, —
саб’юцца са слядоў яны ў імгле духмянай,
дваровы там сядзіць, у цень густы схаваны,
пакуль не адыдзе прыпадак гневу ў пана…
(Адам Міцкевіч. «Пан Тадэвуш»)
…Давайце цяпер пяройдзем да вёскі, хаты, чалавека. Толькі я хачу папярэдзіць вас, што гэта будзе размова хутчэй этнаграфічная, што многа чаго змянілася, што вопратку народную носяць не паўсюль, а толькі месцамі, астраўкамі на Палессі, Гродзеншчыне, Прыдняпроўі, што гаспадыні самі цяпер пякуць хлеб нячаста і г.д.
Размова пойдзе пра тыповае, пра тое, што розніць побыт беларуса ад побыту, скажам, грузіна ці ўкраінца.