Зямля пад белымі крыламі — Прадзяржава і яе люд

Усё цягнула плямёны да яднання. І ворагі, і мова, і нават галоўная гандлёвая артэрыя — шлях «з варагаў у грэкі». Таму пачатак свядомай гісторыі будучых украінцаў, рускіх, беларусаў — адзіная дзяржава, Кіеўская Русь. Таму не буду я асабліва гаварыць пра гэты перыяд. Вучылі ж вы гісторыю СССР. Ведаеце, што тры Сафіі, тры сястры стаялі ў зямлі палян (Кіеў), зямлі крывічоў (Полацк) і зямлі славенаў (Ноўгарад), ведаеце, якія былі князі, як і з кім ваявалі. Ведаеце нават, што ў нас агульныя помнікі літаратуры, напрыклад, «Слова аб палку Ігаравым», і хто скажа, дзе нарадзіўся ягоны аўтар? У Ноўгарадзе? Але яшчэ А.Кіркор і У.Сыракомля ў мінулым стагоддзі спрачаліся наконт крывіцкіх і дрыгавічанскіх элементаў у «Слове». Ясна адно, што аўтар «Слова» быў чалавек дужа бывалы. Да дробязяў ведаў тапаграфію ўсёй Кіеўскай Русі, аж да таго, што маці Божая Пірагошчая ў Кіеве стаіць над Борычавым узвозам і што ў Мінску цячэ невялічкая рэчка Няміга.

Для абароны ад сквапнага чужынца складалася гэтая агульная наша прадзяржава. І яшчэ больш умацавала яе прыняцце хрысціянства, а з ім і пашырэнне пісьменнасці, прычым не толькі сярод знаці, а і сярод народа. Калі раскопвалі Бярэсце (я ўжо казаў аб гэтым), знайшлі не толькі зрубы, маставыя з бярвення і іншае — прычым зберагліся яны куды лепей, нават чым у Ноўгарадзе, — а і такую, напрыклад, рэч, як грабеньчык, на якім былі выразаны літары кірылаўскай азбукі. Або ўспомнім берасцяную віцебскую грамату.

І, аднак, хрысціянства на тэрыторыі Беларусі доўга і ўпарта не прымалі. Магчыма, ненавідзячы асабіста князя Уладзіміра, што спаліў Полацк, забіў князя Рагвалода з сям’ёю, дачку ягоную ўзяў за сябе, а пасля, калі прывёз нявесту з Візантыі (з высокіх дзяржаўных меркаванняў), выселіў Рагнеду ў Ізяслаўль («вал Рагнеды», або «Гарыславы» паказваюць у Заслаўі і сёння). А можа, змагаліся за незалежнасць хатніх ачагоў, памяталі, што ваявода Воўчы Хвост учыніў разню ў зямлі радзімічаў; след гэтай разні збярогся ў бессэнсоўнай, на першы погляд, дражнілцы: «мсціслаўцы-недасекі (нашчадкі тых, каго не забілі) ваўчынага хваста баяцца». А можа, праяўляўся і кансерватызм. Рэшткі язычаскіх вераванняў былі на Беларусі жывучыя, як нідзе. Нават у канцы ХVІІІ ст. адзін свяшчэннік даносіў у кансісторыю, што сяляне адной вёскі таемна трымаюць нейкага ідала.

І ўсё ж паўсюль пачалі трапляцца карчагі з надпісамі на баках, вераценныя прасліцы, — надпісы тут часам не дужа пісьменныя, напрыклад: «бабино прясльнец» замест «прясльице», — каменныя надпісныя крыжы і іконы, а то і камяні — помнікі эпіграфікі. Проста ў вадзе Дзвіны ля Полацка ляжыць камень з надпісам: «Господі помозі рабу своему Борісу». Або на камені, што ляжыць на полі ля Коханава: «В лето 6679 (1171 г.) месяца мая в 7 день доспен (высечаны) крест сий; господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду, сыну Борису». Бачыў я такія камяні. Дзіўны настрой ахоплівае ля іх чалавека, пачуццё прыналежнасці да гісторыі.

І ўсё ж дарэмна некаторыя лічаць, што пісьменнасць распаўсюджана была шырока. Спасылаюцца на бяросту «От Степана къ Нежилови. Оже еси продал порты (адзенне), а купи ми жита за 6 гривенъ. А ли цего еси не продалъ, а посли мне лицемъ (гатоўкаю). А ли еси продалъ, а добро сътворя у купи ми жита». Кажуць, вось мужык, вось недарод, бедны, а пісьменны. Нішто сабе бедны, калі мае адзення на продаж больш як на 6 грыўняў. На 6 грыўняў тады можна было наняць чатырох наймічак тэрмінам на 6 год. Усё ж, мабыць, пісьменныя былі найбольш людзі грашавітыя.

Бяднейшыя жылі ў маладых яшчэ гарадах ці па вёсках, займаліся рамяством або аралі зямлю. Сеялі жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку (глупства гэта, што завезлі яе ў Еўропу арабы ў XV ст.; знаходзяць на Беларусі, скажам, у Гродні, зерні грэчкі значна ранейшага часу, дый сама назва звязана з «грэцкім жытам», з Візантыяй), боб, лён, гарох, каноплі. Палявалі, лавілі рыбу, выдзіралі пчаліныя борці. А вярхушка, вядома, ваявала, правіла, чыніла суд, жыла на дзядзінцы ў дамах, дзе муры распісаны былі шматкаляровым і фрэскамі, піла з прывазнога іранскага фаянсавага посуду ці са свайго, шклянога, гуляла ў шахматы (знойдзены фігуры), мела нават забаўкі, якія проста прыкрашалі дом.

У гэты час з’явіліся першыя пісьменнікі. Літаратура, створаная імі, гэта яшчэ рэлігійная, царкоўная літаратура: жыція святых, паломніцкія падарожжы, царкоўныя казані. Але паглядзіце, як жыва гучыць, напрыклад, апісанне вясны ў Кірылы Тураўскага (ХІІ ст.): «Сёння сонца красуяся да вышыні ўсходзіць і красуяся зямлю агравае… Сёння… скончылася зіма і лёд… растаяў… Цяпер вясна красуецца, ажыўляючы прыроду зямную; бурныя ветры, ціха павяваючы, плады цалуюць, і зямля, гадуючы насенне, нараджае зялёную траву… Сёння навароджаныя ягняты… скачуць і, хутка да матак сваіх вяртаючыся, весяляцца. Сёння дрэвы парасткі выпускаюць і кветкі водарныя працвітаюць, і вось ужо сады струменяць салодкі пах… Сёння ўсе добрагалосныя птушкі… весяляцца… і, сваю кожная спяваючы песню, славяць бога нямоўчнымі галасамі». Праўда, зусім як майскі вечар, калі адпачываюць людзі на прызбе ля хаты. Сады цвітуць. Дзеці бегаюць і кідаюць шапкамі ў хрушчоў або калоцяць іх з дрэў. Гэта і тады было так.

Яндекс.Метрика