Зямля пад белымі крыламі — І паўстаў род на род і племя на племя
Жукі і кветкі і дзеці былі такія самыя. Не такі быў толькі час. Час, калі дзяліліся людзі на смердаў і лепшых людзей, калі асветніца і, магчыма, самая разумная жанчына эпохі, Ефрасіння Полацкая, радасна, не бачачы ў гэтым ахвяры, ішла ў манастыр, калі, урэшце, пачаўся феадальны разброд, войны, у якіх адзін славянін павінен быў забіваць другога славяніна…
Страшна чытаць тагачасныя летапісы. Няма сваяка, бацькі, друга, брата — ёсць прэтэндэнты на ўладу. Князі грызуцца, як псы. Гэтым карыстаюцца ворагі. Міцкевіч піша пра гэты час:
Тым часам Мешка ў княскім замку седзеў:
Рвуць край правадыры,
а з-за мяжы — суседзі.
……..
I адбiваўся стогн, што енчыў люд падданы,
Ад гарадскіх муроў, ад вежаў, ад паркана,
Калі ж і далятаў да княжаскага вуха,
То князь ім пагарджаў ці краем вуха слухаў.
(«Мешка, князь Наваградскi». —
пераклад мой. — Ул.К.)
Былі ў гэтай барацьбе, што праўда, і свае героі, свае рыцары. Пра двух, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, гаворыць аўтар «Слова». Адзін — Ізяслаў сын Васількоў, які, пазваніўшы мячамі аб літоўскія шаломы, нерухома ўлёгся на крывавай траве, і па якім так сумна плакалі гародзенскія трубы.
Другі і ўвогуле асоба фантастычная, асоба-міф. Па дзёрзкасці, па здатнасці ўладна ўзяць рукамі ўдачу і не адпускаць яе. І вось што дзіўна. Усяслаў Полацкі шмат разоў ваяваў і з Ноўгарадам і з Кіевам, а аўтар «Слова» чамусьці не асуджае яго і толькі моліць яго нашчадкаў кінуць сваркі і ўсобіцы, каб вярнулася магутная слава Усяслава. Чаму? Можа, таму, што людзям заўсёды быў па сэрцы смелы, удатны, вясёлы, сказаў бы я, авантурызм добрага толку. Той, калі ў прыгодах не шукаюць для сябе асабістай выгады, калі чалавек таленавіты нават у недахопах. Па-здрадніцку ўзялі ў палон, кінулі ў цямніцу, а кіяўляне падчас паўстання вызвалілі яго, пасадзілі на «стол». Здавалася б, веліч, слава, сіла, ды яшчэ ў спалучэнні з мужнасцю, з талентам не абы-якога дзяржаўнага дзеяча. А ён у гэтай славе, у бязмерна багатым Кіеве… чуе, як ударылі званы Сафіі Полацкай. Мабыць, бачыць лясы, занесены снегам пасад, чуе ваўчынае выццё за весніцамі вёсак, лёд у вёдрах і калматы цень, што калыхаецца на сцяне.
І нічога ўжо яму не трэба. І ён скача лютым зверам «В плъночи из Белаграда… отвори врата Новуграду, разшибе славу Ярославу, скочи влъком до Немиги…»
Чарадзей. У ваўка можа ператварацца. З яго, мабыць, і пайшла цалкам даставерная («усё праўда») здольнасць найбольш спрытных і здольных беларусаў нібыта перакідацца ў ваўкалакаў, па сваёй ахвоце ператварацца з чалавека ў ваўка і наадварот.