Зямля пад белымі крыламі — Літва. Белая русь
Насоўвалася бяда. З аднаго боку крыжакі, з другога — татара-мангольская навала.
І што з таго, што ад татар паўночна-заходнім, беларускім княствам удалося адбіцца, што ў першай бітве пад Крутагор’ем татарская цьма пабегла ад мячоў войска, якім кіравалі Скірмунт і Ракутовіч, што ад Слуцка іх адбіў Слуцкі князь, ад Крычава бязведамны Іванка, хутчэй за ўсё нават просталюдзін. Краіна знемагла. Вядома, на баку літоўцаў, па гэтай прычыне, была ваенная сіла, але затое яны і княствы беларускай тэрыторыі былі добра азнаёмлены адзін з адным.
Яднанне ўласна літоўскіх земляў (Жэмайціі і Аўкштайціі) з землямі беларускімі стала гістарычнай неабходнасцю. Рускія княствы былі захоплены татарамі, якія былі страшнай пагрозай для княстваў паўночна-заходняй Русі. З поўначы і Беларусі і Літве пагражаў Лівонскі ордэн, з захаду пагражаў тэўтонскі — страшная пагроза самаму існаванню як літоўцаў, так і славян.
Без яднання было не жыць. Без яднання заставалася толькі адно: знікнуць, згінуць, не пакінуўшы нават імя на твары зямным.
Дальнабачлівыя людзі з Беларусі, якія прагнулі спакою і парадку для пашматаванай, абяскроўленай роднай зямлі, не памыліліся. Нічога новага літоўцы не ўнеслі, акрамя жыццёва патрэбнай моцнай вярхоўнай улады, нічога не змянілі. Наадварот, праводзілі палітыку цярпімасці, асядалі на новай зямлі, жаніліся на славянках, прымалі хрысціянства. Ужо ў другім-трэцім пакаленні старабеларуская мова стала іхняй мовай, мовай суда, мовай дзяржаўных актаў. Як пазней мова стараўкраінская стала на поўную моц гучаць у актах, складзеных дзе-небудзь пад Кіевам. Урэшце, дзяліць адну ад другой у той час яшчэ цяжкавата. Была, праўда, розніца ў гаворках, але, мабыць, і не болей.
Яны, нешматлікія, растварыліся ў славянскім моры ва ўсіх мясцінах, куды прыйшлі. І толькі на землях, адкуль яны былі родам (у Жэмайціі і Аўкштайціі) засталася (і то пераважна сярод сялян, мяшчан і часткі дробнай шляхты) жывая літоўская мова. Як балгары прынеслі склавінам і антам толькі назву будучай дзяржавы, так і літоўцы: «Літва», «Вялікае княства Літоўскае».
На стварэнні Вялікага княства Літоўскага беларусы нічога не страцілі, хутчэй прыдбалі. Прынамсі, на першы час, да уніі. Пазбавіліся жудаснага татарскага і крыжацкага рабства, якое сушыла самы дух, збераглі кнігу, навуку, родную мову ў судзе і дзяржаўных установах, законы на роднай мове і, прытым, больш дасканалыя, чым у многіх суседзяў.
Стварыўся баявы саюз, федэрацыя розных народаў.
У гэтай федэрацыі пачала складвацца ў ХІІІ ст. асобная беларуская мова і сам беларускі народ.
Па тагачасных кнігах пра гэта не заўсёды скажаш. Чаму? Бо людзі тады пісалі па традыцыі, і таму на пісьме гэтыя новыя асаблівасці нашай мовы амаль не праяўляліся. Кніга не адлюстроўвала праўдзівага стану мовы. Мы ведаем, што людзі ўжо так гаварылі — толькі па іх досыць частых апісках ды па свяшчэнных кнігах беларускіх татар «Аль-Кітабах», якія пісаліся па-старабеларуску, але арабскім шрыфтам. А арабскі шрыфт мае літары дз і мяккае ц і іншае, і таму дае магчымасць аднавіць фанетыку беларускай мовы ў тыя часы, дае ключ да чытання кніг і рукапісаў, пісаных кірыліцай.
Увогуле ж усходнеславянскія народы пісалі тады амаль аднолькава, хаця гаварылі па-рознаму. Таму аддзяліць нашы тагачасныя літаратуры вельмі цяжка. Хто такія былі славутыя друкары браты Мамонічы, што выдалі ў ХVI ст. столькі кніг і для Беларусі і для Украіны? Хто быў Мялеці Сматрыцкі, пісьменнік і грамадскі дзеяч (1572 −1630 гг.), што нарадзіўся на Падоллі, а вучыўся і працаваў у Вільні? Гэтага амаль немагчыма вызначыць. Гэта толькі зрэдку ў тыя гады і нават часам пазней можна было вызначыць, што вось друкар-асветнік Францішак Скарына і паэт Сімяон Полацкі — беларусы, а, скажам, Іван Вішанскі — украінец, Пятро Мсціславец — беларус, і, хутчэй за ўсё, або вучань, або вучань вучня Скарыны, а Іван Фёдараў — рускі. Хіба друк з Беларусі не перакінуўся ў дзяржаву Маскоўскую, а адтуль — калі фанатыкі спалілі друкарню Фёдарава і Мсціслаўца — назад, на Беларусь, разам з уцекачамі, а пасля — на Украіну. Хіба палымяная публіцыстыка Вішанскага, яго пякучы сарказм не далятаў на Беларусь, хіба яго тут прагна не чыталі? А хіба Сімяон Полацкі не вучыўся ў Кіева-Магілянскай Акадэміі? Хіба кнігі Скарыны не ведалі на Украіне і ў Расіі?