Зямля пад белымі крыламі — Нязмерна цяжкія часы

З цягам часу ўсё больш і больш праяўляюцца дзве плыні. Першая — рост феадальных павіннасцяў і ўрэшце канчатковае заняволенне значная часткі беларускага сялянства.. Другая — узмацненне барацьбы між каталіцызмам і праваслаўем на землях беларускіх.

Першае ішло ад таго, што дзяржава рабілася гандлёвай, што ў Заходняй Еўропе бурна развівалася прамысловасць, і там узрастаў попыт на пяньку, лён, хлеб, лес. Магнаты павялічвалі плошчу палёў, патрэбны былі рукі. У 1557 годзе была праведзена рэформа так званай «валочнай памеры». Зямлю падзялілі на «валокі» (21,3 га), за кожнай валокай замацавалі «дым», адну гаспадарку. За карыстанне валокай, адпаведна якасці і колькасці (можна было мець і больш за валоку зямлі), «дым» адрабляў пэўныя павіннасці. На захад пацягнуліся абозы, паплылі караблі з плёнам сялянскіх рук. Раскоша пануючых усё ўзрастала. Ніводны сучасны чалавек не згадзіўся б жыць так, як жыў нейкі там Наваградскі князь у пачатку ХІІІ ст. Вільготныя голыя муры, камяніцы, лавы, укрытыя шкурамі, ложак — рэдкасць, грубыя сталы, некалькі крэслаў, іконы, пара скрыняў, — і што з таго, што на стайні шмат коней, што ў куфрах трапляюцца срэбныя рэчы, што вопратка з каштоўных футраў… А пасля — унутры муроў і веж — палац, у якім сцены абабіты шоўкам, мэбля — аксамітам, вярхі веж — ліставым золатам. На чалавеку парча, пярсцёнкі коштам у гадавую працу вёскі, залатыя ланцугі з медальёнамі, зброя, усыпаная каменнямі, якім няма цаны. За прамысловасць, за ўзбагачэнне, за раскошу плаціць мужык. Але не толькі плаціць, але і паўстае.

…У той жа час пачаліся сутычкі паміж католікамі і праваслаўнымі. Тэўтонскі ордэн усё яшчэ пагражаў, рабіўся мацнейшы. Трэба было шукаць з кімсьці саюзу. Народ, мяшчане, купецтва былі за саюз з Масквой. Блізкія мовы, адна вера. Але Масква ў той час яшчэ плаціла дань татарам. Нават пасля Кулікова поля, аж да «стаяння на Угры» (1480), калі да Івана ІІІ падыходзілі падмацаванні, а да хана Ахмата не падышла падмога ад караля Літвы і польшчы Казіміра ІV, не падышла, дарэчы, таму, што супраць караля ўзняўся бунт беларускіх праваслаўных князёў: дапамогшы Маскве, самі яны паплаціліся галовамі, а край яшчэ больш падпаў пад уплыў каталіцызму.

Дык вось, значная частка магнацтва лічыла, што Масква далёка, а ордэн блізка, і трэба заключыць саюз з Польшчай, а значыць, і прымаць тую самую веру, што там. А тут яшчэ й бунты, змовы, нават буйныя, беларускіх праваслаўных феадалаў (змова М.Глінскага, з узяццем Турава і Мазыра, нападам на Слуцкія і Капыльскія землі — 1506г.).

Так з Польшчай у замку Крэва ў 1385 г. была заключана унія. Папа падтрымліваў караля Ягайлу і ўзяў з яго слова перавесці ў каталіцтва беларусаў і ўкраінцаў. Унія дапамагла зваліць крыжакаў, але яна ж нарадзіла стагоддзі барацьбы ўкраінцаў і беларусаў з акаталічваннем і была адной з прычын, якая ўрэшце прывяла да заняпаду, а пасля і да падзення Польшчы. Бачыце, як яно ў гісторыі — торгні нават за самую нязначную, здавалася б, нітку, і неадменна яно адгукнецца. Не сёння, дык праз трыста год.

Думка аб уніі, як на добрых людзей, дык была і някепская. Нашто, сапраўды, рэзаць адзін аднаго за тое, што казак Підапрыгара і магілёўскі мешчанін Раман Дзевачка хрысцяцца двума пальцамі, а шляхцюк Пшыпшэцкі — пяццю. Глупства! Але за вонкава добрай ідэяй рэлігійнага міру, — дбаннем ваўкоў, што стаялі над народамі, — людзей паўсюль чакала рабства, зняверанне, страта мовы, прагная лютасць блізкіх і далёкіх суседзяў.

Змаганне было лютае з абодвух бакоў і часам ледзь не пераходзіла ў рэлігійную вайну. І гэта не быў фанатызм. Беларус не фанатык, і нават у той час яго адносіны з небам былі досыць фамільярнымі і іранічна сяброўскімі. Вось дужа старая легенда. Сустрэліся дзве бабы:

— Куды ідзеш, кума?

— Іду ў касцёл закупіць імшу (абедню) на свайго лютара (аспіда, змея, каіна, — маецца на ўвазе муж).

— Ды ты, кума, глядзi не памылiся, не закупi iмшы ў пана Езуса; яны мужыкi, гады, усе аднолькавыя -

адзін за аднаго, як цыган за цыгана, цягнуць. Глядзі не памыліся ды закупі імшу ў маці боскай. Яна баба, яна ўсё разумее.

Гэта быў не фанатызм, гэтыя сутычкі і гарадскія бойкі, а абарона чалавечай годнасці.

Грунвальд знішчыў агульнага ворага славян, але ў княстве ўсё і далей ішло па-ранейшаму. Занадта далёка зайшлі. Панства было на тры чвэрці акаталічана, ганарылася «вышэйшай культурай» (а між тым, судзілася, нават у Польшчы, законамі, пісанымі па-беларуску), звала сялян быдлам. Барацьба цягнулася.

Кіраўніцтва гэтай барацьбой узялі на сябе брацтвы. У брацтва плацілі ўзносы і шляхціц і селянін (прычым, унутры брацтва першы не быў вышэй за другога). Яны будавалі друкарні, клапаціліся аб асвеце, заводзілі для дзяцей школы на роднай мове, падтрымлівалі прапаведнікаў і пісьменнікаў, якія стаялі за іх. Так спляліся ў адно эканоміка, рэлігія, мовы (шляхціц-эксплуататар, католік, найчасцей «паляк»; селянін і гараджанін — прыгнечаны, праваслаўны, «беларус»). Але былі праваслаўныя шляхціцы і католікі-сяляне.

І вось народ, раздзёрты на дзве паловы, зубамі рваў брата па крыві.

Адны марылі голадам — другія паўставалі. У гэтыя гады асабліва ўзмацнела дружба між Украінай і Беларуссю. Нашы сяляне тысячамі ўцякалі на Сеч. Усім вядома, што нянавісць просталюдзіна да чужынца-пана вылілася на Украіне ў такі заядлы рух, як казацкі, што скончыўся патрасеннем Рэчы Паспалітай і адпадзеннем Украіны. На Беларусі такога не было. Не было такой вайсковай арганізацыі, як Сеч, што «трэніравалася» валодаць шабляй, рушніцай, воінскім строем на крымчаках, што заўсёды была пры зброі, заўсёды магла выбухнуць бунтам — паспрабуй толькі яе зачапі. Беларус быў у той час звычайны «грэчкасей», рамеснік ці купец. Яму не было куды ўцячы і гадамі рыхтавацца да воінскай прафесіі, да сур’ёзнай барацьбы. Але гэтыя тысячы ўцекачоў на Запарожжа ўлівалі ў жылы казацтва нямала свежай крыві, ваявалі смела, часта выслугоўваліся да палкоўнікаў (Міхал Крычаўскі і інш.). Але як толькі на Беларусі пачыналася паўстанне — казацкія загоны прыходзілі на дапамогу. І любы выбух на Украіне аддаваўся пажарам на Беларусі. Кінуць сілы, а ў тыле панскіх войск успыхвае сялянскі рух. Вось некалькі прыкладаў.

1590 г. Атаман Мацюшка Гультай напаў на Магілёў. Ягоны загон аброс сялянамі, як снежны камяк. Маёнткі і палацы былі выпалены. Атрад узяў Быхаў і выбіў там растаўшчыкоў, арандатараў і шляхту.

1595 г., кастрычнік. Тысяча Севярына Налівайкі прыходзіць на Беларусь, знянацку бярэ Слуцк, а ў ім здабычу, зброю і 12 гармат. Праз некалькі дзён у Налівайкі ўжо дзве тысячы коннікаў і пяхоты. Каля Слуцка яны рассейваюць гарматным агнём шляхецкае войска. Прыціхлыя было пасля «Мацюшынай вайны», сялянскія бунты зноў успыхваюць «аж да Мінска». 30 лістапада 1595 г. узяты Магілёў, пабіты «баяры і ўчцівыя людзі», выпалены «крамы з вялікімі скарбамі».

У сярэдзіне снежня падыходзіць гетман літоўскі, у яго 18 000 войска. Паўстанцы адбіваюцца. З лагера, пасля, агрызаючыся, адыходзяць. Ім няма чаго губляць, б’юцца яны шалёна. Ясна, што ісці за паўстанцамі няма карысці. Налівайка бярэ Рэчыцу, ідзе на Пінск і з дзвюма тысячамі войска адыходзіць на Украіну.

1601 — 1602 гг. Тое самае з атрадам Дубіны. Напад на Віцебск. Шляхце і гарадскім «лепшым людзям» удаецца захапіць у палон Дубіну і яго паплечнікаў — казакаў і сялян, — вывесці на «Заручайскія валатоўкі» і там пасадзіць на кол.

Бунт за бунтам. 1584 год — паўстанне ў Полацку. Не хацелі грэгарыянскага календара, па якім зараз жывём мы, «бо ён каталіцкі». Грамілі панскія дамы.

1606 г. Польская інтэрвенцыя ў Масковіі. Патрэбны грошы. Прэс падаткаў цісне, як ніколі. Гарадская рада Магілёва так злоўжывала сваім становішчам, так крыўдзіла народ, што горад паўстаў, разагнаў раду і заняў ратушу. Кіраваў паўстанцамі рамеснік Стахор Мітковіч. Новыя раднікі — каваль, кравец, збраяр, ганчар, чабатар, калачнік. Чатыры гады цягнулася барацьба. У 1610 годзе Сігізмунд ІІІ задушыў паўстанне. Кіраўнікоў павесілі на Ільінскай гары.

1616 — пад Глускам сяляне разбілі полк пана Сянкевіча.

1623 — паўстаў Віцебск. Біскуп Іясафат Кунцэвіч, сілком насаджаючы «вунію», кідаў людзей у турмы, выкопваў трупы праваслаўных з магіл і кідаў сабакам, рабаваў, ездзіў па ўсім наваколлі, зачыняючы цэрквы. Аршанцы не пусцілі яго, ледзь не ўтапілі ў Дняпры. Магілёў запёр брамы, выцягнуў на вал гарматы і сказаў, каб «душахват» каціўся адсюль, калі не хоча атрымаць пяціфунтовае ядро ніжэй спіны. Асаблівай патрэбы ў такім набытку біскуп, па ўсяму відаць, не адчуваў, бо зматаў вуды.

12 лістапда 1623 года чаша перапоўнілася. Ударыў набат. Жыхары Віцебска і добраахвотнікі з Оршы, Полацка, Вільні і Магілёва, а таксама сяляне навакольных вёсак перабілі біскупскую гвардыю, уварваліся ў дом Кунцэвіча, знявечылі і забілі біскупа, працягнулі труп за ногі па горадзе і кінулі ў Дзвіну. Прыйшло войска. Паляцелі галовы ў дваццаці ўдзельнікаў паўстання.

Яндекс.Метрика