Зямля пад белымі крыламі — Новыя песні новага дня
На хвалі рэвалюцыі ўзнялася нацыянальная беларуская культура. І хаця клубы, чытальні, гурткі, што паўсюдна ўзнікалі тады, былі забаронены ў 1907 годзе, — спыніць ужо нічога нельга было. Нават у гады адступлення і рэакцыі.
Сярод паэтаў, што з’явіліся тады, пачэснае месца належыць Цётцы — Алаізе Пашкевіч-Кейрыс (1876 — 1916 гг.). Педагог, сацыялістка, аўтар палкіх вершаў у абарону простага народа, можа, яшчэ часам занадта дэкларатыўных, але шчырых, баявых, сумленных. Усё жыццё яе аддадзена барацьбе з вялікай несправядлівасцю. І песняй, і прапагандай:
Ах, браце родны, нясуцца весці,
Ўжо граюць маршы там на ўсходзе;
Над кожнай хатай, у кожным месцы
Шчабечуць птушкі нам аб свабодзе.
Усіх злучыла чароўна слова;
Жалезны вобруч скуў нам далонь,
І матка сына даць нам гатова,
І жонка мужа вышле ў агонь.
Хаваючыся ад жандараў, яна выязджае ў Львоў (тады Аўстра-Венгрыя) і там, у Жоўкве, выдае два зборнікі вершаў — «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская», а затым «Першае чытанне для дзетак беларусаў», першую беларускую хрэстаматыю на народнай мове. Памерла паэтэса, нечакана захварэўшы, у росквіце сіл.
1905 год даў паэтам магчымасць друкавацца. З’явiлiся газеты «Наша доля», «Наша нiва», пачалi выдавацца кнiжкi, альманахi i календары.
Узмужненне літаратуры, выхад яе карабля ў шырокае мора звязаны, перш за ўсё, з імёнамі Янкі Купалы (1882 — 1942 гг.) і Якуба Коласа (1882 — 1956 гг.). І хаця вы з самых першых год у школе цудоўна ведаеце іх творчасць — не сказаць пра іх, хаця б некалькі слоў, немагчыма.
Купала — адна з вяршынь беларускай паэзіі. Не толькі дзякуючы яго генію, а і таму, што, як і Багушэвіч, заўсёды быў з народам, найбольш поўна выказаў дух, характар, спадзяванні гэтага народа, сам быў з народа і ўсёй творчасцю пайшоў у народ.
Галоўнае, што ўплывала на творчасць Купалы, — гэта была песня беларуская, легенда беларуская, жывое жыццё беларускае. Бацька — бедны шляхціц-арандатар, хата непадалёку ад Мінска, звычайная хата з посцілкамі, ручнікамі, тая, што рэканструявана ў Вязынцы, кніга, бо быў амаль самавук. І першы верш «Мужык» — праграма на ўсё жыццё. І першы зборнік «Жалейка», праўдзівы і трагічны, за што і канфіскаваны ўладамі.
Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,
Ці запеў салавей, ці загагала гусь, —
Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,
Сваю матку-зямлю — Беларусь.
Тую зямлю, па якой ідуць людзі, несучы на свет белы сваю крыўду, бо ім захацелася «людзьмі звацца». Для гэтых людзей і складае сваю песню паэт:
Песня мая не ўзышла сярод кветак,
Кветак цвітучага вечна паўдня…
Поўначы сумнай забыты палетак
Даў ёй жыццё пасярод палыння.
………………
Песня мая не шукае чырвонцаў, —
Будучнасць гэткіх не знойдзе ў ёй плям, —
Жыць толькі хоча ў радзімай старонцы,
Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.
Пеці, і з часам, у добрую пору,
Выклікаць водклік у сонным сяле…
Ўсю Беларусь — неаб’ятну, як мора,
Убачыць у ясным, як сонца, святле.
Нянавісць да прыгнятальнікаў народа, ад апошняга стражніка да цара…
Паўстаньце, покуль цар звыродны
Крыві усёй не выссаў з вас!
Паўстаньце! Край ваш стогне родны,
Заве збаўляць, як зваў не раз.
…Глыбокае і непадробленае народалюбства былі ўласцівыя паэту. Выключнае і ў майстэрстве такой паэмы, як «Курган», у якой гусляр спявае вылюдку-князю жорсткую праўду аб ім, і за гэта жыўцом кладзецца ў зямлю. І ў адной з самых славянскіх рэчаў на свеце, па-язычаску дзёрзкай і радаснай паэме «Яна і я»… І здзеклівая, дасціпная, дужа смешная камедыя «Паўлінка» або мудрая, складаная драма аб сялянах, якіх сагналі з зямлі, — «Раскіданае гняздо».
Купала, услед за Багушэвічам, зрабіў самую важную справу: уліў у жылы народнай паэзіі свежую кроў. Сваю.
Мне асабіста давялося бачыць яго толькі раз, дзіцем, але ўсё сваё жыццё бачу я людзей, якія яго блізка ведалі, якіх ён літаральна стварыў сваёй паэзіяй. Сваім асабістым прыкладам ён нібы прыбавіў высакароднасці свайму часу. Гаворыш з настаўнікам, які яго ведаў, з селянінам, якому ён дапамог, і не можаш не думаць, якія гэта чыстыя і высокія людзі.
Дзе п’есы, там і тэатр. У гэтыя часы з’яўляюцца вандроўныя і аседлыя, аматарскія па складзе, але прафесійныя па мастацтву трупы. Заснавальнікам найлепшай з іх быў Ігнат Буйніцкі, што аб’ездзіў з невялікім сваім тэатрам усю Беларусь, яе гарады, мястэчкі і вёскі. Далейшае развіццё атрымліваюць жывапіс і музыка.
Сябрам, паплечнікам Купалы быў і другі паэт-барацьбіт, Якуб Колас. Сын палясоўшчыка, ён адолеў вышыні асветы, бо ў той сялянскай сям’і кнігу, песню і паданне народнае любілі болей, чым дзе. Паэт стварыў мноства цудоўных вершаў аб лёсе беларуса, а пазней дзве эпічныя паэмы — «Новую зямлю», дзе побыт селяніна, яго імкненне да зямлі, гадавы кругазварот працы, беларуская прырода, людзі, свабодалюбства мужыка пададзены з незвычайнай глыбінёй, і вельмі складаную, тонкую і паэтычную паэму «Сымон-музыка», пра лёс талентаў з народа ў краіне, дзе бедныя хаты і дымныя корчмы, крыжы на ростанях і курганы суседзяць са змрочнымі старадаўнімі замкамі, у якіх, што вампіры, сядзяць у раскошы лютыя паны. Калі «Новая зямля» — чыстая, нічым не прыкрытая праўда, то «Сымон-музыка» — праўда, пададзеная праз змрочную, велічную і прыўкрасную легенду.
Паэт быў барацьбітам не толькі ў паэзіі. Будучы настаўнікам, ён удзельнічаў у сялянскіх хваляваннях супраць памешчыка Скірмунта, арганізоўваў нелегальны настаўніцкі з’езд, напісаў падручнік на роднай мове «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў», сядзеў за ўсё гэта ў мінскім турэмным замку. Але і за кратамі з’яўляліся вось такія вершы:
Я — мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
Усё гэта, і хваляванні, і жыццё беларускай правінцыі, і турму, і нараджэнне інтэлігенцыі, пісьменнік пазней апісаў у выдатнай сваёй трылогіі «На ростанях».
Паэты былі патрэбны — і паэты з’явіліся.
Адзін з пачынальнікаў прозы, аўтар цудоўных алегорый і мудры сатырык-гуманіст Ядвігін Ш. (1868 — 1924 гг.), некаторыя апавяданні якога і дагэтуль — вяршыня беларускага гумару. Выдатны лірык і аўтар апавяданняў з народнага быту Змірок Бядуля (1886 — 1941 гг.); пісьменнік і грамадскі дзеяч (быў першым Старшынёй Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі), заснавальнік рабочай паэзіі Цішка Гартны (1887 — 1937 гг.); Максім Гарэцкі (1893 — 1939 гг.), дужа самабытны празаік-філосаф, — дый ці мала яшчэ хто?!
І, урэшце, паэт выключны па разнастайнасці вершаў, па форме іх, па адметнасці генія, — не пабаімся сказаць гэта, — Максім Багдановіч (1891 — 1917 гг.).
Багдановіч памёр у 25 год ад сухотаў у Ялце і пахаваны там, але тым не менш паспеў даць узор самай мужнай і высокай паэзіі ў нашай літаратуры. Мала таго, узняў нашу літаратуру да сусветнага ўзроўню. Вершы ягоныя, пры ўсёй нацыянальнай стыхіі, цікавыя для ўсіх людзей Зямлі.
Арыгінальная яго паэзія — з’ява выключная. Гэта і свет казкі з Лесунамі, Падвеямі і Вадзянікамі, і рэальны боль за народ, і песня народная, і складаныя класічныя формы, і вершы аб старажытнасці.
Але што там казаць? Вазьміце томік яго лірыкі і паспрабуйце прачытаць некалькі вершаў, хай сабе спачатку і самых простых. Бо лепей за генія ўсё роўна не скажаш.
І вы палюбіце яго самай моцнай любоўю.
Колькі яшчэ наперадзе на вашым шляху радасці! Усё вас яшчэ чакае!