Зямля пад белымі крыламі — А на землях вольнай Беларусі…

…На фоне ўсяго гэтага асабліва значныя былі поспехі культуры ў Беларускай ССР. Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) у 1928 г. быў ператвораны ў Акадэмію навук БССР, урачыстае адкрыццё якой адбылося 1 студзеня 1929 г. У 1920 годзе ў Мінску быў арганізаваны Першы Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (з 1945 г. — Беларускі дзяржаўны тэатр імя Янкі Купалы) — сапраўды першы, які меў сталае памяшканне, сталую трупу і рэжысёраў. Кіраваў тэатрам таленавіты драматург, рэжысёр і акцёр Е.Міровіч. Стрыжнем трупы былі такія акцёры, як У.Крыловіч, Б.Платонаў, Г.Глебаў. З’яўляюцца на сцэне, акрамя класічных беларускіх п’ес, новыя, такія, як «На Купалле» М.Чарота, «Каваль-ваявода», «Машэка», «Кастусь Каліноўскі» і «Кар’ера таварыша Брызгаліна» Е.Міровіча, пазней — «Бацькаўшчына» К.Чорнага, «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка, «Партызаны» і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы. Ставяцца п’есы Горкага і Кальдэрона, Мальера і Шоў. І гэта сапраўды глыбокі, бязмерна таленавіты тэатр. Часам гэта глыбокая трагедыя, часам узлёт, часам яркае відовішча. Ён і пазней быў адным з лепшых тэатраў СССР. Мне пашэнціла бачыць рэакцыю на яго пастаноўкі патрабавальнага ўкраінскага, кіеўскага гледача. Гастролі адбываліся ў жніўні 1953 г. у памяшканні тэатра імя Лесі Украінкі. Штопраўды ў нас жывыя яшчэ былі Б.Платонаў і Г.Глебаў, але ж і ў Кіеве жыў яшчэ А.Бучма, грымела слова Г.Юры, спявалі, прынамсі, у «Запарожцы…» Патаржынскі і Літвіненка-Вольгемут, слынныя былі Белавусаў і найлепшы ў свеце Федзя Пратасаў — Раманаў. Здзівіць гледача песняй, танцам, драматычнай ігрой было амаль немагчыма. І, аднак, калі апляваны, замучаны даносамі Туляга ў «Хто смяецца апошнім» (Глебаў) кажа сваё «Не верце. Нізавошта не верце» — у зале на хвіліну запаноўвала такая мёртвая цішыня, што рабілася страшна, а пасля апладысменты ледзь не ламалі столь. А калі ў «Дні цудоўных падманаў» ён, уцякаючы, забіраўся ў нішу і ўдаваў статую — зал стагнаў ад рогату і спаўзаў пад крэслы. У антрактах увесь час можна было чуць:

— Чорт ведае што яны вырабляюць. Я два разы на гэты спектакль хадзіў.

— А я тры. І яшчэ раз пайду, як білет дастану.

А што рабілася ў час гастроляў у Маскве!

…На Беларусі была багатая традыцыя вандроўных тэатраў. Спачатку, з XVII ст., гэта былі батлеечныя трупы, пасля трупы такіх энтузіястаў, як Буйніцкі. Дык вось і тут, адразу за першым, узнік перасоўны тэатр пад кіраўніцтвам У.Галубка, аўтара каля 50 п’ес. Узнік БДТ — ІІ у Віцебску (цяпер тэатр імя Я.Коласа). Тэатры і тэатры рабочай моладзі ўзніклі ва ўсіх хоць крыху буйных гарадах.

Узнікла свая кінематаграфія, у якой працавалі Ю.Тарыч і У.Гардзін.

З’яўляюцца оперы (наш тэатр оперы і балета створан у 1933 г.), сімфоніі, камерная музыка. Зачынальнікі музычнага мастацтва — М.Аладаў, М.Чуркін (опера «Вызваленная праца», сімфаньета «Беларускія малюнкі», мноства рамансаў), Я.Цікоцкі (опера «Міхась Падгорны») і іншыя. У 1932 годзе створана Беларуская кансерваторыя.

Крыху пазней напісана А.Багатыровым опера «У пушчах Палесся» пра партызан грамадзянскай вайны і балет М.Крошнера «Салавей», напісаны па славутай аповесці З.Бядулі аб паўстанні прыгонных супраць панства і аб важаку паўстання Сымоне, які валодаў усімі гукамі зямлі, умеў спяваць салаўём, выць воўкам так, што кідаліся панскія коні, словам, падрабляць галасы ўсіх людзей, птушак і жывёл зямлі.

Шмат рабілі і архітэктары.

Гарады аздабляліся новымі жылымі дамамі, грамадскімі будынкамі. Такія выдатныя помнікі, як Дом урада, Акадэмія, Тэатр оперы і балета (архітэктары І.Лангбард, А.Воінаў, У.Вараксін і іншыя), створаны менавіта ў тыя гады.

Працавалі скульптары і мастакі. Такія рэчы, як «Партрэт М. Багдановіча», «Праца», «Лірнік» А.Грубэ, пейзажы У.Дучыца і У.Кудрэвіча, партрэты М.Станюты, палотны Ю. Пэна — гэта залаты нацыянальны фонд. І, вядома, такія цудоўныя творы Міхася Філіповіча, як «На Купалле», «Дудар», «Вясковы хлопец», як афармленне ім оперы «Кветка шчасця» выдатнага кампазітара Беларусі А.Туранкова. А Я.Красоўскі? А графік А.Тычына?

Пачаўся масавы прыход людзей у літаратуру. Раней былі адзінкі, а тут толькі ў адной арганізацыі «Маладняк» было каля 500 чалавек. Не ўсе з іх засталіся ў літаратуры, сёй-той стаў проста прапагандыстам або аматарам яе, але многія з тых, што вызначаліся або вызначаюцца і зараз, пачыналі з «Маладняка». А былі ж яшчэ «Узвышша», «Полымя».

Тварылі такія паэты, як аўтар паэмы «Босыя на вогнішчы» Міхась Чарот (1896 — 1937 гг.), рамантычны паэт рэвалюцыі. Пісаў свае байкі, поўныя гумару апавяданні і п’есы Кандрат Крапіва (нар. у 1896 г.). Кнігу за кнігай выпускае непараўнальны майстар беларускай мовы, празаік-класік Кузьма Чорны (1900 — 1944 гг.) — пісьменнік і чалавек вялікай душы, кнігі якога («Трэцяе пакаленне», «Бацькаўшчына» і інш.) яшчэ доўга-доўга будуць уплываць на перадавую беларускую прозу. І піша яшчэ М.Гарэцкі (1893 — 1939 гг.), ствараючы «Віленскіх камунараў», і аўтар «Сцежак-дарожак» М. Зарэцкі (1901 — 1937 гг.).

Дужа рана, на жаль, памірае вельмі таленавіты паэт Паўлюк Трус (1904 — 1929 гг.), пясняр краю, які павінен стаць «Краем фабрык дымных і машын», і тонкі пранікнёны лірык… У той жа час прыходзяць у паэзію складаны Ул.Дубоўка, трагічна-філасофскі Ул.Жылка, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, такі ўдумлівы, высокакультурны паэт, як М.Лужанін. Пазней з’явіліся юнацкія яшчэ, дужа смелыя вершы Пімена Панчанкі і Аркадзя Куляшова.

Твораць далей і карыфеі. Купала піша мноства вершаў і паэму «Над ракой Арэсай» (1933 г.) — аб асушэнні балот дэмабілізаванымі чырвонаармейцамі, што калісьці штурмавалі Перакоп і Чангар, а цяпер, як багі, стварылі з багны зямлю.

Якраз у гэтыя гады Якуб Колас канчае свае «Новую зямлю» і «Сымона-музыку». Піша такія празаічныя творы, як «Дрыгва», «Адшчапенец», «На прасторах жыцця».

Ну, і ўрэшце якраз у гэты час складаецца дзіцячая літаратура. Мелася яна і да рэвалюцыі, але толькі тут дзеці і падлеткі атрымалі цэлую бібліятэку. У дзіцячых часопісах «Зорка», «Беларускі піянер», «Іскры Ільіча», а пасля і асобнымі кнігамі выходзяць вершы і казкі Купалы, Коласа, Бядулі, аповесці любімага вамі Міхася Лынькова «Міколка-паравоз», «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (аб незвычайных прагодах на вайне трох сяброў, мядзведзіка, сабакі і палкавога казла). І, урэшце, выключную папулярнасць набываюць прыгодніцкія творы Янкі Маўра: «Сын вады» (пра жыхароў Вогненнай зямлі), «Чалавек ідзе» (з жыцця першабытных людзей), «У краіне райскай птушкі» (прыгоды экспедыцыі шукальнікаў золата ў нетрах Новай Гвінеі), «Амок» (вялікі і дужа цікавы раман аб паўстанні яванцаў супраць галандскіх каланізатараў — аб тым, як быў захоплены параход «Саардам», аб патаемных падземных капішчах і незвычайных звярах), і ўрэшце «Палескія рабінзоны» — пра хлопцаў, якія трапілі на выспу сярод палескіх балот і жылі там некалькі месяцаў. І не прапалі, не толькі выбраліся, але й злавілі небяспечную банду. У тыя часы шматлікія банды гойсалі на Беларусі, пакуль з імі не справіліся, перабіўшы або палавіўшы.

Урэшце, Янку Маўра вы, вядома ж, чыталі. І не толькі яго, але і іншых.

Яндекс.Метрика