Зямля пад белымі крыламі — Просім у хату, госцейкі нашы!

Але зойдзем у хату, якой яна была яшчэ не так даўно, а часам сустракаецца і зараз. Спачатку трапляем у сенцы. Яны і зараз служаць для гаспадарчых мэт. Тут вёдры, цэбры з рознай рознасцю, маслабойкі (цяпер часта сепаратар) і г.д. Дзверы насупраць вядуць у камору, дзе таксама рэчы для гаспадаркі і на паліцах розныя прыпасы. Другія дзверы вядуць у халодныя пакоі. Іх адзін ці два. Раней гаспадыня ўлетку выносіла сюды кросны, ткацкі станок, бо ў самой хаце горача. Тут жа ўлетку спалі старэйшыя (для маладых служыла і служыць адрына з сенам). Тут узімку ляжаць на аўсянай саломе яблыкі, рассыпаныя тоўстым пластам жалуды для свіней, іншыя прыпасы. Раней зрэдку, а цяпер досыць часта ў халоднай палове ёсць і грубка, так што пры выпадку (наезд гасцей ці яшчэ нешта) можна размясціць процьму людзей. У мінулым стагоддзі, калі шафаў, вядома, не было, а ў куфры (скрыні) не ўсё змяшчалася, тут стаялі і «кублы» з лішнім адзеннем і іншым дабром.

У некаторых хатах да халоднай паловы была прыбудова, у якой спалі ў зусім нясцерпную спёку тыя, хто не хацеў ісці проста ў садок, пад дрэвы. Часам яе можна ўбачыць і зараз. Я аглядаў некалькі такіх, і «абстаноўка» іх заўсёды была аднолькавая: нізкая, дужа шырокая і доўгая, «скрыня» на ножках, у ёй сяннік, набіты сенам, мякенькай аўсянай саломай ці гарахавіннем, радно, падушкі і полаг. Абавязкова. Ад камароў. Зроблены з радзіны, падобнай на марлю.

Вернемся ў сенцы. Ага, мы забылі яшчэ вось што. Лесвіцу, «драбіны», або проста бервяно з засечкамі, якое вядзе на гару, дзе вісяць шынкі і летнія каўбасы (зімнія каўбасы, залітыя салам, і само сала — у дзежках і гарлачах, у сенцах ці ў каморы).

Цяпер — у хату. Выгляд яе для кожнай мясцовасці быў розны. У даўніну бывалі хаты з комінам (цяпер комінам завецца пячны дымаход), плеценым і абмазаным глінаю конусам, пад якім на жароўні ці ў свечніку гарэла лучына, а дым ішоў комінам праз столь і страху. Бывалі хаты з вялізным, таксама абмазаным, каўпаком ля ачага, дзе ў зімнія ночы (там было цяплей) збіралася прасці і майстраваць уся сям’я. Ды і ў розных мясцовасцях хаты былі розныя. На два пакоі (трысцен і ўласна хата), на два пакоі з прыбудовамі і г.д. Але найбольш тыповы выгляд быў такі. З трысцена, дзе елі летам і, хто хацеў, спалі зімой, і куды ўзімку бралі маладняк быдла, быў уваход у хату. Ля ўвахода, справа, мыцельнік, месца для мыцця посуду і кухонных рэчаў. Пасля печ. За печчу, па правай сцяне пол (нары). Пад полам складалі розныя рэчы. Але ўжо тады замест пола часта стаялі шырокія ложкі, адзін з завескаю, для гаспадара. Уздоўж астатніх дзвюх сцен ішлі шырокія лавы, часам з тканымі налаўнікамі. На іх сядзелі і ноччу маглі спаць, асабліва калі бывалі госці. Часам гасцей клалі і пад лаўкі, залежна ад стану. У беларускай ананімнай паэме XIX ст. «Тарас на Парнасе», дзе іранічна апісваецца гулянка «грэчаскіх» багоў, ёсць такія радкі:

І кожны бог так разгуляўся,
Што аж не можна удзяржаць,
А хто гарэлкі насцябаўся,
Таго пад лаўку клалі спаць.

Перад лаўкамі — стол. Заўсёды дужа белы, бо яго часта скрэблі нажом. Стол і лаўкі часцей за ўсё былі з тоўстых дубовых дошак. Ля той сценкі, дзе дзверы, стаялі куфры і — узімку — гаспадыніны кросны.

З упрыгожанняў былі — абразы на покуце. Бывалі сярод іх і лубачныя, але здараліся й дужа цікавыя. Ці старажытныя, ці наіўныя, уніяцкіх яшчэ часоў, дзе святыя былі ў беларускіх народных вопратках. Асаблівым поспехам карыстаўся святы Юры, які забівае дракона, і святы Мікола за сваё сялянскае паходжанне і за тое, што (па беларускай легендзе) аднойчы ўратаваў адзіную кабылку беднага мужыка, якая заблукала ў лесе. Не даў раздзерці ваўкам і памог ажарабіцца, а пасля прывёў гаспадару. Згодна павер’ю, калі жарабятка падрасце, то на ім паедзе той, хто дасць волю народу.

І яшчэ адно ўпрыгожанне — тканыя посцілкі (у шашачкі, у шэсць, дванаццаць і дваццаць чатыры «ніты», чынаватыя і інш.).

І, вядома ж, ручнікі. Мноства. Раней вакол абразоў і акон. Цяпер каля карцін і партрэтаў. Ручнікі ў нас на Беларусі таксама розныя, па мясцовасці, і дужа разнастайныя. Узоры іншыя, чым у суседзяў, хаця ёсць і падобныя. Галоўная розніца — менш «раслін і кветак». Арнамент часцей геаметрычны. Меней чорнага колеру. Пераважае «вясёлка», жоўты, чырвоны, сіні, блакітны і іншыя такія колеры.

Ну вось. А цяпер паколькi я кепскаваты танцор, то пайду танцаваць ад печы. Печ — гэта цеплыня. Печ — гэта здароўе застуджанаму. Печ — гэта i гарачая, смачная ежа. На поўначы печ дужа вялiкая i простая, хiба што з «пячуркамi» для запалак i лучыны на распал. Затое на поўднi яна меншая i часам нагадвае архiтэктурную спаруду. Дзесяткi выступаў i нiш, у якiх глiняныя збанкi, лiверы (пасудзiнка з дзвюма дзiрачкамi, «цякло, бы з лiвера, з вачэй»). Тут ёсць дзе ўстанавiць спарыш (два гаршкi, злучаныя ручкай, каб насiць на поле абед), паставiць i «ўдаву» — гаршчок, падобны на абаранак. Печ уся распiсана кветкамi, дзяўчаткамi з каромысламi i коннiкамi — улюбёны матыў. Зараз у наш час печ выцясняецца плiтамi i плiтамi газавымi, але пакуль ёсць у многiх хатах.

Дзе печ, там i тое, што з печы.

Яндекс.Метрика