Зямля пад белымі крыламі — Куфар жыцця

… Пяройдзем цяпер да куфра. Ён зараз амаль выцiснуты шафаю, але я кажу аб параўнаўча нядаўнiм мiнулым, i да таго ж ёсць мясцiны, дзе куфар, або скрыня, яшчэ й зараз пануе ў хаце, iх нават яшчэ робяць сям-там. Лепшымi куфрамi лiчацца тыя, што робяць у Iванаўскiм раёне на Палессi.

Куфар у нас прыблізна такі, як і ў Расіі, і на Украіне, хіба што большы памерам. Часам нават на колцах, як палтаўская скрыня. Адрозненне — у колерах, якімі ён распісаны. Колеры беларускага куфра больш глухія: фіялетавы з чырвоным, карычневы з сінім і чырвоным і г.д. Ды акрамя кветак і «букетаў» на нашых куфрах ёсць яшчэ стылізаваныя фігуркі людзей, коней і г.д.

Адкрыем куфар. І прабачце мне, што я скарыстаюся тым жа ходам думкі, які так удала ўжыла ў сваёй паэме «Куфар» беларуская паэтэса старэйшага пакалення Ларыса Геніюш. Толькі ходам думкі, толькі прынцыпам. Праз куфар — жыццё чалавечае.

Шырокі, высокі, акованы куфар,
Малёваны вокал, з клямкаю са сталі,
Не ўстыдно б такому і на панскі хутар.
Куфар не замкнёны, бо ў нас не кралі.

Гэта праўда. І зараз у далёкіх вёсках гаспадар, выходзячы з хаты, толькі прыпірае дзверы кійком, каб ведалі, што нікога няма дома, і каб часам не ўлезлі сабакі ці свіння.

У пахучым куфры важка ўсё ляжала,
што сама бабуля працай рук прыдбала.
Быццам водар з поля пранясло ля хаты,
так запахла лугам, чабаром і мятай.

Вось ляжыць, на памяць, пялюшка першынца. У некаторых мясцінах яе кладуць маці ў труну, калі памрэ. Каб «памятала», як маладую маці на трэці дзень, на «ўзвары», наведвалі суседкі і прыносілі ёй розныя стравы, як «бабку» (нават калі маці была ў радзільным доме) садзілі ў санкі ці на воз і з песнямі везлі па сялу, а тая падганяла жанок доўгай хлудзінай, як «бабка» частавала ўсіх «бабінай кашай», а тыя за гэта дарылі бабу.

Як мужчыны, «на шчасце кугакалу», стралялі за весніцамі са стрэльбаў у паветра (гэты звычай, між іншым, быў не ўсюды).

Як спявалі бясконцыя песні, у якіх, не заўсёды нявінна, даставалася бабцы, куму і куме.

А вось стаяць, як пaлі, сувоі белага ільнянога палатна. І можна ўспомніць, як, дзяўчынаю ўжо, церла гэты лён і прала, віла і снавала, і як у маі ўвесь свет быў белы: ад вішань, ад яблынь, ад палотнаў на лузе пад сляпучым сонцам.

Цяпер саматканыя палотны робяць рэдка, але робяць, дый старое палатно берагуць. «Свая» тканіна і вопратка з яе лічацца самай здаровай для летняй спёкі.

Далей ляжаць «сцежкамі ў полі» розна вышытыя ручнікі. На іх «сінія валошкі з макамі ў вяночак, галубок і пеўнік, ягады каліны, нагаткі, рамонкі, гожыя юргіні. Па канцах карункі тонкім павуціннем…»

У кожнай мясціне вышыўка была непаўторнай, каларытнай, мясцовай, не такой, як у суседзяў, хаця, вядома, якой бы яна ні была, чалавек заўсёды скажа: «Вось польскі ручнік, вось украінскі, а вось гэта — беларускі». На Беларусі вядома больш за сто спосабаў і відаў вышыўкі.

Ручнікі на сценах, ручнікі ў мыцельніку.

А ручнік яшчэ ж і падарунак… Вось гэты падрыхтаваны для свата, каб лепей жартаваў на вяселлі.

Ляжаць белыя «кашулі» (сарочкі), вышытыя па каўняры, рукавах, поліках, а часам і па ўсёй пазусе. Чорна-чырвоныя візэрункі, зялёныя, калі травамі, зялёна-карычневыя, сінія, калі валошкі.

Тут жа безрукаўкi. У iх апраналiся паўзверх сарочкi, i называлiся яны па-рознаму: «шнуроўка», «кабат», «станiк», «гарсэт». Яны барвовыя, зялёныя, сiнiя, шнураваныя.

Звычайна безрукаўкі падпярэзваліся тонкім паяском, які ззаду завязваўся прыгожым бантам і спускаўся на спадніцу. Некаторыя ўпрыгожаны каляровымі шаўковымі істужкамі, срэбным ці залатым галуном.

Спадніцы з сукна, так званыя «андарaкі». Густа-сінія, зялёныя, часцей чырвоныя, як жар. У папярочныя тканыя палосы з ромбаў і квадратаў. Самыя прыгожыя, шырокія палосы ідуць ля падола. Чым вышэй, тым яны вузейшыя, тым прасцейшы ўзор.

Часам тканы андарак — гэта твор мастацтва.

Урэшце фартухі. Іх насілі абавязкова. Палатняныя, кужэльныя. Затканыя гарызантальнымі ці (радзей) вертыкальнымі палосамі з кветак, зорак ці крыжыкаў.

Можна ім закрыць вочы ад шчасця,
калі шчокі калінай ірдзяць,
схаваць слёзы, калі не удасца
тое шчасце навекі ўтрымаць.
Хвартушок — чарадзейнае хусце —
гэта стан свой задорна абвіць.
У бель чаромухі голаў чыюсьці
ў забыцці на хвартух палажыць.

У баку ляжаць некалькі тканых узорных настольніц.

Хай едуць госці, хай едуць нават сваты — пасцялі на стол, стаў пірагі, частуй мёдам.

Тут жа дываны, тканыя па лёне воўнай.

То узорам чорным
па утку зялёным,
то на белым-сінім,
бы расой замглёным,
то ў вянкі, ў алені
нейк перабірана,
быццам не рукамi,
а машынай ткана.
То з адное воўны
дываны на сані.
Ярыя, як вішні,
кутасы звісаюць.

Тут хусткі. Цёмныя на жалобу, ясныя — на свята, на нядзелю, у гасціну.

Яшчэ адна хустка, цёплая, цяжкая,
баба яе велькай хусткай называе.
Ёю ў непагоду трэба атуліцца,
старым у дарозе і для маладзіцаў.
Мяккаю, шырокай,
зложанай удвое,
ахінуць ля сэрца
дзіцянё малое.

Але да дзіцяці яшчэ далёка. Усё ў куфры падрыхтавана для вяселля. Вяселле ў розных мясцінах таксама рознае. Запісана некалькі сот варыянтаў. Раскажу аб адным, якое ад пачатку да канца бачыў сам.

Жаніх і нявеста даўно дамовіліся, але вёска была глыбінная, моцна трымалася звычаяў, і таму многае было, як раней.

Сват, бацька жаніха і жаніх паехалі за некалькі кіламетраў у суседнюю вёску, у хату нявесты. Сват — сваяк жаніха, мажны дзядзька, паважаны на сяле чалавек, вынаходлівы і востры на язык. Пад’ехалі, вылезлі, топчучы сіні ад месяца снег, сталі пад акном.

— Пусціце, добрыя людзі, на начлег.

— Здаровыя былі, ідзіце ў хату.

У хаце прыезджыя паклалi на стол дары, у тым лiку хлеб i вiно, i пачалася размова, уся на выкрутасах, уся на жартах, на двухсэнсоўнасцях. То купецкая пра тое, а цi ёсць цялушка для прадажы — «ды прадалi б, каб купец знайшоўся». То паляўнiчая, наконт пошукаў кунiцы. То рыбацкая, пра залатую рыбку. Урэшце прама гавораць, чаго прыйшлi. Гаспадар улешчаны, але куражыцца. Гаворыць нешта накшталт:

— Ды што вы, людзі. Яна ж у нас яшчэ малая. Яна ж у нас яшчэ ў рэшаце спіць.

Урэшце дамовіліся. Маладая дорыць усіх багатымі ручнікамі.

Далей многае ідзе падобна як на вяселлях розных славянскіх народаў. Падрыхтоўка, шэсце нявесты ў народным строі па вёсцы, з запрашэннем на вяселле. Адметным было хіба тое, што былі яшчэ «запоіны», на якіх абмяркоўваўся парадак вяселля, ды некалькі дзён перад вяселлем хата нявесты была аддадзена ў поўнае карыстанне ёй і сяброўкам. Частаваліся, спявалі песні, гаварылі пра былое і будучае. Ніхто з мужчын не меў права носа паткнуць бліжэй, чым да суседняга двара.

«Пасад» нявесты на дзяжу, укрытую кажухом поўсцю наверх, ёсць, здаецца, не толькі ў нас. Каравай з «шышкамі» таксама. А вось адметнае.

Раніцай жаніх з дружынай у два дзесяткі хлопцаў і з «баярамі» закусілі дома і паехалі на конях да нявесты.

Іваньку матка радзіла,
У дарогу выпраўляла;
Месяцам абгарадзіла,
Зарою падперазала:
Едзь, дзіця раджонае,
Па сваё суджонае.

Усю дарогу спявалі песні. Пра тое, як травы расцвітаюць пад капытамі жаніховага каня, што «бог таму дае, хто дачку аддае за яго». У нявесты ўжо быў накрыты стол, але прыезджых не пускалі, рабілі выгляд, што будуць страляць, біцца насмерць. Урэшце, за выкуп, пусцілі.

Ішоў пачастунак. Пасля будучыя свацці на парозе зляпілі ў адну дзве свае палаючыя свечкі.

І ў цябе свяча, і ў мяне свяча,
І ў цябе дзіця, і ў мяне дзіця.
Злепема свечкі да купкі,
Зведзема дзеткі да хаткі
Да адзiнай маткi.

Толькі тады ўсе зайшлі, размясціліся за сталом. Маладыя на покуце. З’яўляецца каравай, абвіты кветкамі. Ідзе пагулянка, а пасля абрад завівання касы. Малы брат нявесты яшчэ да абраду хоча вялізнымі авечымі нажніцамі гэтую касу абрэзаць. Ужо нават заціснуў: «Тут яна вырасла, тут і застанецца.» Жаніх, ясна, выкупляе.

Валасы жаніха і нявесты (расплеценыя) прадзяваюць па адной пасме ў пярсцёнак і разам падпальваюць, а пасля надзяваюць жаночы галаўны ўбор. Пачынаюцца плач, рыданні нявесты, лямант, усхліпы. Ясна, што тая самая нявеста будзе насіць, што хоча, заплятаць валасы, як хоча, што «галаву», «намётку», «чапец», «крэндаль» (так называюцца жаночыя галаўныя ўборы) адразу схаваюць у скрыню. Але ў глыбінных вёсках абраду, яго дробязных, вонкавых рысаў, трымаюцца зацята.

Пры завіванні спяваюць:

А я цябе, сестранька, завіваю,
Шчасцем, доляю абсыпаю;
Ой, будзь прыгожа, як ружа,
Ой, будзь здарова, як вада,
Будзь багатая, як зямля.

Тут неадменна знойдзецца нейкі парсюк, які прыбавіць якую-небудзь гадасць, накшталт: «Будзь пладлівая, як свіння».

Жанчыны яго за гэта «б’юць», ва ўсякім разе, валяюць і шчыкаюць. Той раве.

З таго часу і ляжыць у скрыні, побач з хусткамі, дзявочы галаўны ўбор, вянок, абшыты парчой і сусальным золатам (часта стогадовы), і «намётка», палаценкавы галаўны ўбор, які абвіваўся вакол галавы, пад падбароддзем і пасля спускаўся на спіну (дзявочая намётка патыліцы не прыкрывала, а спускалася па плячах на грудзі багата і гожа затканымі і вышытымі канцамі).

…Зноў ядуць, дзеляць каравай. Усе дораць нявесту, а маці яе — сваякоў жаніха.

На падарунках стаіць гэты абрад, як і многія-многія іншыя народныя абрады.

Ці то маладога ў войска прызываюць,
ці далёка сына з хаты выпраўляюць.
Дораць на радзіны і на наваселле,
дораць на хрысціны, дораць на вяселле,
бацькоў маладога, і сястру, і брата,
дораць музыкантаў, шчодра дораць свата.
Гуляюць вяселле. П’юць сябры не дарам!
Дораць ўсе ад сэрца маладую пару.
Дружна пры гасціне п’юць, пяюць, гавораць,
выйдуць, патанцуюць і ўсё дораць, дораць.

Цяпер сялянскі аркестр нівеліраваўся. Скрыпка або дзве, басэтля, гармонік (баян ці акардэон), нейкі духавы інструмент ды бубен. Радзей, хаця яшчэ досыць часта, сустракаюцца цымбалы. Але амаль зніклі гуслі, а «дуда» (валынка), я мяркую, знікла зусім. Ва ўсякім разе вось ужо пятнаццаць год як мне нідзе не даводзілася ні чуць яе, ні чуць пра яе.

Асаблівасцю вяселля з’яўляецца здзеклівыя песні пра свата, а часам і пра жаніха. Сват, часцей за ўсё, адбрэхваецца, прымушаючы застолле качацца з рогату.

Бабы спяваюць: і сам сват-п’янюга — за гарэлку ён хоць чорта з вярбою сасватае, і кабыла ў яго такая галодная, што нават на вяселлі не толькі з’ела авёс, засыпаны ёй гаспадаром, а і ў суседняга каня з’ела, а пасля

Каля тыну крапіву, крапіву,
Каля саду расаду, расаду.

Сват у адказ:

— Барабаніце, як парожнія бочкі, брэшаце на свой хвост. Ты ўжо, Хаўроння, і на сабак брахаць навучыш, і шыеш і мыеш — і ўсё языком, а надумаеш пірагі пячы, то ўсе вароты ў цесце будуць.

У нашага свата
Увесь двор на памосце,
Прыйшла свіння ў госці.

— Бадай вас, бабачкі, кот убрыкнуў, па цэламу сабаку ў вас з рота скача. Вы тут мяне лаеце, а за тым сталом людзі дабрэйшыя за вас. Во (паказвае голую косць), костку далі. Ад вас і таго не дапросішся…. А ты ўжо, Галачка, што фігуруешся? Ва ўсіх чэсных людзей чупрына на галаве, а ў твайго мужыка плеш. Дай вам, божа, бабы, пабіцца, а мне на вас падзівіцца.

Жаніху:

А ў гародзе морква цвіцела.
Наша Зосечка за харошага хацела,
Як прыйшлося, за п’яніцу заляцела.

Тры днi iшла гулянка ў нявесты. Пасля конны паязд накiраваўся ў вёску жанiха (калi жанiх з той жа вёскi, то часам бывае так: выедуць, праедуць некалькi кiламетраў i прыедуць у вёску з другага боку. Гэта, як i сварка з жанiхом, калi збiраюцца «бiцца» — перажытак. Калiсьцi нявест «умыкалi», i абавязкова з iншага месца).

Тут адбыўся таксама цікавы абрад. Відаць, калі яшчэ кралі нявест, то стралялі па-сапраўднаму. Цяпер гэта перажытак. Пры выездзе з вёскі — на шляху высачэнная барыкада з бярвенняў, снегу, калоў. За бырыкадай «паходні» (факелы), доўбні, па-акцёрску злыя твары. Пагражаюць, патрабуюць выкупу, іначай не адпусцяць.

Выкуп далі, і барыкада знікла менш чым за пяць хвілін. І паязд з коньмі, разубранымі кветкамі і стужкамі, памчаў. А вакол конныя часам стралялі ў паветра. Не «ад сурокаў», як раней, а проста для настрою.

Шалёны лёт коней.

А пасля яшчэ тры дні ў жаніха, а пасля «перазовы», калі клічуць у госці сваякі жаніха і нявесты, «каб не гаварылі кепска аб радзіне».

І ўвесь час звіняць, звіняць, звіняць песні. То сумныя, то заліхвацкія. Між іншым, за ўсе дні амаль ніводная не паўтараецца.

…Ідзе жыццё замужняй жанчыны. У куфры некаторыя рэчы яе, мужа, іншых членаў радзіны. Цяжкі суконны сувой на світку мужу, «дзедаві». У куфры хавалі з мужчынскага адзення толькі такое, ды яшчэ паясы. Вопратка мужчынская хавалася або вісела асобна. Мужчынскія, больш скупа вышываныя сарочкі, нагавіцы з палатна, для лета, і з сукна, для зімы. Вышывалі сарочкі толькі на грудзях, каўняры, манжэтах, па ніжнім краі, а сям-там ля плечавога шва. У мужчынскі гарнітур уваходзіла яшчэ «камізэлька» (безрукаўка).

Ну, і ясна, што асобна зберагалася верхняя вопратка, як мужчынская, так і жаночая: кажухі і кажушкі (часта вышытыя), буркі, тоўстыя — у палец-паўтара — і доўгія паліто з капюшонам, для зімовай дарогі, світкі (другія назвы — «латуха», «сярмяга», «сукман», «жупан») рознага колеру, але, часцей за ўсё, белыя, часам расшытыя чырвоным сукном (Гомельшчына), сінім шнурком (Быхаўшчына), зялёным шнурком або чорнай скурай (пад Клімавічамі). Таму натоўп сялян заўсёды здалёк выглядаў белым.

Ясна, што не трымаліся ў куфры і валяныя шапкі «магеркі» (усечаны конус з адгорнутымі краямі), брылі, футравыя шапкі «аблавухі», або «рагатоўкі» з белай аўчыны. Не трымаўся і абутак: скураныя «пасталы» («хадакі», «поршні») з цэлага куска скуры або рознакаляровых яе палосак, плеценых у шашачкі, лапці (дарэчы, дужа зручныя ў гразь ці ў балотны сенакос: вада не затрымліваецца, лёгка назе, практычна нічога не каштуюць), чаравічкі («храмавы абутак», бо надзявалі хіба толькі ў адну царкву), боты.

…А паясы ляжалі ў куфры. Плеценыя або тканыя. У ёлачку, у капытца (ромбы), у пчолку, двух— і шматкаляровыя, шырокія і вузкія.

Іх некалькі разоў абгортвалі вакол таліі, а пасля канцы, заўсёды ўпрыгожаныя кутасамі, спускалі збоку, радзей спераду ці ззаду.

Паясочак сіні — недзе ад матулі,
а чырвоны, яры — мужу да кашулі,
а вось гэты — гожы, доўгi, з кутасамi,
падпярэзваў святам бабін брат часамі.
Загудзелі дуды, гуслі заігралі,
брат скакаў, а з ветрам кутасы ляталі…
І слязу змахнула рукавом бабуся,
бо адзіны брат той з вайны не вярнуўся.
А шырокі пояс, зложаны ў дзве столкі,
падпярэзваў колісь дзед бабулін толькі.
Зіхацеў на свіце, шырынёй бы ў пана,
толькі што не слуцкі, а удома тканы.
Хутчэй, чым прыняці той абычай панскі,
спадабала шляхта паясок сялянскі,
не са слуцкіх — родны паясок зрадзіўся,
а насіці пояс пан ў сялян вучыўся.

Побач з паясамі адгароджана ў куфры месці для прыкрас. Тут пярсцёнак: пасля заручын яго заўсёды здымалі і хавалі, бо перашкаджаў працаваць. Побач ляжаць каралі, часам сапраўды з караляў ці нават «бурштына» (янтара) і «гырната» (граната), ці штучнага жэмчугу, а то і проста шкляныя. Дарэчы, бісер на Беларусі зусім не карыстаўся павагай.

І, ясна, запасныя завушніцы. Завушніцы насілі ўсе. Пратыкалі мочкі вушэй год у сем, працягвалі іголкай ільняную нітку, якая там да часу і заставалася, а месца праколу некалькі разоў прамывалі гарэлкай або, лепей, грудным малаком.

Дзяўчаткі, як і паўсюль, плялі сабе вянкі, рабілі ажаролкі з белай лілеі — нізалі кавалкі сцябліны на нітку, пакідаючы ўнізе кветку. Рабілі — і робяць — каралі з ягад глогу, арабіны, шыпшыны, каліны.

I, урэшце, апошняе аддзяленне куфра, прыскрынак. Пад iм складзены фартух, андарак, кашуля, абутак, хустка. Гэта — апошняя, смяротная, вопратка. З той спакойнай стойкасцю, з тым прыродна-фiласофскiм поглядам на канец жыцця, якое ўласцiва простаму чалавеку, якi рабiў заўсёды самую патрэбную на зямлi справу, — усё гэта загадзя адкладзена, «каб не патрабаваць чужое ласкi». Адкладзены нават грошы, што спатрэбяцца на ўсё, нават на тое, каб людзi сышлiся на хаўтуры, на трызну, i памянулi дабром.

Ну, пра гэта гаварыць не трэба. Хіба аб тым, што ў труну сям-там кладуць улюблёны прадмет нябожчыка: калі быў добры музыка — скрыпку, калі цесля — сякеру і г.д. Кладуць часам манету, «каб мог купіць месца», хлеб, соль, гарэлку. Гэта ўжо даўно не вера, а проста абрад, дый той, між іншым, выконваюць не заўжды.

I яшчэ адна асаблiвасць. Гэта жаночыя плачы, або галошаннi. Галосяць па чарзе. Адна, пасля другая, трэцяя. Па дарозе на могiлкi i на могiлках галосiць жонка па мужу, дачка па мацi, мацi па дачцэ. Аплакваецца сваё гора i гора сям’i, гора суседзяў, апiсваюцца добрыя звычкi нябожчыка. Гатовых заплачак няма. Плачы не рыхтуюць загадзя — iначай якi ж трагiзм? Уся невыносная горыч вылiваецца на месцы, iмправiзавана, iснуе толькi схема, «канва», ды некалькi агульных месцаў, i па гэтай канве плакальшчыца «вышывае» сваё галошанне. Тут ужо ўсё ад таленту, ад паэтычнасцi жанчыны, ад яе фантазii i сэрца, што ўмее спачуваць.


…Некалькi год назад мы здымалi фiльм аб ахвярах фашызму.

Магілёўская вобласць. Вёска, спаленая карнікамі разам з жыхарамі. Агульная магіла, куды склалі абгарэлыя косці. Абеліск. Падышла старонняя жанчына з суседняй вёскі. Сваякоў у яе тут не было. І раптам яна заклала рукі за галаву і, пагойдваючыся, пайшла вакол магілы, нібы пaдаючы, загаласіла так, што мароз пайшоў па скуры і дыбарам усталі валасы. Мы слухалі і ледзь не плакалі. Кавалак гэты, на жаль, не пусцілі на экран: «Інсцэнізацыя, не павераць, скажуць — актрыса». А гэта была проста выключная плакальшчыца з уменнем настроіцца так, каб ірвалася сэрца, і выліць гэты настрой, каб ірваліся сэрцы ў іншых. Таму кожная заплачка унікальная.

Вось вам да прыкладу адна, — плач жонкi па мужу, — запiсаная асабiста мною. Болей нiдзе такое галошанне не паўторыцца.

А я за табой на край свету хадзіла,
А я ж за табой ў вагонь лётала,
Сакол ты мой міленькі,
каханенькі!
А ўстану ж, бывала, я раненечка,
А мой жа саколік па палетачках
ходзіць.
А кветачкі ж ад яго красуюць,
А небачка ж ад яго ззяе.
Зірнеш —
мятлушкі ад яго ў вачах лётаюць,
Зірнеш —
нібы ігруша белая зацвіла,
Зірнеш —
як лісцічак кляновы, ён прытульненькі,
Зірнеш —
сэрца молатам у грудзіну валіць…
Як жа мне цяпер цяжанька
без любага дружачкі…
Вой, як павалюся я на тваю магілачку,
Як закуваю я цяпер па табе кукулечкай.
Дружыначка ж ты мая,
нашто ж ты мяне… пакідаеш?
А ці дабра ты ад дзетак,
ад жонкі… не маеш?
Як жа нам цяпер…
пражыць?
Як жа нам жыццё без цябе…
прабыць?
Як мы цябе забываць…
будзем?
Адкуль мы цябе дажыдаць…
будзем?
Да каго ж мне ўначы цяпер
цмокам прысмактацца?
Адкуль жа мне парады цяпер
дажыдацца?
Вось так настае канец.
А дзе пахаваці?
Бабусіна воля:
сялянка жыве
й застаецца на полі.
Здалёк супраць вёскі,
на горцы пясчанай
схілілі бярозы
галіны з пашанай.
Туды на сон вечны
сышліся сяляне,
пад крыжам бяспечна
ляжаць на кургане.
Каменныя пліты
касцей ім не гнуць,
іх памяць і славу
нашчадкі нясуць.

Закрываецца вечка куфра.

Яндекс.Метрика