Зямля пад белымі крыламі — Каля хаты ў садочку
Паўтару яшчэ раз: многае з таго, аб чым я расказваю ў гэтай частцы кнігі (побыт, этнаграфія, звычаі), прызабыта, сёе-тое адышло, адыходзіць у нябыт, або хаця і моцна зберагаецца, дык толькі ў некаторых мясцінах. Хата, двор, абстаноўка робяцца ўсё больш аднолькавыя. Даўно ўжо сталі звычнымі халадзільнікі, пральныя машыны, матацыклы. Над хатамі — крыжы тэлевізійных антэн. Усё гэта добра і радасна, але часам не шкодзіла б зберагчы частку старой непаўторнасці, часам хочацца бачыць старыя хаты хаця б у музеі пад адкрытым небам, часам на хвіліну абуджаецца сум, і хочацца ўпрыгожыць хату непаўторным старым ручніком або даматканай посцілкай.
У вершы «Жалейка» паэтэса так перадае дыялог дзеда з унукам:
«Мяне не вучылі, я быў мужыком;
калі было з гэтага сумна,
я, ўзяўшы жалейку, выходзіў тайком
ў шырокае поле, за гумны.
І скардзіўся гоням, траве і лясам
на лёс свой, цяжкi аж да смерцi,
i толькi не граў на жалейцы панам —
чужым не кране яна сэрцаў».
Унук кажа яму:
«Я гэтых часоў не шкадую нiчуць, —
сказаў ён, — я рад, што я ў школе…
Адно толькі, дзеду… хацеў бы я чуць —
Як плача жалейка у полі».
* * *
Ну вось. Хату пакінулі. Цяпер — двор. Да самой хаты прымыкае чысты двор, абсаджаны дрэвамі. Часцей за ўсё гэта вішні, слівы, арабіна. Часам тут жа, ля плота, узвышаюцца адна-дзве бярозы ці ліпа. Сам двор парос травою, пахучымі дробнымі рамонкамі, вясною — залатымі манетамі дзьмухаўцоў. Менавіта на чыстым двары пераважна размяшчаецца «склеп», або (на поўдні) «лёх». (Другі склеп, у якім частка запасаў заўсёды пад рукой, каб не бегаць кожны раз на двор, — у самой хаце ці ў сенцах, пад падлогай). У склепе бульба, гародніна, бочкі з капустай, гуркамі, мочанымі яблыкамі, дзежачка з грыбамі і тоўчанай ягадай, а калі гаспадар рыбак, то, можа, і з салёнай рыбай.
Далей ідзе двор задні, для жывёлы. Яго абкружаюць хлявы, у якіх стаіць жывёла. Тут жа павець або дрывотня — крытае памяшканне, з трох бакоў запушчанае сценкамі. Тут складзены дровы, раней стаялі вазы, санкі, плугі, а цяпер абгоннік, каб, узяўшы ў калгасе каня, абагнаць бульбу.
Замыкаецца двор вялiкаю клуняю (свiрнам). У стараннага чалавека ёсць яшчэ капцiльня.
Раней пры кожнай хаце на задворках было гумно, а то і два з «еўняю» (сушыльняй) — земляным, гладка ўбітым токам. Адсюль вымалачаны хлеб ішоў у засекі клуні. Гумно было нібы сімвалам гадавой працы селяніна. І я ўспамінаю адзін з самых сумных і, аднак, самых аптымістычных беларускіх анекдотаў.
Згарэла гумно, поўнае снапоў. Згарэла праца за цэлы год. Гаспадар стаіць на папялішчы і бядуе: «Ой, і пагарэў ты, Яўхім! Вой, і пагарэў жа!! Ну й пагарэў!!! — і раптам. — Але ж затое і мы-шэй ляснула!!!»
Многа ляснула мышэй!.. Яшчэ адна рыса характару. Самасуцяшэнне, спалучанае з гумарам і стойкасцю. Знаходзіць выхад, хай маральны, з самага, здавалася б, безнадзейнага становішча.
Пры калектыўнай гаспадарцы патрэба ў гумнах адпала, і яны яшчэ толькі сям-там дажываюць на задворках свой век.
…Затое значна павялічылася колькасць лазняў. Іх і раней было нямала, а цяпер там, дзе няма агульнавясковай лазні, такія ёсць ледзь не ў кожным двары або, калі суседзі жывуць добра, на чатыры-пяць двароў.
Пары на каменку часта паддаюць разведзеным бярозавікам, квасам або вадою, у якой распарана мята ці іншыя пахучыя травы.
Парацца да знемажэння, а пасля бягуць акунацца ў рэчку або качаюцца ў снезе.
За дваром гарод і сад. Садоў намнога пабольшала за апошнія дзесяцігоддзі. Акрамя агульных гатункаў, ёсць і свае, мясцовыя. Па-першае, лепшая ў свеце антонаўка, вялізная, жоўта-празрыстая. Ідзеш восенню садам, убачыш забыты яблык, адкусіш ад яго, халоднага, укрытага сцюдзёнай расою, — нібы дзесяць год скінеш з плячэй. Ну і потым такія славутыя грушы, як слуцкая бэра, ур’янтоўка, сапяжанка. Або духмяная лошыцкая вішня, што выспявае ў чэрвені.
Над гародам і садам — сонца. Віецца матавы гарох, пахне кропам і каноплямі, матылямі чырванее на градах мак, гудуць, вылятаючы з вулляў, пчолы. Лапушацца вялізныя, на чырвона-зялёных ножках-сцяблінках, лісты рэвеня, «беларускага апельсіна». А ўначы, калі ляжыш на посцілцы пад дрэвам, часам чуеш, як глуха, нібы гіры, падаюць на дах антонаўкі, і бубняць, ракочуць, скочваючыся па ім.
На ўскраіне вёскі вадзяны млын. Уздыхае, ходзячы, кола, зелянеюць тванню латкі. У люстры сажалкі адбіваецца жоўтая вячэрняя зара і цені соснаў на тым беразе. Ластаўкі часам чапляюць крылом ваду, брохае рыба. Вечарамі на вадзяным млыне неяк таямніча і крыху трывожна. Нездарма млынароў некалі лічылі ведзьмакамі.
Ветракі ў нас досыць рэдкая рэч, хіба на Случчыне і пад Клецкам. Мне здаралася бачыць там стопяцідзесяцігадовыя ветракі, у механізме якіх не было ніводнай металічнай часткі. Усё дрэва. І, ясна ж, цяпер не ім належыць першае месца ў пачэснай хлебнай справе. Элеватары, паравыя млыны, млынзаводы — куды ўжо цягацца з імі?!