Агеньчык
Коні прысталыя ймчацца панура.
Лютаўскі холад. Трывога вачэй.
Вые і плача апошняя бура
Каля занесеных снегам плятней.
Шлях мой далёкі, дарога каравая,
Ў неба ляціць неспакойны дымок.
Недзе далёка мігае ласкава
Ў цемру й буран залаты аганёк.
Сны табе сняцца зімовыя, раннія,
Сніш, што каханы ў акенца стучыць.
Любая, любая, вечна каханая,
Цёплы агеньчык, іскра ў начы.
Ціха ўвайду ад завеі чырвоны,
На рукі мякка вазьму яго,
Цёплы камяк, разаспаны і сонны,
Не абазнаны, што да чаго.
Аўтограф — у лісце да Ю. К. Гальперына, без даты, паводле сведчання адрасата, ад лістапада 1955 г.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 333.