Армянскі матыў

— Матухна,
глянь,
на галіны змярцвелыя
Селі ружовыя матылі!
— Не, мая дзетка, то яблыні белыя
І абрыкосы ўначы расцвілі.
— Матухна,
глянь.
Гэткі цукар чысты
Там, на блакіце і срэбры гарыць!
— Не, гэта летняе сонца агністае
Вочы сляпіць на Святой Гары.
— Матухна,
глянь,
як сплываюць крывёю
Волаты ў скалах, і ў барвах трава!
— Не, гэта проста халоднай рукою
Вецер лістоту з чынараў сарваў.
— Матухна,
глянь,
гэта ластаўкі белыя
Зверху імкнуцца й спадаюць у сне.
— Не, мая дзетка, то з неба знямелага
Падае,
падае,
падае снег.

Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 4 мая 66 г. Поўнач. Рагачоў.
Упершыню — «Полымя», 1971, № 3.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 379.

Яндекс.Метрика