Балада пра чалавека, які змагаўся са смерцю

Кашаль зваліў, ахутаў,
Грудзі пачаў сціскаць:
«Хутчэй прынясіце путы,
Ён не хоча смерць паважаць».
Лёд на сценах. Калоціць. Цяжка.
І з-за вуснаў ізноў, ізноў,
Як віно з заімшэлай пляшкі,
Выцякае паволі кроў.
Смерць прыйшла і на ложак мосціцца.
Гэта лепей… Не можна жыць.
Так усё жадана і проста:
Падкарыцца, павекі стуліць.
Будзе цёпла… Спакой навекі…
У грудзях не смыліць агнём…
І не будзе гвалту і здзеку,
І руін за разбітым шклом.
«Горад… горад… родны мой… любы…
Па-над вулкамі тлусты чад…
Ўсіх знішчаюць… бетонныя кубы —
Камісара гестапа загад.
Гад адзін, а тысячы гінуць…
Ўсе здаровыя — цяжка канаць…
Хутка два… ён выйдзе з машыны.
Трэба ўстаць, трэба ўстаць.
Ёсць загад… Мелі ўсе ахвоту.
Ён сябрам заявіў тады:
«Права мне надалі сухоты
І юнацкія вашы гады».
……..
Цяжка ўстаць, бы дзіцёнку з калыскі,
Трэба думаць, хадзіць, глядзець.
……..
А над ім, схіліўшыся нізка,
Умаўляе пяшчотна смерць:
«Што ты трызніш. Лепей памерці
І спакойна марыць і спаць.
Спаць так добра».
— «А боль у сэрцы?
Трэба ўстаць! Трэба ўстаць!..»
— «Спі, каханы. Галоўка цяжкая…
Сон апошні цябе атуліў…»
— «Прэч адсюль…
Не магу…
Не жадаю…
Я не ўсё давяршыў».
Як на хвалях ложак хістаўся,
Заставалася сорак хвілін.
Ён паволі, па частках падняўся
Бы цяслярскі аршын.
І хоць смерць абяцала цішу,
Мяккі сон, салодкі дурман —
Ён як п’яны з пакоя выйшаў,
Намацаўшы ў кішэні наган.
Валаклася за ім неадступна,
Бо лічыла ганьбою адстаць,
Сто разоў на кожнай прыступцы
Запрашала легчы й не ўстаць,
Але ён, слабы і галодны,
Адказаў, сціскаючы рот:
«Што мне скажа мой горад родны?
Што мне скажа родны народ?
Што мне выгляд твой дзікі і грозны?
Вось той дом. Я памру ў барацьбе.
Ты спачатку мярзотніка возьмеш.
Я прымушу цябе.
Тормаз рыпнуў… Ідзе па алеі…
Адыдзі і не замінай,
Адыдзі, адыдзі хутчэе,
Стань унь там і маўчы, чакай».
Першы стрэл упэўнена гакнуў,
Другі трапіў яшчэ камусь:
«Атрымай, атрымай, сабака,
Хай жыве Беларусь!»
Вось штыхоў халодныя джалы,
Вось апошні да смерці парог…
Смерць зубамі заскрагатала:
«Ён памрэ, але ён перамог».
Чалавек на нагах хіснуўся,
Проста рукі злажыў накрыж,
Паглядзеў на яе, усміхнуўся:
«Што чакаеш?.. Хадзі ж… Хадзі ж».

Аўтограф — у ЦДАМЛМ РБ, Ф. 42, воп. 1, адз. зах. 129, с. 15 [1955 г.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 326 — 328.

Яндекс.Метрика