Бог важдаецца з беларускімі прозвішчамі

Бог глядзеў на Беларусь з нябёсаў,
На жывых і мёртвых ягамосцяў,
На ўсе кальварыі і росы
І павольна закіпаў ад злосці.
«Што там робіцца, ядры іх мову? —
Закрычаў ён у страшэнным гневе. —
Быў там нейкі Ванька — стаў Ваньковіч,
Быў там нейкі Міцька — стаў Міцкевіч.
З гонарам, нібы у Радзівіла,
Швэндаецца ў свеце пан Bowdzillo,
І ў шляхту точацца без мыла
Baran, Kozell, Piottuch і Pedrillo.
(Сто гадоў хавае ў торбе шыла
Пан Дэконт. А ўсё чуваць, васпане:
„Ты Дэконт? Пся крэў, а дзе кабыла?!
І дзе конь, пся маць тваю, галгане?!“)
Ў Сталіны там пнецца кожны Юзік, —
Быў там нейкі Сенька, — стаў Сянкевіч…
І адзіны, хто не прэцца у французы, —
Гэта безумоўна Караткевіч.
Гэты свой. [...]

Ведае, што хтось з ягоных продкаў
Ці азадкам быў крыху куцапы,
Ці вумом, ці чым яшчэ кароткі».

Машынапіс — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 10 вер. — 12 кастрычніка 1980 г.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 384, 385.