Чайка

Проста ў хвалі, што чарадою
Гоніць злосны пастух-ветрадуй,
Чайка падае перада мною:
«Пашкадуй мяне, пашкадуй.
Не страляй мяне, чалавеча,
Стрэльбу страшную апусці.
Сэрца рвецца. На хвалях вецер
Грывы белыя закруціў».
Супакойся.
Плакаць не трэба.
Лі спакойна крыклівы жаль
Пад чырвоным, ветраным небам
На узгоркі бурыя хваль.
Я, каханнем сваім рассталяны,
Ўсё жывое шкадую цяпер,
І мяне на лясных палянаx
Не баяцца птушка і звер.
І ў руках не стрэльба, а палка,
І іду я ў далёкі шляx
Ад прыгожай, ад лепшай, ад палкай,
Ад пагарды ў шэрых вачах.
Я іду спакойна, — ты бачыш, —
Мернай, цвёрдай, сялянскай хадой…
Толькі часам сэрца заплача,
Быццам чайка над сівай вадой.

Упершыню — «Маладосць», 1960, № 6.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 367, 368.

Яндекс.Метрика