Дарогі ўсёй зямлі маёй

Дарогі ўсёй зямлі маёй
Гудуць у стомленых нагах.
Куды табе ісці за мной
У гэткі невыносны шлях?

Выццё здалёк. Бяжыць руя,
І вочы свецяцца ваўкоў,
Такіх жа валацуг, як я,
Маіх сяброў, маіх братоў.

І, можа, тыя, што ў мане
Жывуць свой век, п’юць добрых кроў,
Цкаванне ўладзяць на мяне
Калісьці горш, чым на звяроў.

Ўзяць не магу цябе я ў бой,
Аддаць марозу і агню,
Аддзячыць ліхам за любоў,
Нянавісцю за дабрыню.

Не плач над лёсамі звяроў
І вей не апускай разбег,
Як крумкачынае пяро
На белы-белы, чысты снег.

Дарогі ўсёй зямлі маёй
Гудуць у стомленых нагах.
Куды табе ісці за мной
У гэткі невыносны шлях.

Аўтограф у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 25 ліст. 22 г. 58 хв. П.м. [1981 г.?].
Упершыню Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1982.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] Мн.: Маст. літ., 1987. С. 388, 389.

Яндекс.Метрика