Дом сябра

Маленькі астравок маёй зямлі —
Зялёны Астравец над срэбнай Лошай,
Такі прытульны і такі харошы,
Як сонца, бор і родныя палі.

Дом друга. Не, дом тысячы сяброў.
Не ведаю, што можа звацца раем?
Хіба мароз і піва ў Гудагаі,
І галасы далёкіх цягнікоў?
Маё другое сэрца. Год пяцьсот
Адлічваеш ты мне гады на свеце,
І кожны дзень аблокі, верас, вецер,
І сонца неўміручага ўзыход.

І твой святы і светлы чалавек,
Твой дым, і крыж магутны Аняліна,
Твой лубін залаты, твой лес
на ўзгорках сініх,
І стронгі ў крышталі маленькіх рэк.

Сто тысяч год няхай вакол шумяць палі,
Сто тысяч год няхай вакол гудуць дубровы,
Пакуль гучыць вакол святая наша мова,
Пакуль ёсць беларусы на Зямлі.

Аўтограф — у літаратуразнаўцы А. І. Мальдзіса. Напісаны да 500-годдзя Астраўца ў 1974 г.
Упершыню поўнасцю — «Беларусь», 1976, № 7.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 381.