Дзяўчаты

На бярвеннях дзяўчаты запелі
Пра вячэрнюю стому сваю.
Песня ў цемры і кофты белыя
Ўсім прахожым іх выдаюць.
Я іх бачыў днём на пракосах,
У вясёлым звоне зямлі.
Нават косы, дзявочыя косы
Падвязаць не было ім калі.
Падарункі іхнія з вілаў
Я хапаў, выводзячы стог,
А яны мяне пакацілі
І жывым закапалі ў мурог.
І цяпер, калі ў росах травы,
Тут, са мною, сядзяць яны
Вельмі ціхія, вельмі ласкавыя,
Як кахання першага сны.
Я пайшоў бы ўдваіх з каторай
Да ракі праз начныя палі
І глядзеў бы з ёю на зоры,
Каб цябе не было на зямлі.
Ледзьве чутная песня точыцца.
Разам з ёю асіны звіняць
Пра вярбу ды пра сінія вочы,
Пра грывастага ў лузе каня,
Пра дурненькую перапёлку,
Што гняздо пры дарозе звіла,
І пра хлопца, што ноччу золкай
Ад сяла ідзе да сяла.
Ў іхніх песнях — уся Радзіма,
А без гэтага чалавек,
Быццам тонкі струменьчык дыму,
Што плыве абалоннем рэк.

Упершыню — «Маладосць», 1960, № 6.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 366, 367.