Экскаватар
Экскаватар, да дыназаўра падобны,
Паварочваўся ў яме ля манастыра,
Цэглу біў тупымі рагамі на лобе
І з акон выдзіраў павуцінне крат.
Выбіваў з-пад скляпенняў гнілыя мыліцы,
І абвальваў каменні, і цягнуў іх адзін,
І, бязвольна адвесіўшы ніжнюю сківіцу,
Жоўтым жвірам рыгаў у далоні машын.
І прабілася сонца на дно сутарэння,
Двух стагоддзяў цвіль асвятліўшы агнём:
Катакомбы, скляпы, мяшкі каменныя,
Косткі белыя, скутыя ланцугом.
Вы чакалі яго і чакаць стаміліся,
Вашы косткі чакалі і згнілі ў пылок,
А яно ўсё ж сышло, прыгожае, мілае.
Вы нямарна марнелі. Сонца сышло.
Трапяткое, гуляе па хвалях сініх,
Па зямлі беларускай, па светлых палях,
Па вясёлых вокнах, па белых будынках,
Вышываных кашулях, белых чубах.
І хлапец замурзаны, важны і строгі,
Коўш спыніў і прамовіў ціха і зло:
«Наварочалі вас тут як лёду, нябогі,
Трасца матары іхняй, — шкода нас не было».
І мінула доўгім векам хвіліна,
Пакуль зноў адчуў удары рагоў
Тухлы свет праваслаўнай подласці й свінства,
Свечак, пранцаў, ладану і ланцугоў.
Аўтограф — прыкладзены да ліста Ю. К. Гальперыну без даты, прыблізна, паводле сведчання адрасата, ад студзеня 1957 г.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 339, 340.