Энтузіясту

Ўсё жыццё ён збіраў дыяменты народныя
Па шляхах Беларусі і ў спёку і ў сцюжу,
Ўсё жыццё яго сэрца высакароднае
Працавала няўтомна і білась напружана.
Ў гуках злоўленай песні жыло незвычайнае:
Шчасце новых гадоў над радзімаю мілай,
Спеў жалейкі над рэчкаю, гукі адчаю, —
Ўсё, чым людскае сэрца вякамі жывілася.

Песні сытых дажынак у жнівеньскім садзе,
Кліч купальскіх агнёў здалёку і зблізку,
Песні жніўных палёў, песні гора і радасці,
Песні маці над першай дзіцячай калыскаю.
І не штучнаю кветкай, а кветкай сапраўднаю,
Не ў паперы, а ў гуках, дарагіх і любімых,
Ўстала песня народу простай, як праўда,
І такою вялікай, як гэта магчыма.

Ціха ў зале. І твар яго думкай асвечаны.
Кажа ён пра фальклору адценні і фарбы,
Кажа нам пра жыццё, што адному прысвечана —
Збераганню народных, нязлічаных скарбаў.
«Піце з чыстай крыніцы, з напеваў матчыных,
Сцеражыцеся, хлопцы, частушкі таннай,
Паважайце, любіце бацькоўскую спадчыну —
Ўсё сплыве, а легенда і песня застанецца».

Хай не ўсё у жыцці так як след атрымалася,
Памятайце, настаўнік, што слова плённае
Як зярнятка на добрую глебу ўпала,
І у сэрцах юнацкіх зарунела, зялёнае.
Шмат яшчэ спадкаёмцаў вам трэба выкаваць.
Будзе шлях пераможным, слаўным, бяскрайнім.
На вялікія справы — і сэрца вялікае,
На вялікае сэрца — і лёс надзвычайны.

Аўтограф — у ЦДАМЛМ РБ, Ф. 42, воп. 1, адз. зах. 129, с. 14 [1955 г.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 325, 326.

Яндекс.Метрика