Калі ў жамчужніцу пылінка трапіць

Калі ў жамчужніцу пылінка трапіць,
Жамчужніца адразу бой пачне
І чужародны боль, што цела драпае,
Жамчужынаю дзіўнай ахіне.
Няўжо былі вы: пушча над азёрамі,
Асенні холад, здзірванелы шлях,
Два небы, дзве маленькіх карты зорных,
Што ззялі блізка ў дарагіх вачах.
Мінулае жыве яшчэ са мною,
Але развеяў шчасце, нібы дым,
Лісток, напісаны рукой чужою:
Ты замужам,
ты знікла,
ты з чужым.
Я вывучаў па вас каханне й радасць.
Я ўдзячны вам і верны да канца.
Не бачыць вам маёй акропнай здрады,
Каханай вочы, боль майго жыцця.
Ствараю дзіўнай прыгажосці перлы,
На дне якіх заснуў нясцерпны боль,
Мая жывая і мая памерлая,
Крыніца шчасця, мук маіх юдоль.

Аўтограф — у лісце да Ю. К. Гальперына ад 23.02.1957 [1957 г.?].
Упершыню — Літ. і мастацтва, 1986, 15 жніўня.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 342, 343.