Калумбы зямлі нязнаемай
Паэт лахмаціў валоссе кудлатае
І вяргаў можа чатыры гадзіны
Пра гром пасатаў, пра тропікаў шаты,
Пра бег драмадэраў ў барханах пустыні.
Воплескі столь узарвалі ў кватэры,
Ад захаплення салон задыхаўся…
Напэўна, Калумб, адкрыўшы Амерыку,
Лаўраў гэткіх не дачакаўся.
Чытаў ён доўга пра пальмы над стрэхамі,
Пра бойку матросаў у душным труме.
(Паэт, сапраўды, аднойчы праехаў
На кацеры з Поці аж да Сухумі.)
Паэту на кудлы з чаркай і хлебам
Крылатая апускалася слава.
Жанчыны пабеглі б за ім аж на неба,
Мужчыны галантна шапталі: «Брава».
Калісьці былі «поэты печали»,
«Паэты-трыбуны», паэты прарочыя«,
А зараз слова «паэт» азначае,
Часцей за ўсё, «улюбёнец жаночы».
І ціхі сум местачковых баронаў
Гудзеў пад сурдынку ў пакоі людным:
«Ах-ах, мандаліны! Ах-ах, мусоны!
А ў нас так шэра! А ў нас так нудна!»
Я ведаў — яны ненавідзяць новае.
Нашто перад свіннямі сыпаць перлы?
І ўсё ж я ўстаў і абрушыўся словам
На гэту прыбраную зграю памерлых:
Вы сядзіцё тут ад лямпы сінія
І марыце пра піраміды над Нілам,
А што вы ведаеце пра краіну,
Ў якой вас маці на свет нарадзіла?
Яна вам нудная, шэрая, сумная.
Ясце яе бульбу, ясце яе сала,
А самі былі толькі ў мінскім ДУМе,
Ды чулі аднойчы імя Купалы.
Не бачыце света за ўласнай клумбай
У марах аб нейкім цудоўным раі.
Што вам да тых вялікіх Калумбаў,
Якія край ваш вам адкрываюць?
Пыляцца кнігі іхнія ў крамах,
Забыццю аддалі старыя карціны,
На вежах разбураных полацкіх храмаў
Шыльда: «Распівачна і на вынас».
На ўсё адпіска. Музей? Пачакаем.
Збор вышывак. Некалі прымем меры.
Аддзел этнаграфіі? Як жа, ствараем.
Помнікі бураць. Праверым, праверым.
Што ім з таго, што за кнігу і слова
Народ сем стагоддзяў ставаў у стрэмя?!
Не любяць Радзімы, не любяць мовы.
Хлопы! Іваны без роду, без племені!
Што ж дзіўнага, адукаваныя дамы,
Што вы ў захапленні ад нейкіх пасатаў,
Хамы лічаць заўсёды «хамскім»
Матчыну песню і матчыну хату.
А я не пішу пра чужыя шыроты.
Я джунглі і ў нас адшукаць сумею.
Сцяблінка звычайнай расянкі балотнай
Цікавей жыве за ўсе архідэі.
У дрэвах з мармуру — іх зваць бярозамі,
У вежах з карункавым іхнім уборам
Я добра бачу ўчарашнія слёзы
І сённяшні смех з барацьбою поруч.
Райскія птушкі (сіваваронкі)
Ў джунглях дрымучых (лясах Белавежы),
Ў краі нязнаемым (роднай старонцы)
Ў мімозы сядаюць ( у верас бязмежны).
Што мне да кінутых храмаў Мая,
Калі жывуць легенды ў народзе,
Калі на выспах глухіх адкрываю
Крокі мінуўшых тысячагоддзяў.
У нашай краіне ёсць буслы чорныя,
Бабры разумныя, як прэзідэнты,
І жораваў скокі на весніх азёрах.
Чуеце, гора-інтэлігенты?!
Мядзведзі лечацца травамі горкімі,
Шукаючы дзікі часнок на лузе,
Павук-серабранка ў гняздо пад чаротамі
Носіць паветра дзецям пад пузам.
А вы льяцё па чужому слёзы,
Забыўшы радзімы простыя кветкі,
І любіце вершы ёлупаў розных.
Вядома, свінню прыцягвае сметнік.
Маю Радзіму, маю зялёную
Забыць і ў разрад нецікавых сунуць?
Мала вам плюнуць у твары сонныя.
Чакайце! Яшчэ калі-небудзь плюнуць!
А я ў народ мой заўсёды веру,
І для яго як вопытны кормшчык,
Адкрыю найлепшую ў свеце Амерыку
(Вёску Амерыку, што пад Оршай).
Аўтограф — у лісце да Ю. К. Гальперына ад 05.02.1957.
Упершыню — «Літ. і мастацтва», 1986, 15 жніўня.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 340 — 342.