Каменныя слёзы

Апоры мастоў, як скалы.
Нявы буркатлівы сон.
Над Стрэлкай, на захадзе алым
Цені рагатых калон.

Бялёса. Блакітна. Шырока.
Халодная ноч, як дым,
І шчасця танюткага крокі
Мяшаюцца з крокам маім.

Ў сініх лугах, на світанні
Ў ззянні вясёлкавых траў
Я вырасціў гэта каханне
І ў рукі твае аддаў.

А заўтра яно знікае
Ў паўдзённай чужой старане.
Горад, за што ты караеш?
За што забіваеш мяне?

Заўтра мне распінацца,
Тужыць па яму, як калісь,
Бо вежам тваім і палацам
Справы няма да зямлі.

Прыйду наступнаю ноччу,
Пабачу ракі свінец
І сфінкс халодныя вочы
Узніме з вады на мяне.

І скажа: «Цёпла на Ніле,
А тут халодная золь.
Паўсюль аднолькавым пылам
Стаюць каханне і боль.

І людзям вяртацца не трэба
Да любых сэрцу магіл».
" — Сфінкс, мы жывём пад небам,
Небам песні і небам тугі.

Тысячы тысяч світанняў
Я сонца чакаю з тугой.
Ўся мудрасць твайго маўчання
Не варта пакуты маёй".
………..
І сфінкс халодны, цвярозы
Схіліць сваю галаву,
Пакоціць каменныя слёзы,
Цяжкія слёзы ў Няву.

Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 2.VІІ.60 Ленінград — Орша.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 369, 370.