Казка пра сноп

Восенню чырванню ліст памячае.
Ўдзень ў гародзе пахне акроп…
Па шляхах пачарнелых дыбае,
З воза ўцёкшы, вясёлы сноп.
Сам такі таўшчэзны, пузаты,
Паяском перавіты ўвесь
Ў залацістым прыгожым халаце,
З буйным чубам на галаве.
Ён уцёк ад сваёй нявесты,
Што сасватаў Гуменнік яму.
Свет чырвоны вакол, пярэсты —
Проста на ногі стаў — і прамуй.

А нявеста яго шукае…
Вось ужо і зіма надышла,
Бач — сугорбак, рукой разрывае
І пад ім жаніха знайшла.
Пацямнеў ён, стаў шэрым як трэба,
Нежывым лёг пад белы плат,
Чуб асыпаўся ў мёрзлую глебу,
Пацямнеў залаты халат.
Плача-плача над ім дзяўчына…
Але вось пачарнелі гарбы,
Снег зароў у глыбокіх лагчынах,
Небасхіл пасміхнуўсь праз дубы.
І жаніх пацягнуўся сонны
І ажыў пад ветрам тугім,
Падаслаў пад сябе зялёны,
Малады, пушысты кілім.

Калі ж восень другая настала
З сумным шорахам пушч і гаёў —
У гумно нявеста ўязджала
З цэлым возам вясёлых снапоў.

Аўтограф — у Літаратурным музеі Якуба Коласа, воп. 110, с. 78 — 79 [1952 — 1954 гг.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы. / [Аўт. прадм. В. Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 308, 309.

Яндекс.Метрика