Марозныя тропікі

Тропікі марозныя на шыбах.
Пальмы, сець ліянаў і трава.
Там струной сярэбраныя рыбы
Выгінаюцца між сініх хваль.
Дзіўны край; там срэбраныя цені,
Там жанчыны скачуць на аленях.
Там жар-птушак, нібы ў нас сарок.
Фары за акном — і ён святлее,
Месяц за акном — і ён пяе…
Меркне у тваіх дрыготкіх веях,
Калі гладжу валасы твае.
Ён пагасне ў ночы на ізлёце,
Расцвіце ў заранцы і засне,
Калі ты з суцішанай пяшчотай
Ціха пацалуеш рукі мне.

Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ) [1957 г.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 355, 356.