Месяц над садам, ад квецені белым
Месяц над садам, ад квецені белым.
Месяц — вялізны. Сад — анямелы…
Белыя прывіды дрэў у тумане,
Вочы кахання, голас кахання.
Вусны кахання.
Што ж ты ўцякаеш, мая адзіная, —
Яснае сонца ад месяца сіняга?!
Хіліцца ў месяца іскрах галоўка…
Звоніць салоўка, смяецца салоўка,
Плача салоўка.
Кветкі рассоўваю й шэптам гукаю,
Ты паддаешся, і ты адступаеш.
У цёплым блакіце, ў пяшчотным лёдзе
Белыя вішні ў туман адыходзяць,
У ноч адыходзяць,
У сон адыходзяць,
Ціха ў любоў адыходзяць.
Аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), с. 14, з паметай: 12 вер. 69 г.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 378.