Мімозы

Апошні снегапад забіў марозы,
Стаў на халву падобны брудны снег,
І раптам залацістая мімоза
Галінкі працягнула да мяне.
Ва ўсіх прахожых прамакаюць ногі,
Бруіцца ля панеляў каламуць,
А тут краплінкі сонца залатога
За змятую траячку ўсім даюць.
Пяшчотны, залацісты пух гусіны.
Каму цябе падорыць добры гном?
Хіба што гэтай маладой дзяўчыне,
Што тузае машынку за акном.
У тлуме уваходных і выходныx
Хай на хвіліну усміхнецца мне,
Успомніць пра вясну, пра лес свабодны
І адпачынак дасць сваёй спіне.
Шуміць па вуліцах халодны вецер,
А я прынёс праменні ў цёмны дом,
І стала трошкі больш святла на свеце,
І ў сэрцы дзеўчыны, што за акном.

Упершыню — «Маладосць», 1960, № 6.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 368, 369.