Мова

Янку Брылю

Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калісь
Вавілонскую Вежу Адам
І няўмольна сальюцца мовы зямлі
У адну, няродную нам.
І мая безвыходна пойдзе у змрок,
У атрутны, як вечнасць, цень,
Трапяткая і сіняя, як васілёк,
Гарачая, як прамень.
Я ні шчасця, ні будучых дзён не жадзён,
Хай пятля, хай памерці ў журбе,
Хай не будзе ні шчасця, ні будучых дзён,
Калі ў іх не будзе цябе.
Сірата па з’едлівай волі багоў,
Гінучы мой карабель,
Хай не будзе світання ў народа майго,
Калі досвіткам здрадзіць цябе.
Ад палеткаў райскіх лёгкай ступой,
Збочу я да пякельных катлоў,
Калі першы жа ангел на мове маёй
Мне не скажа: «Братка, здароў».
І няхай да мяне не прыйдзе вясна,
Песня, шчасце, каханне, спакой, —
Ўсё адно не змяняю твой чорны праснак
На атруту пшаніцы чужой.
Ты мой ясны хлеб і каханы май,
Песня продкаў, нашчадкаў палі,
Без цябе, не з табой — не патрэбен мне рай
На душы. Ў небясі. На зямлі.

Аўтограф — на адвароце фота да Янкі Брыля [Канец 50-х гадоў].
Упершыню — у рамане «Каласы пад сярпом тваім» (Мн.: Маст. літ., 1968).
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 364, 365.

Яндекс.Метрика