На рацэ

Далечыня. Блакітныя абрывы
І Днепр зялёны ў веснавой пылі,
І сіняй пушчы млеючыя грывы
Павольна калыхаюцца ўдалі.
Разбіты човен. Ля яго дзяўчынка
Спакойна спіць, прылёгшы на прычал,
І сонца залатое безупынку
На ногі ёй накладвае закал.
А поруч загарэлыя бы маўры
На конях, з спін якіх нясецца пар,
Шалеюць трое хлопчыкаў-кентаўраў,
Вадою плешчучы адзін другому ў твар.

Аўтограф — у Літаратурным музеі Якуба Коласа, воп. 110, с. 80 [1952 — 1954 гг.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 309.

Яндекс.Метрика