На вуліцы Дэшчовай

Здзіславу Нядзелю

На вуліцы Дэшчовай — слата і шэрань,
І вокны, — як з неба, — гараць уначы.
І я не зведаў, нашто мая вера,
Нашто жыццё я стаўлю на шчыт?!
Нашто шукаю ў душы маёй — Слова?!
Праўда — нашто? І бой мой — нашто?
Нашто Касцюшкі капец над Дэшчовай
Так марна гарыць між цяпліц і платоў?!
Мэта, напэўна, і ёсць, і будзе,
І Вера, і Праўда, і Слова ёсць…
Вярнулі б вы толькі мне, добрыя Людзі,
Любоў да ўсяго і маю маладосць.
К нам прыходзяць…
І гінуць у скрусе…
Калі нават іх цёплай рукою бяру…
О божа, даруй маёй Беларусі!
І Польшчы!
І ўсім на свеце…
Даруй.

Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 16 снежня 71 Кракаў.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 380.

Яндекс.Метрика