Наследаванне Сыракомлю

«Вясна будзе», — людзі баюць.
Ды нашто нам росквіт той?
Мы адвыкнулі ад мая,
Нас не выручыць ніхто.
Ў скутай інеем краіне,
Ў мерзлай пушчы векавой
Толькі елкі цяжка стынуць
Мёртвай зеленню сваёй.
Ды палі ў снягах калеюць,
Ды на гора і на смеx
Мох магільны зелянее
На капцах мужыцкіх стрэх.
Чэзнеш нівай непалітай,
Усялякі церпіш зброд.
Ці ўваскрэснеш? Ці жывы ты?
Ці забіты, мой народ?
Каб вясне прабіць дарогу,
Каб калісь вярнуўся рай, —
Слова праўды, слова бога
Мусіш слухаць, родны Край.
І тады адтануць гоні,
Цеплынёй дыхне ралля,
Раем зоймецца зялёным
Маці — родная зямля.
Пройдзе нівамі, лясамі
Бог свабоды залатой.
Калі мы не ўстанем самі —
Не падыме нас ніхто.

Аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 14 лістапада 79 г. 18.35, Мінск.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 382, 383.

Яндекс.Метрика