Ноч
Ноч ідзе. Блакітная радасць.
У траве расчыняецца «сон»,
Ля агнёў лугавых, за садам
Раз ад разу гучыць балабон.
Каля вогнішча скачуць коні
І ў глыбокіх, як неба, вачаx
Адбіваецца, бы ў палонні
Зачарованы Млечны Шлях.
Цёмны стаў адбівае каліны,
Ледзь даносіцца песня з сяла,
Вечар ласкавы, вечар сіні
Адляцеў, каб ноч надышла.
Баўтане балабон за гаем
І растане зноў ў цішыні.
Мякка вечар галіны качае,
Ціха… Ціха… Пасні… Пасні…
Аўтограф — прыкладзены да ліста Ю. К. Гальперыну ад 10.03.1955; аўтограф — у Літаратурным музеі Якуба Коласа, Ф. 110, с. 79 — 80 [1952 — 1954 г.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 331, 332.