Патоп

(Старажытны беларускі апокрыф)

І дзень прыйшоў. І пацьмянела сонца.
Распаўся час. І неба цёмным скруткам
Ўзвілося над зямлёй. І лінуў дождж,
Як быццам сто гадоў збірала неба
Ваду дажджоў, азёр і рэчак ціхіх,
Ваду, што выссалі вясёлкі з лужын,
Ваду пралітых чалавечых слёз,
Слёз горкіх маці, светлых слёз дзіцячых,
Крывавых слёз рабоў і брудных панскіх слёз…
О плачце, плачце, узрыдайце, людзі,
Не спамышляйце на сваё бяссмерце:
Апошні жывяцё вы ў свеце час!
І дождж лупіў. І зранку цэлы дзень
Трубілі сурмы праз смугу туманаў,
І здраднікі хаваліся ў каўчэгах,
Якія заліваў сіберны дождж.
Вада пакрыла роўныя мясціны
І коміны халуп і ўсе палацы.
Раўлі шалёныя сівыя хвалі,
Раздзёршы ветразі тугія ў лоск.
І людзі ўгору узнімалі рукі
Ў чаўнах, што ймчалі па гарбатых хвалях,
Ганімыя вятрамі і агнём.
Краіна гінула. Як гул ад хваль
Роў дзікі голас над вадой пустою:
«Апошнія пачуйце словы, людзі,
Пакуль вам вушы не залье вадою.
Я знішчу свет, я знішчу чалавека.
Апрыкрылі і добрыя, бо хочуць
Дабрэйшымі зрабіцца за мяне.
Ім не спяваць сваіх найлепшых спеваў,
Бо я зжару ўсю земляную твар.
Маўчы! Ты захлынешся, чалавек!!!»
Адверзліся на чорным небе хлябі.
Два месяцы лілі дажджы з нябёсаў,
Вада глытала горы, і на іx
Жывымі гронамі віселі людзі
І часам адрываліся ў ваду.
Мядзведзь стаяў з слабым аленем поруч,
Змяя паўзла вышэй ад рудых хваль.
Адзін таўстун штурхаў у вір другога,
На плечы сыну лез шалёна скнара,
Трымаючы ў руках кашэль з грашыма,
І біў нагамі па руках сыноўіх,
Якія ўсё жадалі ратавацца,
Схапіць таго, хто некалі стварыў
(Што ж, і змяя паруецца вясною).
Танулі тыя, што на спінах люда
Рукамі простых горда узнясліся,
Зракліся маці, зводнямі жылі,
Лягчалі думку за адзін дынарый,
За жыватом не бачылі каленяў.
Цары, уладары і каралі,
Што так крычалі пра краіны гонар,
Што здольныя былі душыць суседа,
Забараняць яму жыццё і песню
Для гонару «народа-ўладара»,
Цяпер бы гэты гонар аддалі
За мейсца для сваёй стапы адзінай
І ў зад бы гандляра пацалавалі
За літасць гэткую. Дзяржаўны муж,
Што да сябе прыкуў калісьці брата
І ўсё казаў: «Мой брат — мой раб» —
той зараз
(Як і заўсёды ў грозныя часы,
Часы вайны, навалы ці патопу),
Ланцуг адсек і наглядаў, як брат
Пускае бурбалкі ў вадзе глыбокай.
І ўсе кусаліся, штурхалі, лезлі,
Хапалі за раскошныя хітоны,
І падалі ў ваду, ў ваду, ў ваду
І не маглі ўцячы.
Пахмурны дзень
Нарэшце завязаўся над вадою.
Вакол вада — ні вострава, ні дрэва, —
Ўсё жудасная гладзь і далячынь.
На пятачку апошнім цвёрдай сушы
Суровы чалавек з дзіцячым тварам,
З рукамі грубымі, ўзняў галаву
І стомлена сказаў: «Дзень добры, сонца».
Фантанчыкамі плёскала вада
Спачатку каля ног, пасля ў калені…
І чалавек падняў на рукі нешта, —
Апошняе святое, — цела любай,
Пацалаваўшы непрытомны твар.
Над галавою ўзнёс. Вышэй! Вышэй!
(А хвалі подла стукаюць у грудзі.)
«Каханая! Аддам жыццё за крылы,
Якія б узняслі цябе наверх».
Халодны, стрыманы адбітак сонца
Упаў на грудзі, любы твар і лона.
А ён стаіць. Не здрыгануцца рукі,
Узняўшы ў неба дарагі цяжар.
Ён з радасцю трымаў бы зараз многіх,
Братоў, і маці, і такіх, як ён,
Прыгнечаных работай і вясёлых.
Але няхай хаця яна: «Пяшчотка!
Жыві, жыві, жыві пакуль магчыма,
Падыхай трошкі, пакуль я не знікну,
Пакуль жыве апошні чалавек.
Што вы мне зробіце сваім патопам?
Узяць каханую? Яна са мною.
Узяць Радзіму? Не, яна жыве
Пакуль жыве апошні сын Радзімы.
Узяць жыццё? Як бог я бессмяротны,
Я сонца над вадою уздымаю,
І мной жыве і будзе жыць зямля.
О як пацалаваць каханай вусны,
Калі мае знікаюць пад вадой!»
……….
Стары апокрыф. Гэта толькі казка.
І ўсё-такі я выракуся тых,
Што плакалі ў каўчэгах. Я з табою,
Слабы, бездапаможны, як дзіцёнак,
Магутны, як ніхто на белым свеце,
Любімы мой, прыгожы звер двухногі,
Мой чалавек.

Аўтограф — прыкладзены да ліста Ю. К. Гальперыну ад 13.12.1956.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 336 — 339.

Яндекс.Метрика