Песня пра асколак

«Хлопча мой, мы ніколі не будзем з табой
Блукаць па свежай траве:
Адгрымеў і забыўся далёкі бой,
А асколак пад сэрцам жыве.
Каля сэрца, ў цёплай сумцы яго —
Ён лічыць кожны удар.
Мне шкода, мне шкода шчасця твайго,
Абарваных жалезам мар».
Так сказала яна.
І голас мой
Абарваўся ад чорнай тугі…
Ты свецік мой,
ты званочак мой.
Ты клёнік мой дарагі.
О, вайна, акопны смурод баёў,
О, адроддзе пекла і зла,
Нават мёртвай — ты знішчыла шчасце маё,
Нават здохлай — гора дала!
Чорны цень твой на кволых дзяўчынак упаў,
Ўсё забіў, запаскудзіў вакол.
Прыбіць бы, сволач, цябе да слупа
І ў глотку асінавы кол!
Не трэба, каб золкі спусціўся туман.
Паўстань, пераможны дзень.
Для кахання майго заслоны няма.
Я хачу.
І адступіць цень.
І цябе з тваёю мужнай тугой
Сагрэе мая рука,
І асколак ты выплачаш з сэрца свайго,
Як выплакаў казачны Кай.
Не трэба, не трэба сумных вачэй,
Не трэба пакут і няўдач.
Не трэба, не трэба сагнутых плячэй.
Любая,
светлая,
плач.
Як царэўна плача, як сонца праз дождж,
Як расы ружавеючай дым, —
І адступіць боль, і апусціцца нож,
Узняты над сэрцам маім.
Я вып’ю слёз тваіх цёплую соль,
Я згару на тваім агні.
Ты чуеш? Сталь тае, сплывае, як боль,
Ад кахання, ад цеплыні.
Любая, сэрца маё не трывож.
Што гэта?
Ў сне ці не ў сне?..
Слёзы, слёзы, сярэбраны дождж,
Ад якога кветкам квітнець.
У радасці яснай за нас з табой
На нябёсах нап’юцца багі.
Ты месячык мой, гномік мой,
Ты — жаўранак мой дарагі.

Аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 30 — 31.Х.59.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 362, 363.

Яндекс.Метрика