П’юць галубы блакіт із каляіны
П’юць галубы блакіт із каляіны
І вось адзін, падняўшыся ўгару
Пад мірным небам, ласкавым і сінім
Як камячок святла трыпоча на вятру.
А далей, над калгаснымі палямі,
Дзе млеюць нівы ў сонечным цяпле —
Зусім нябачны жаўранак крыламі
Ў цымбалы сонечных праменняў б’е.
Прыпомні беларускае паданне,
Як на абшар замёрзлае зямлі,
Каб першым людзям даць магчымасць існавання
Дзве птушкі гэтыя цяпло і мір зняслі.
Аўтограф — у Літаратурным музеі Якуба Коласа, воп. 110, с. 81 — 82 [1952 — 1954 гг.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 310.