Прыватная гісторыя

Без сцягоў, без прамоў, без багнетаў,
Без атак з памінаннем чартоў —
Вяршыць яна справы сусвету
Побач з іншай гісторыяй, — той.
Без крыклівай і кідкай грубасці
З ёю робіць справу жыцця.
Але той — барабаны і трубы.
Гэтай — сціплы спакой забыцця.
……….
Ў час разгрому прайграны і раны і планы
Ў сто слупоў аж пад неба дымяць:
Гэта ўспыхвае Пушкініяна,
Каб не пэцкалі любых імя…
Ляпнуў нехта слова міжвольнае,
Наракнуўшы на штось, і таму
Рве Купала паперы крамольныя,
Каб сяброў не павесці ў турму.
Ў паляўнічых доўгія лапы,
Ім гаворыць кожны трафей, —
Ёсць — «свае» з прадажнаю зяпай,
Ёсць — ахранка, СД і гестапа,
Ёсць, — каб людзям да іх не трапіць, —
Ў кожнай попельні — аўтадафэ.
Пра падзеі ратнай гісторыі
Ў паднябеснай слава звініць.
Ўсе архівы прыватнай гісторыі
Ў выбаровай яме (у адходжым месцы) й агні.
Пра вялікую трубы гнюсяць,
Пра малую шапочуць лісты.
Ды яе забіваюць хлусы,
А цябе забівае — святы.
Не спявае нідзе араторый
Пра твае неўміручасць і жах.
Гіне праўда прыватнай гісторыі
У пляткарак на языках.
І паколькі ідзе непрыкаянай,
І паколькі ў хлусні — сто ног! —
Выглядае нязломны — Каінам,
Дантэ — бабнікам, Юдам — пан бог.
І за «Шэйлака» йдзе бяссрэбранік,
«Прадае» Багушэвіч пяро,
І хаваюць «мільёны» пад зрэб’ем
Страстацерпцы за бедны народ.
Некрыклівая, безабаронная,
Бо адкрыты ж кожны парог,
Патанае ў чорным бяздонні.
А гісторык — адзіны бог.
Ды сумленне і нюх некаторых,
Якіх нельга маніць навучыць…
Ўсю гісторыю гэта гісторыя
На нябачнай пласе маўчыць.
У засценку дапытчыкаў платных,
Дзе ў вяках на цвіках стаяць…
Ты прабач, чалавецтву, прыватная,
Што не можа цябе адстаяць.
……….
Абяздоленая, абясхлебленая,
Сярод родных душаў — адна,
Ўсё ж вядзе яна людства да неба,
Толькі ўбогая, толькі яна.

Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 4 лютага 82 г. 16.11.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 391, 392.

Яндекс.Метрика