Шыпшына і ружа

(З народнага)

Шыпшына і хатняя ружа
Калісьці разам жылі
І разам кахаліся шчыра
На мяккай садовай зямлі.

Абняўшыся, на гародзе
Стаялі да ранняй зары,
І дзеткамі іх лічылі
і дуб стары.

Так яно ўсё і цягнулася,
Добра кветкам было,
Пакуль не паслаў за падаткам
Кароль гайдукоў на сяло.

Карову — за вокны ў хаце,
Сто злотых — ад бараны.
І нават падружжу нашаму
З пагардай сказалі яны:

«Пакуль яшчэ маладыя —
Давайце кветкі й лісцё,
А потым, як дзеці будуць,
Дзяцей сваіх аддасцё.

Не жыць ім у подлай вёсцы,
Не чуць ім мужыцкіх слоў,
Расці ім ля гордых палацаў,
Уцехаю быць для паноў».

Горда ў адказ шыпшына
Сваёй скалануў галавой:
«Мілей нам родная хата
З яе саламянай страхой.

За камень гарачы хапайцеся,
А не за нашых дзяцей.
Як будуць — не дам на знявагу
Кату, што мучыць людзей».

Цягнуць рукі да ружы —
Шыпшына даў аднаму,
Ўзяліся яны за шыпшыну,
Рукі круцяць яму.

Сцябаў гайдукоў у вочы,
Па твары бязлітасна біў,
Падрапаў гайдуцкія рукі,
А ружу сабой затуліў.

Пабеглі за дапамогай,
Бягуць з рыдлёўкай, з касой,
І кажа шапшына горды
Дзяўчыне каханай сваёй:

— «Бегма, ратуемся, ружа,
Каханка, радасць мая».
— «Шкада мне матулі-вішні.
Бяжы, застануся я».

За ім да пушчы гналіся,
Гналіся з сабакамі ўслед
І толькі ля рэчкі глыбокай
Згубілі шыпшынаў след.

І нельга з’явіцца з пушчы
Да ружы каханай яму,
Бо могуць схапіць гайдукі
І кінуць навекі ў турму.

Так і жыве ён у лесе
У шапцы чырвонай як кроў,
Кінжаламі і нажамі
Узброены да зубоў.

Стаіць ён як горды мсцівец,
На вёску з узлесся глядзіць.
Хай цяжка — затое вольны,
А вольнаму добра жыць.

А там, каля старай хаты,
З сівінкаю на лістаx
Сумуе хатняя ружа
У чыстых росах-слязах.

Аўтограф — у ЦДАМЛМ РБ, Ф. 42, воп. 1, адз. зах. 129, с. 16 [1955 г.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 328 — 330.

Яндекс.Метрика